Музычная Вясёлка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Музычная Вясёлка
Музычная Вясёлка
Гукі музыкі. Яны такія прыгожыя, такія пяшчотныя, прыносяць нам столькі радасці! Але адкуль прылятаюць гэтыя гукі? Хто дорыць нам цудоўныя мелодыі, якія зачароўваюць сэрца і душу?      Увесь свет вакол нас запоўнены гукамі. Яны лётаюць у паветры нібы птушкі. Вось ляціць маленькі яскравы камячок. Ён пакідае пасля сябе ярка чырвоны колер. Гэта гук До. Калі прыгледзецца, можна ўбачыць яго вясёлы тварык. До – чароўны хлопчык. Але ўбачыць яго зможа не кожны. Зразуметь майстэрства чараўніцтва здольны не ўсякі, а толькі той, хто сам крышачку чараўнік.
     Хлопчык До сябруе з дзяўчынкай Рэ. Яе галасок трошкі далікатней і танчэй, чым у До. Яна паненка і пакідае на небе далікатны памяранцавы след. У До і Рэ ёсць сябры. Усе яны таксама гукі. Дзяўчынкі – Фа, Мі, Ля і хлопчыкі – Соль і Сі. Якія ж цудоўныя ў іх галасы! Яны такія розныя па тэмбру!
     Калі гукі бяруцца за рукі, тады атрымліваецца Гама. Вось яна:
     До – Рэ – Мі – Фа – Соль – Ля – Сі.
     Вы зможаце праспяваць Гаму? Так! Цяпер вы чуеце? У кожнага гуку свой непаўторны голас! І ўсе яны цудоўныя!
     
     Аднойчы пачула Сонца, як спявалі гукі, што лёталі па небе, і асвятліла іх. Атрымалася музычная Вясёлка! Таму што:
     До чырвонага колеру,
     Рэ памяранцавага,
     Мі жоўтага,
     Фа зялёнага,
     Соль блакітнага,
     Ля сіняга,
     Сі фіялетавага.
     
     Азірнуліся гукі назад, убачылі, якія яркія яны пакінулі на небе сляды-дарожкі, здзівіліся іх прыгажосці і незвычайнасці.
     – Глядзіце, птушкі, глядзіце, дрэвы! Гэтую Вясёлку намалявалі мы! – цешыліся гукі.
     Цікаўныя птушачкі падляцелі да Вясёлкі, селі на яе яркія дарожкі і адразу ж пачулі мелодыю! Яна складалася з тых гукаў, на дарожкі якіх уселіся птушкі!
     – Якая выдатная атрымалася песня! – захапіліся птушкі і пачалі сваімі галаскамі паўтараць пачутае.
     
     А ў гэты ж час ішоў праз лес малады чалавек. Прытаміўся ён і сеў не пянёк адпачыць. Прыслухаўся. Птушкі спяваюць, Ветрык штосьці падпявае ім. Паглядзеў чалавек угару і ўбачыў, што па небе ляцяць чароўныя яркія каляровыя камячкі! Яны спявалі цудоўную мелодыю на розныя галасы! А іх доўгія іскрыстыя сляды былі такія падобныя на нябесную Вясёлку!
     Прыйшоў чалавек дахаты, але мелодыю чароўнай музычнай Вясёлкі не забыў. Яна яшчэ доўга гучала ў яго душы. Аднак, як захаваць гэтую музыку для іншых людзей, чалавек не ведаў.
     Шмат разоў хадзіў ён праз лес, чуў і бачыў дзіўны цуд – гукі, якія лёталі ў паветры і выконвалі выдатныя мелодыі. Але праходзіў час, і чалавек забываўся на гэтыя мелодыі. І вось аднойчы на кірмашы ў аднаго незнаёмца з далёкай краіны чалавек убачыў нотны сшытак і вырашыў купіць яго.
     – Ты зможаш запісаць у сшытак гукі музыкі, – сказаў незнаёмец. – Але тут ёсць адзін сакрэт. Зрабіць гэта табе зможа дапамагчы толькі чароўны музычны Ключ. А яго ў мяне, на жаль, няма. Можа ты сам дзе-небудзь адшукаеш такі Ключ?
     Пайшоў чалавек з нотным сшыткам у лес. Сеў на пянёк, паклаў сшытак на калены і слухае гукі музыкі, а як запісаць іх, не ведае. Цікаўныя птушкі падляцелі і глядзяць, дрэвы схілілі галіны над ім. Але ніхто не можа дапамагчы.
     – Мне патрэбен музычны Ключ! – сказаў чалавек. – Хто-небудзь ведае, дзе яго можна знайсці? Калі Ключ будзе ў мяне, я змагу запісаць музычныя гукі ў нотны сшытак і захаваць гэтую цудоўную музыку для іншых людзей.
     – Мы ведаем пра яго, мы яго бачылі! Такі залаты Ключ малюе Сонца кожных раз, калі на небе з'яўляецца Вясёлка з музычных гукаў! – зазвінелі наперабой усе птушкі.
     Самая адважная птушачка ўзяла аловак у сваю дзюбу і намалявала ў сшытку чалавека музычны Ключ у пачатку кожнага нотнага радка. Як толькі гэта адбылося, усе гукі музыкі, якія лёталі ў паветры, як магнітам прыцягнула ў чысты сшытак на нотныя лінейкі. Чалавек адразу ж убачыў іх, бо гукі сядзелі на лінейках і паміж імі. Чароўныя гукі пераліваліся на сонцы ўсімі колерамі Вясёлкі! Зараз чалавеку заставалася толькі абвесці іх сілуэты сваім алоўкам.
     – Вось і добра! – сказаў ён. – Зараз я не страчу і не забудуся на гэтую мелодыю. Яна будзе ў маім сшытку.
     І як толькі ён гэта сказаў, усе музычныя гукі – До, Рэ, Мі, Фа, Соль, Ля, Сі –пырхнулі нібы птушачкі, і паляцелі ў неба, каб ствараць ужо іншую мелодыю. А чалавек, радасны і задаволены такім поспехам, падзякаваўшы птушкам за дапамогу, пайшоў дахаты.
     
     Праз нейкі час ён спісаў увесь свой першы нотны сшытак, купіў іншыя сшыткі і таксама спісаў іх. Музыку з яго сшыткаў пачалі выконваць Музыкі. Яна ім падабалася. Людзі пыталіся ў яго:
     – Як гэта ў вас атрымоўваецца складаць такую выдатную музыку? Вы сапраўдны кампазітар!
     – Усё вельмі проста, – адказваў чалавек. – Я нічога не складаю. А проста запісваю ўсё тое, што дораць мне чароўныя музычныя гукі, якія лётаюць у нябёсах.
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.07.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100