Легендарны Танк ( казка-быль пра вайну для дзяцей) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Легендарны Танк ( казка-быль пра вайну для дзяцей)
Легендарны Танк ( казка-быль пра вайну для дзяцей)
Заўтра ж дзявятага траўня – Дзень Перамогі!" – прыгадаў легендарны Танк Т-34 часоў Вялікай Айчыннай вайны.      Ён стаяў на высокім пастаменце каля Цэнтральнага Дома афіцэраў у горадзе Мінску. На яго вежы свяцілася зорачка і нумар Л-145. У памяць пра мужных танкістаў, якія кіравалі баявой машынай у дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня 1944 года, хтосьці пад танкам напісаў такія словы:
     "Доблесным войнам 4-й гвардзейскай Мінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава II ступені танкавай брыгады 2-го гвардзейскага Тацынскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава II ступені танкавага корпуса, што ўступілі першымі ў Мінск 3 ліпеня 1944 г. пры вызваленні яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".
     Стары Танк добра памятаў той памятны летні дзень, калі ён уварваўся ў дашчэнту разбураны фашыстамі горад. Цяпер жа адбудаваны прыгожы і свабодны Мінск рыхтаваўся сустрэць з кветкамі і з песнямі галоўнае свята краіны. Бацькі з дзецьмі падыходзілі, уважліва разглядалі ваенны Танк, чыталі надпіс пад ім, фатаграфаваліся на памяць. Танку было прыемна бачыць шчаслівыя твары людзей. Яму падабаліся цудоўнае вясновае надвор'е, маладая зеляніна на дрэвах у Александраўскам скверы, звонкія галасы птушак, прыгожае ўбранне праспекта Незалежнасці. Вельмі хутка легендарны Танк пазнаёміцца і з юнымі героямі нашага аповеду...
     
     А яны не марнавалі дарэмна час. У такі сонечны цёплы вясновы дзень школьныя сябры, пяцікласнікі Янка і Арцём, вырашылі пакатацца на веласіпедах. Ім было зусім не страшна ехаць па горадзе, перапоўненаму аўтамабілямі, бо ўздоўж рэчышча ракі Свіслач, якая цячэ праз Мінск, даўно пракладзена зручная веладарожка. Сябры нават не здагадваліся, колькі ўсяго цікавага пабачыла на сваім жыццёвым шляху тая самая рака, побач з якой яны ехалі. І, вядома ж, хлапчукам было неўздагад, што гэтая рака нават штосьці памятае са свайго мінулага жыцця.
     А рака памятала. Так, так! І цяпер напярэдадні вялікага свята бабулька Свіслач згадвала жудасныя гады мінулай вайны...
     Вось толькі дзеці ні пра што дрэннае не думалі. Яны проста каталіся і весела разглядвалі тыя мясціны, міма якіх праязджалі. Са сваёй роднай Вяснянкі хлопчыкі даволі хутка дабраліся да Парка Перамогі. Палюбаваліся прыгожымі алеямі з рознакаляровымі цюльпанамі, расцвіўшымі дрэвамі, фантанамі і паехалі далей.
     Побач з музеем Вялікай Айчыннай вайны іх чакаў самалёт, стары ваенны.
     – Янка! Глядзі! Гэта самалёт часоў вайны, – крыкнуў Арцём. – Ведаеш, мне казала бабуля, што дрэвы ў Парку Перамогі пасадзілі адразу пасля вайны, а возера перад самай вайной выкапалі камсамольцы.
     – Напэўна, так і ёсць, – адклікнуўся Янка. – Цяпер дрэвы вунь якія выраслі, і птушкі спяваюць. Я з мамай тут нават салаўя чуў, калі ў музей хадзіў.
     – У музеі цікава? – спытаў Арцём.
     – Вельмі! Калі ты там не быў, абавязкова схадзі. Даведаешся, як ваявалі на франтах, і на фатаграфіі герояў паглядзіш. Гэта былі людзі! Я пасля шостага класа вырашыў паступаць у Сувораўскае вучылішча. Буду вайскоўцам, як маі дзядуля і бацька.
     – Выдатна! Я б таксама не супраць туды паступіць, – прамовіў Арцём.
     – Але дзеля гэтага трэба добра вучыцца і займацца спортам, каб быць здаровым, – паведаміў Янка.
     – Я буду старацца, – вырашыў сябар Янкі.
     Наступным вельмі важным аб'ектам на шляху ў дзяцей быў абеліск "Мінск – горад герой". Ён размясціўся на скрыжаванні праспекта Пераможцаў з праспектам Машэрава. Дзеці, вядома ж, добра ведалі гэты абеліск. Яны не аднойчы прыходзілі сюды паглядзець на салют у парку каля "Стэлы". Менавіта так усе мінчане называюць абеліск, які адкрылі ў 1985 годзе да саракагоддзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
     Сёння тут шматлюдна. Гараджане і госці сталіцы падымаюцца на рукатворны курган да 46-мятровай стэлы, наверсе якой красуецца медаль «Залатая Звязда» горада-героя Мінска.
     А веласіпедная дарожка пабегла далей уздоўж праспекта Пераможцаў і прывяла дзяцей да Палаца Спорту. Хлопчыкі зноў апынуліся ля гарадской ракі. Тут яна шырокая і прыгожая. Здавалася, такой Свіслач была заўсёды. Але, гэта не так. Калісьці людзі зрабілі вузенькую абмялелую рэчку шырокай. У сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя будаўнікі пракапалі доўгі канал і злучылі Свіслач з ракой Вілія. Добрая рака не пашкадавала роднай сястрыцы сваёй вадзіцы і папоўніла яе рэчышча. А Свіслач з радасцю і вялікай падзякай прыняла ад Віліі такую дапамогу.
     Неўзабаве веласіпедная дарожка прывяла Янку з Арцёмам да моста каля Траецкага Прадмесця. Гэты мост можна назваць вельмі старым па ўзросту. Цяпер ён прыгожы, жалезабетонны. Але калісьці даўно, яшчэ перад вайной, мост быў драўляным. На жаль, немцы замініравалі яго і падарвалі пры адступленні, а мінчанам прыйшлося аднаўляць. У гэтым месцы мост для горада быў вельмі патрэбным.
     І вось ужо хлопчыкі па веладарожцы праехалі пад першым мостам, які сустрэўся ў іх на шляху. Злева за ракой засталося Траецкае Прадмесце. На Траецкай гары размешчаны запаветны будынак той самай навучальнай установы, у якую хочуць паступаць Янка з Арцёмам.
     Дзеці паехалі далей уздоўж ракі. Затым веладарожка звярнула направа і прывяла іх у яшчэ адзін стары парк – парк імя Янкі Купалы. У гэтым парку на месцы згарэўшай падчас вайны хаты, дзе жыў вядомы паэт, дзеля захавання памяці аб вялікім беларускім суайчынніке пабудаваны музей.
     На набярэжнай ракі Свіслач расце шмат старых дрэў, пасаджаных пасля вайны. Мы не ведаем імёнаў тых людзей, хто ў першыя пасляваенныя гады пасадзіў столькі маленькіх дрэўцаў уздоўж берагоў ракі, і хто клапаціўся, каб выгадаваць іх. Гэтыя добрыя людзі стваралі прыгажосць і ўтульнасць ў горадзе Мінску для сваіх дзяцей і ўнукаў. Шчырае дзякуй ім за гэта! А яшчэ, кажуць, што ў той час у нашым горадзе стараліся высаджваць больш менавіта ліп, бо вызвалілі Мінск у ліпені месяцы.
     Падарожнічая па вясновым парку і ўдыхаючы пахі маладой лістоты, Янка з Арцёмам не маглі не заўважыць чаек, якія кружыліся над набярэжнай поруч вялікага жалезабетоннага моста, да якога прывяла дзяцей веладарожка.
     – Глядзі, Янка! Чайкі прыляцелі! – усміхнуўся Арцём. – Значыць, будзе цёпла.
     – Будзе! Я ўжо чуў "трашчотку" драздоў на дрэвах у маім двары, – пацвердзіў сябар.
     Па мосце, да якога пад'ехалі дзеці, праходзіць галоўная магістраль горада. Цяпер яе назва – праспект Незалежнасці. У 1898 годзе, калі мост яшчэ быў драўляным, па ім праклалі рэйкі першай коннай чыгункі. Гэта быў вельмі зручны гарадскі транспарт – конка, трамвай запрэжаны канямі. Пасля вайны разбураны немцамі нешырокі тады ўжо бетонны мост перабудавалі, зрабілі прыгожым трывалым і шырокім.
     Нарэшце хлопчыкі амаль дабраліся да патрэбнага аб'екта. Але спачатку яны патрапяць у яшчэ адзін вельмі стары парк. Ён быў адкрыты ў 1805 годзе губернатарам Мінска і называўся Гарадскім садам. Цяпер гэта –Цэнтральны Дзіцячы парк імя М. Горкага.
     – Зараз мы праедзем па набярэжнай уздоўж гэтага старадаўняга парка і павернем на вуліцу Карла Маркса, – паведаміў Янка.
     "Навошта ім туды паварочваць? Тады яны ўжо не змогуць працягнуць падарожжа па веладарожцы побач са мной?" – падумала рака Свіслач.
     – Паглядзім на Танк, добра? – прапанаваў Арцёму Янка.
     – Добра, – пагадзіўся той.
     Дзеці ўехалі ў парк Горкага.
     "Ах, вось навошта яны сюды імкнуліся", – зразумела бабулька-рака.
     Усю дарогу Свіслач сачыла за хлопчыкамі і слухала іх гутаркі. Яна нават не падазравала, што дзеці ведаюць гісторыю старадаўняга гарадскога парка. Сама ж рака, якая цякла праз увесь парк, даўным-даўно пасябравала з усімі дрэвамі, якія раслі ля самай вады: бярозамі і вербамі, клёнамі і ліпамі, хвоямі і елкамі.
     Некаторыя з дрэў людзі пасадзілі ў той час, калі стваралі парк, а іншыя – зусім нядаўна. За мноства гадоў сваёй вялікай гісторыі парк атрымаўся прыгожым і ўтульным. Месца для яго ў тыя даўнія часы было абрана добрае – у цэнтры горада ля ракі. Цяпер побач з паркам знаходзіцца цырк. Сучасны будынак мінскага цырка пабудавалі пасля вайны. Колькі дзяцей у ім пабывала за шмат гадоў на цікавых вясёлых прадстаўленнях!
     Янка з Арцёмам ехалі па веладарожцы побач з алеямі парку, дзе ў гэтую нядзелю было шмат дзяцей і дарослых. "Зараз у парку можна добра адпачыць. Вунь колькі цікавых атракцыёнаў! – разважала рака. – А раней, у вайну, тут было пуста і няўтульна".
     – Арцём! Паварочвай за мной на горку! – скамандаваў Янка.
     Дзеці звярнулі на вуліцу Карла Маркса і сталі ўзбірацца па прыступках наверх да Цэнтральнага Дома афіцэраў і Аляксандраўскага сквера. А рака пацякла далей праз горад. Яна страціла дапытлівых хлопчыкаў, затое набыла непасед-дзяўчынак. Яны на веласіпедах ехалі тут жа, побач, уздоўж берага гарадской ракі. Куды прыбяжыць старая Свіслач? Вядома ж, да такога ж старога, але вельмі прыгожага Лошыцкага парка. Там яна сустрэнецца са сваёй сяброўкай, ракой Лоша.
     Вось як пашанцавала мінскай рацэ. Яна цячэ па такіх маляўнічых месцах! І ў яе мноства сяброў на абодвух берагах. Гэта бярозы, таполі і ліпы, ясені і клёны, вербы, хвоі, елі і нават яблыні, вішні, чаромха. Усе дрэвы з радасцю сустракаюць раку, бо яна сілкуе іх карані вадой.
     А ў Янкі з Арцёмам іншыя планы. Яны жадалі бліжэй пазнаёміцца з легендарным Танкам, які стаяў каля Дома афіцэраў на высокім пастаменце.
     – Як ты думаеш, гэты стары Танк чуе нас, ён разумее ўсё тое, што адбываецца вакол яго? – спытаў Янка ў сябра, калі яны спыніліся поруч з велікасным манументам.
     – Я думаю, што чуе і разумее, – не вельмі рашуча адказаў Арцём.
     – Ён чуе і разумее! – бойка паўтарыў Янка.
     Хлопчыкі падышлі да Танка і прыціснулі свае далонькі да яго металічнага боку. А той жыва схамянуўся, адчуўшы людскае дакрананне. Ён адчуў чалавечае цяпло і адразу ўспомніў сваіх байцоў-танкістаў, нягледзячы на тое, што пасля вайны прайшло столькі гадоў!!! Як жа можна забыцца на сваіх баявых сяброў! Ніколі, ніколі Танк не забудзе тых, з кім ваяваў, хто давяраў яму сваё жыццё. Стары Танк не падвёў, ён збярог іх жыцці, увайшоў у Мінск першым і павёў за сабой усю танкавую брыгаду.
     – Наш Танк – герой! – працягваў Янка. – Паглядзі, Арцём, як ганарліва ён глядзіць на нас, колькі сілы і адвагі ва ўсім яго абліччы! Я ганаруся, што ён у нас ёсць, што ён стаіць тут і будзе вечна стаяць, як сімвал непераможнасці нашага народа!
     – Чуеш, герой! – гучна крыкнуў Янка, хоць легендарны Танк і так выдатна чуў і разумеў усё тое, што казаў хлопчык. – Мы з сябрам хочам паступаць у Сувораўскае вучылішча і абавязкова туды паступім! Мы станем вайскоўцамі, такімі ж абаронцамі сваёй краіны, якім быў ты! Танк, ты адобрываеш наша рашэнне?
     "Адобрываю!" – бліснуў “вачыма” Танк.
     Ён так ясна ўявіў сабе гэтых дзяцей сталымі моцнымі і адважнымі – сапраўднымі афіцэрамі! Колькі такіх адважных і разумных хлопчыкаў і дзяўчынак падыходзіла да яго сюды за мноства гадоў!
     "Заўтра вялікае свята – Дзень Перамогі! – думаў легендарны Танк. – Я рады, што хлопчыкі памятаюць і ганарацца подзвігамі свайго народа, ведаюць гісторыю роднага горада. І я буду вельмі рады, калі гэтыя дзеці стануць ваеннымі, дастойнымі прадаўжальнікамі гераічных спраў сваіх прадзядаў і бацькоў!"
     Увечары хлопчыкі вярталіся дамоў па той же самай веладарожцы. Яны з задавальненнем глядзелі на яркі квітнеючы горад Мінск, на яго прыгожых і жыццярадасных жыхароў. Янка з Арцёмам нават не чакалі, што столькі розных хвалюючых думак навее ім іх падарожжа. Дзеці зразумелі – трэба адказней адносіцца да гісторыі сваёй Радзімы, шанаваць памяць аб героях мінулай вайны, рабіць усё магчымае, каб зберагчы мірнае жыццё роднай Беларусі, захаваць усё тое багацце, што стварылі на спапялёным ворагам месцы тысячы і тысячы блаславёных людскіх сэрцаў і рук.
     
      Гэтая казка-быль на рускай мове
22.06.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100