Сонечны Ослік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сонечны Ослік
Сонечны Ослік
Нарадзіўся на свет Ослік. Ён быў колеру Сонейка. Напэўна, яно яго зрабіла са свайго сонечнага праменьчыка. Ослік ніколі не замярзаў. У яго заўсёды былі цёплыя вушы, нос, ножкі і хвосцік. Аднак, яму няма каму было дарыць сваё цяпло, таму што Ослік яшчэ ні з кім не пазнаёміўся. І тады ён вырашыў адправіцца ў вандраванне па белым свеце.      Доўга вандраваў Ослік, але нідзе нікога не сустрэў – ніводнай мушкі, жучка, матылька, страказы ці пчолкі. А азябшыя дрэвы і кусты, што раслі ля абочыны дарогі, па якой бег Ослік, не маглі паварушыць нават кончыкамі галінак.
     Найдужэйшая і цягавітая Рабіна суцяшала ўсіх астатніх:
     – Трэба яшчэ трохі патрываць. Хутка прыйдзе Вясна.
     – Небаракі! Вы змерзлі! – зразумеў Ослік і адразу ж падбег да дрэў, каб прыхінуцца да іх халодных ствалоў і падарыць ім часцінку свайго цяпла.
     Прайшло ўсяго некалькі хвілін, і дрэвы павесялелі. Яны ажылі!
     – Дзякуй табе, Сонечны Ослік! Ты адагрэў нас! – адталыя дрэвы бадзёра памахалі гнуткімі галінкамі. – А зараз бяжы далей! Хутка ты сустрэнеш маленькага Коніка. Нядаўна ён быў тут. Малыш такога ж рыжанькага колеру, як і ты. Дапамажы яму, ён вельмі змёрз!
     Не паспеў Ослік прабегчы нават палову кіламетра, як убачыў Коніка. Той стаяў каля дарогі і тросся ад холаду.
     – Ты сагрэеш мяне! – узрадаваўся Конік, калі Ослік прыхінуў да яго свае цёплыя мяккія вушы.
     Маленькі Конік вельмі хутка адагрэўся, тупнуў ножкай, махнуў пухнатым хвосцікам і радасна звонка заржаў. А сонечнаму Осліку стала вельмі прыемна, што ён дапамог рыжанькаму Коніку!
     "Нарэшце, я знайшоў сябра, ён такі падобны на мяне!" – падумаў Ослік.
     – Шкада, што тут больш нікога няма, – сказаў ён Коніку. – А то я мог бы яшчэ каго-небудзь сагрэць!
     – Ёсць, ёсць! За гэтым узгоркам стаіць хата. І жывуць у ёй мае добрыя знаёмыя бабуля Марына і дзядуля Сяргей. Я іх вельмі люблю! – Конік матнуў доўгім пухнатым хвосцікам. – Я ведаю, што ў іхняй хаце таксама вельмі холадна. Ледзяны вецер пранікае ўнутр скрозь шчыліны ў вокнах і дзвярах. А у старых няма грошай на дровы, каб добра напаліць печку.
     – Не хвалюйся, Конік. Я іх выратую ад холаду! – паабяцаў Ослік. – Я ж сонечны і таму вельмі цёплы! Бяжы за мной, даганяй! – Ослік матнуў галавой і ірвануўся наперад, а Конік пабег услед за ім.
     – Цяпер табе не холадна? – спытаў Ослік, калі яны спыніліся, каб трохі адпачыць.
     – Не! Мне зусім цёпла! – адказаў Конік.
     – Вось бачыш! Трэба рухацца, а яшчэ – рабіць штосьці патрэбнае табе і іншым. І тады ты ніколі не змерзнеш!
     – Дзякуй, Сонечны Ослік, што навучыў мяне сагравацца! – цешыўся рыжы Конік.
     Сябры пабеглі далей. Наперадзе бег Ослік, а за ім – Конік. Дзіўна! Неяк адразу над імі неба ачысцілася, і на ім з’явілася яркае вясновае Сонейка. Сваімі цёплымі прамянямі яно пачало саграваць усё навокал. Зямля аттавала, і з-пад старога лісця на белы свет выпаўзалі ажыўшыя пасля зімы жучкі, мушкі і мурашкі. Скрозь старую леташнюю траву стала прабівацца наверх маладая зялёная траўка.
     Бабуля Марына і дзед Сяргей выйшлі на ганак, зірнулі на чыстае неба і радасна абвясцілі:
     – Нарэшце, у небе з'явілася Сонейка. Значыць, прыйшла вясна, будзе цёпла!
     
     А сонечны Ослік шчодра рассыпаў па зямлі сонечныя іскры. Гэта былі першыя вельмі яркія і гарачыя вясновыя праменьчыкі ад маленькага вушастага пасланца Сонейка.
     
     p.s. Сонечны Ослік – падарунак вельмі добрых людзей – Марыны і Сяргея, якія пражываюць у Доме інвалідаў №1 горада Мінска.
     
      Гэтая казка на рускай мове
21.07.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100