Падарунак для Вавёрачкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Падарунак для Вавёрачкі
Падарунак для Вавёрачкі
     Прысвячаю сваёй сястры Валянціне ў дзень яе нараджэння.
     
У лесе на сонечнай палянцы стаяла драўляная хата. Яе пабудавалі лясныя звяры для сваіх малалетніх дзяцей. Над уваходнымі дзвярамі хаты хтосьці напісаў вялікімі літарамі: ЛЯСНЫ ДЗІЦЯЧЫ САД.      – А ці патрэбен у лесе зверанятам дзіцячы сад? – спытаеце вы.
     Я вам адкажу: – Патрэбен.
     Дарослыя лясныя жыхары гэтак жа, як і людзі, днём працуюць: здабываюць для сям'і ежу, будуюць і абнаўляюць сваё жыллё. А малянятам што рабіць? Сядзець і цэлы дзень чакаць бацькоў? Не, гэта не цікава. Вось і надумалі звяры аддаваць маленькіх дзяцей у дзіцячы сад, бо там ім будзе нашмат весялей. Ды і на шпацыры яны ўсе разам будуць хадзіць.
     На досвітку пазбіраліся ўсе дарослыя звяры з дзецьмі ў лясным дзіцячым садзе. Зайцы прывялі туды сваіх зайчанят, вожыкі – маленькіх важанят, вавёркі – гарэз ваверчанят, мышы – жвавых мышанят, мядзведзі – касалапых медзведзянят, ліскі – лісянят. Выхавальніцай у звяркоў пагадзілася стаць бабуля Зайчыха, таму што яна вельмі любіла маленькіх дзяцей. Сабрала Зайчыха ўсіх зверанят у вялікім пакоі, каб бліжэй пазнаёміцца, і кажа:
     – Дзеці! Давайце ў нашым садку будзем уладкоўваць дні нараджэння і дарыць імяніннікам падарункі. Вы згодны?
     – Так! – дружна адказалі звераняты.
     – Тады складзём спіс. У каго дзень нараджэння ўвесну?
     – У мяне, – прамовіла рыжая Вавёрачка.
     – У які вясновы дзень? – пацікавілася выхавальніца.
     – Дваццаць першага красавіка.
     – Добра. Гэтак і запішам у сшытак. А хто нарадзіўся ўлетку і ўвосень? – працягвала бабуля Зайчыха.
     Маляняты адказвалі. На лісце сшытка з'явіліся даты – дні нараджэння выхаванцаў ляснога дзіцячага садка. Аказалася, што ўсе маляняты, акрамя рыжай Вавёрачкі, нарадзіліся ўвосень: у верасні, кастрычніку і лістападзе.
     
     А ў лесе, тым часам, ужо настала залатая восень. І гэта было цудоўна! Цяпер амаль кожны дзень у лясным дзіцячым садку каго-небудзь віншавалі з днём нараджэння: то медзведзяня, то важаня, то зайчаня, то мышаня, то ваверчаня, то лісяня. І, вядома ж, усім імяніннікам дарылі смачныя падарункі: салодкія ягады, арэшкі, яблычкі, грушы, баравікі. Каму што падабаецца. Да пачатку зімы ўсіх павіншавалі, акрамя рыжай Вавёрачкі, якая нарадзілася ўвесну. Аднак усім вядома, што вясна прыходзіць пасля зімы.
     – Не журыся, рыжая Вавёрачка! – супакоіла яе выхавальніца. – Увесну мы цябе павіншуем і падорым самы смачны падарунак. Што ты жадаеш, каб табе падарылі, што больш за ўсё любіш?
     – Грыбы, – ціха адказала Вавёрачка і дадала, – белыя альбо падбярозавікі.
     – Добра. Мы адшукаем для цябе самы вялікі грыб! – хітра ўсміхнулася Зайчыха.
     Але дзе яна возьме такі грыб, Зайчыха не сказала. А мы добра ведаем, што ўвесну ў красавіку месяцы баравікі ў лесе не растуць. Іх можна адшукаць толькі ў канцы лета ці ўвосень.
     Свайго сакрэту Зайчыха не выдала. А яна ведала, што кажа, і не ашукала Вавёрачку...
     
     Усё так і адбылося. На дзень нараджэння рыжанькай Вавёрачкі, дваццаць першага красавіка, у выдатны цёплы вясновы дзень, пасярод сонечнай палянкі з самай раніцы красаваўся цудоўны грыб! Менавіта пра такі грыб і казала імянінніца.
     Грыб быў вельмі прыгожы, увесь ва ўзорах, з ярка чырвонымі сунічкамі на карычневым капелюшыку. Апрача таго падарунак вельмі смачна пахнуў! Вы здагадаліся? Так, так! Грыб быў зроблены з духмянага цеста. Гэта быў грыб-пернік! Яго спяклі ў лясной пякарні спецыяльна для рыжай Вавёрачкі.
     Імянінніца зусім не пакрыўдзілася, што грыб не сапраўдны. Яна нават узрадавалася. Хто ж не захоча ў свой дзень нараджэння атрымаць такі прыгожы і вельмі смачны салодкі падарунак!
     
      Гэтая казка на рускай мове
21.07.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100