Бяздомнае кацяня - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бяздомнае кацяня
Бяздомнае кацяня
У падвале шматпавярховага дома жыла кошка з маленькім кацянём. У яе не было гаспадара. Кошцы прыходзілася самой здабываць ежу для сябе і свайго сыночка. Калі-нікалі ёй удавалася злавіць мыш. Часам жыхары дома прыносілі ежу і клалі яе каля падвальнага акна. А бывала, што кошка з сыночкам засыналі зусім галоднымі.      – Мама! – мяўкаў па вечарах Коцік. – Раскажы мне казку.
     Маленькі сынок прыціскаў сваю беленькую спінку да матулінага цёплага жывоціка і ласкава глядзеў ёй у вочы.
     – Казку? – варкатала мама Кошка. – Пра каго табе расказаць?
     – Пра катоў Чарадзеяў і маленькую Прынцэсу, – прасіў малыш.
     – Добра, – адказвала Кошка і пачынала свой аповед. – У адным старадаўнім замку жыла маленькая Прынцэса. Яе бацькі, кароль з каралевай, не дазвалялі ёй выходзіць за вароты. Прынцэса глядзела праз іх, бачыла ўдалечыні лес, птушак і кветкі. Ёй вельмі хацелася хоць разок пабегчы туды і пагуляць па лесе. Дзяўчынка марыла паслухаць, як спяваюць птушачкі, сабраць букецік з духмяных лясных кветачак.
     Аднойчы Прынцэса не ўтрымалася і ўцякла. Быў вечар і з-за цемры вартаўнік, які стаяў на пасту каля варот, не заўважыў, як маленькая дзяўчынка прашмыгнула міма яго. Але што рабіць у лесе познім вечарам? У гэты час там цёмна і страшна! І невядома, хто можа раптам выйсці з-за кустоў і спалохаць чалавека.
     Спачатку Прынцэса нічога не баялася. Яна прыйшла ў гэты лес першы раз у жыцці і не ведала, хто ці што можа тут яе напалохаць. Дзяўчынцы ўсё было вельмі цікава! Яна мацала пальчыкамі пялёсткі кветак, галінкі дрэў і напявала сваю любімую песеньку.
     Але раптам з-за куста выскачыла вялізная птушка. Яна запляскала крыламі і гучна закрычала, спрабуючы сваімі кіпцюрамі схапіць Прынцэсу за сукенку! Гэта была няпростая птушка, а птушка-Ведзьма. Яна лятала па начах і пужала ўсіх, каго сустракала на сваім шляху. Заўважыўшы страшэнную пачвару, Прынцэса кінулася наўцёкі. А Ведзьма – за ёй.
     Вось бяжыць дзяўчынка і бачыць, што на двух пяньках па абодва бакі ад сцежкі сядзяць два вялікія чорныя каты. Вочы ў іх зялёныя і свецяцца яркім святлом, нібы пражэктары. Паглядзелі каты на птушку-Ведзьму, і тая застыла, быццам нежывой зрабілася. Паглядзелі яны на вялікую кветку, якая расла паблізу ад сцежкі, і кветка тут жа разгарнула свае велізарныя пялёсткі.
     – Прынцэса, хавайся ў кветцы! – загадалі каты.
     А трэба сказаць, што гэта былі не простыя каты, а каты Чарадзеі. На іх галовах зіхацелі кароны добрых чараўнікоў. Каты ўмелі вядзьмарыць. Аднак іх вядзьмарства было добрае, таму што яны ратавалі ўсіх, хто трапляў у бяду.
     Як толькі Прынцэса ступіла ў сярэдзіну чароўнай кветкі, яна тут жа падняла свае бліскучыя пялёсткі ўгару і атуліла дзяўчынку ад злой птушкі Ведзьмы. Раніцай, калі развіднела, каты Чарадзеі зноў асвятлілі чароўным святлом пялёсткі велізарнай кветкі. Яны разгарнуліся, выпусціўшы Прынцэсу на волю.
     – Дзякуй вам, добрыя каты Чарадзеі! Вы выратавалі мяне ад смерці! – крыкнула дзяўчынка і пабегла па сцежцы назад. Толькі каты Чарадзеі не адпусцілі яе адну, а праводзілі да самых варот замка.
     Дома ўсхваляваныя Кароль з Каралевай сустрэлі дачку. Яна расказала ім пра свае прыгоды ў лесе і папрасіла прабачэння за тое, што без дазволу пайшла за вароты замка. Маленькая Прынцэса паведала бацькам пра добрых чараўнікоў, катоў Чарадзеяў, якія выратавалі яе ад злой птушкі Ведзьмы.
     Кароль з Каралевай вырашылі аддзячыць іх. Яны паклікалі катоў да сябе і паабяцалі сытна карміць усякай смачнай ежай усё жыццё. З тых часоў усе каты сталі жыць побач з людзьмі.
     Мама Кошка закончыла свой аповед. Яе маленькі сынок слухаў казку і ціхенька заснуў, варкочучы ў сне. Яму няма чаго было баяцца, побач з ім спала яго мама. А раніцай, прачнуўшыся, Коцік успомніў матуліну казку і падумаў: "Я таксама хачу пайсці пагуляць. Цікава, што знаходзіцца вунь там, на тым боку дарогі?"
     Коцік ціхенька вылез праз акно з падвала наверх у двор і пайшоў да дарогі. А там столькі машын і людзей! Усе ідуць, бягуць, едуць! Усюды такі шум і гам! Малы паглядзеў у адзін бок вуліцы, потым у другі і разгубіўся. Ён заблытаўся, закруціўся паміж людзьмі і зусім страціўся, забыўшыся дарогу да свайго дома. Спалохаўшыся, Коцік пабег наперад праз дарогу і ледзь не патрапіў пад колы машыны. Але яму пашанцавала. Вадзіцель хутка прытармазіў, заўважыўшы маленькага Коціка.
     На другім боку вуліцы малы ўбачыў невялікую хату. І адразу ж вырашыў, што гэта яго дом. Дурненькі, ён падбег да невялікай аднапавярховай хаты і праціснулася праз вароты ў двор. Там маленькі Коцік хацеў адшукаць сваё падвальнае акно, але ніяк не знаходзіў яго. Разгубіўшыся, Коцік не заўважыў, што ў двары сядзіць велізарны сабака! Убачыўшы малое кацяня, сабака гучна забрахаў. І тады небарака, не памятаючы сябе ад страху, ірвануўся наперад да вялікай "кветкі", якая "расла" пасярод двара. Коцік заскочыў у сярэдзінку "кветкі" і згарнуўся клубком. Вядома, малы не ведаў, што гэта была зусім не кветка, а вялікі кошык. Ён стаяў на стале каля ганка.
     Сабака падбег да стала, устаў на заднія лапы і пачаў "гучна разглядаць" маленькі белы пухнаты камячок на дне кошыка. Пачуўшы брэх сабакі, на ганак выйшаў стары чалавек, гаспадар хаты. Ён паглядзеў у кошык і ўбачыў спалоханага Коціка.
     – Як жа тут з'явілася гэта маленькае кацяня? Машанька будзе рада такому падарунку! – стары ўзяў Коціка ў рукі і панёс у хату.
     У пакоі ля стала сядзела дзяўчынка гадоў сямі і штосьці малявала на вялікім лісце паперы.
     – Маша! Паглядзі, каго я табе прынёс! – сказаў дзядуля. – Як ты яго назавеш?
     Дзяўчынка ўбачыла Коціка, і яе вочы заблішчэлі ад радасці. Потым яна зазірнула ў ласкавыя зялёныя вочкі кацяняці і сказала:
     – Я назаву цябе Дружок!
     
     Вось так Дружок і застаўся жыць у новай хаце. Цяпер у яго з'явілася гаспадыня – дзяўчынка Маша. Вядома, мама Кошка доўга шукала свайго сыночка і хвалявалася. А калі даведалася, што яго забралі ў хату, тады супакоілася. Вельмі добра, што яе кацяня засталося жыць у сям'і, дзе яго палюбілі, заўсёды накормяць і ніколі не пакрыўдзяць.
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.06.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100