Дзедаў амулет - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзедаў  амулет
Дзедаў амулет
У канцы зімы ў хаце, дзе жылі дзеці, Кастусь з Насцяй, нарадзіліся кацяняты – тры маленькія бездапаможныя камячкі. Мама кошка карміла іх сваім малачком. Маляняты хутка раслі. Неўзабаве яны ўжо бегалі па двары і пішчалі, калі выпадкова натыкаліся на штосьці незнаёмае. Дзядуля дзяцей, Валянцін Цярэнцьявіч, даглядаў кацянят, пакуль дзеці былі ў школе. Ён купляў смачны тваражок і частаваў кацянят.      А калі вясной у двары растаў снег, кацяняты ўжо маглі гуляць на зялёнай траўцы. Яны задзіралі ўгару чорныя носікі і глядзелі на высокую ліпу. Там гучна на сваёй птушынай мове размаўлялі шпакі. Нядаўна птушкі вярнуліся з поўдня і абжывалі старэнькую шпакоўню, дзе збіраліся выгадаваць маленькіх шпачанят. Ні кошка, ні кацяняты не заміналі шпакам. Кожны жыхар гэтага двара займаўся сваёй справай, і ніхто нікога не крыўдзіў. Ды і кошка ніколі не стала б палохаць знаёмых птушак, якія заўсёды сяліліся на высокай ліпе.
     Але здарылася непрадбачанае. Неяк у іх двор заляцела Варона, вялікая шэрая і неразумная. Хоць, кажуць, што вароны – разумныя птушкі. Аднак у нашым жыцці бываюць выключэнні з правілаў.
     Дык вось, гэтая Варона жыла ў лесе і не адрознівалася добрым характарам. Яе не любілі лясныя птушкі за дрэнныя паводзіны. Шкодная Варона не жадала змяняцца і станавіцца дабрэйшай. Птушка не сарамацілася што-небудзь дзе-небудзь украсці. Апрача таго яна ўмела хлусіць!
     – Яе трэба прагнаць з лесу! – казалі птушкі. – Яна можа навучыць нашых маленькіх дзяцей красці і падманваць. Калі Варона яшчэ што-небудзь выкрадзе, мы так і зробім, прагонім зладзюжку! Яна не слухае нас, нягледзячы на тое, што мы шмат разоў саромілі яе.
     Даведаўшыся, што думаюць аб ёй птушкі, Варона спалохалася і перастала красці ў сваім лесе. Затое, шкодніца панадзілася ў вёску, дзе жылі дзеці з дзядулем, кошкай і кацянятамі. Аднаго разу яна заляцела на іх двор і наелася з місачкі смачнага тварагу, які дзядуля прыгатаваў для маленькіх кацянят. Нават рэшткі ежы прагная птушка заштурхнула ў сваю дзюбу, збіраючыся дзе-небудзь прыхаваць!
     – Ах ты, зладзюжка! – гучна крыкнуў дзядуля, заўважыўшы махлярства Вароны. – Як табе не сорамна красці ежу ў кацянят! Зараз жа выбірайся з нашага двара!
     Варона, падкурчыўшы хвост, паляцела. Але паслухаўшы, як яе лае дзед на ўсю акругу, злючка вырашыла адпомсціць яму за грозныя і крыўдныя словы. Калі стары прылёг перадыхнуць, шкодная птушка пракралася ў двор і сцягнула з адчыненага акна старадаўні дзедаў амулет! Гэты кулон у выглядзе сэрцайка дзед насіў на грудзях. Амулет засцерагаў яго, ратаваў ад хвароб.
     Тым часам у двары на дрэве сядзеў Шпак, а яго жонка, Шпачыха, выседжвала шпачанят. Шпак, заўважыўшы ў дзюбе зладзейкі дзедаў амулет, панёсся ўслед за ёй. А тая схавалася ў лесе, даляцела да крацінай нары і ўгаварыла старога Крата схаваць скарб.
     – Яго мне падарыла лясная Фея за добрыя справы, – зманіла Варона. – Але я баюся, што хто-небудзь выкрадзе яго з майго гнязда.
     Даверлівы Крот паверыў Вароне, таму што заўсёды жыў пад зямлёй і нічога не ведаў пра дрэнныя ўчынкі падманшчыцы і зладзейкі.
     А ў двары ўжо даведаліся пра згубу. Дзед сам доўга шукаў свой амулет, затым яго ўнукі абшукалі ўсю хату, аднак нічога не знайшлі. І толькі Шпак ведаў, куды знік дзедаў амулет. Ён змог распавесці пра гэта кошцы, якая даўно навучылася разумець яго мову. Кошка ж паведаміла пра ўсё дзеду сваім разумным і толькі яму зразумелым варкатаннем.
     – Дзядуля, не хвалюйся! Мы адшукаем твой амулет. Шпак пакажа нам дарогу да крацінай нары, – паабяцалі Кастусь з Насцяй і пабеглі ў лес следам за Шпаком.
     Але злая і хітрая Варона ўжо чакала іх на ўзлеску. Яна не пусціла Шпака ў лес, адчайна махаючы крыламі. Гэтая велізарная птушка накідвалася на маленькага Шпака, спрабуючы ўкусіць і падрапаць яго доўгай дзюбай.
     Вось толькі наш свет не без дабрыні. І яе больш, чым злосці! Добры лясны Гномік, заўважыўшы "бітву" Вароны, пра ўсё здагадаўся і тут жа прыйшоў на дапамогу Шпаку і дзецям. Яго ўжо не змагла прагнаць злая Варона, бо ў Гноміка была Чароўная Палачка Добрых Учынкаў! Гномік прывёў дзяцей да крацінай нары. Варона спрабавала і тут перашкодзіць ім. Яна паляцела наперад і засыпала ўваход у нару леташнім лісцем так, каб яго цяжка было адшукаць. Андак Гномік хутка расчысціў уваход і паклікаў Крата. А калі дзеці яму пра ўсё расказалі, Крот адразу ж усё зразумеў і паверыў дзецям. Варону ж ён вельмі моцна пасароміў за хлусню і крадзеж.
     Неўзабаве каля крацінай нары пазбіраліся лясныя птушкі, зайцы, вавёркі і вожыкі. Яны моцна раззлаваліся на Варону!
     – Варона! Ты не паслухала нас і зноў узялася за сваё! – саромілі зладзейку жыхары лесу. – Прыйдзецца цябе выганяць з нашага лесу. Пакуль не перастанеш хлусіць і красці, не станеш добрай і сумленнай, нават не спрабуй вярнуцца ў лес. У нас няма месца лгунам і ліхадзеям!
     Злая Варона нічога не змагла сказаць у сваё апраўданне, толькі гучна каркнула штосьці невыразнае і паляцела прэч ад усіх...
     Не, не знойдзе яна месца на свеце, дзе б яе палюбілі, калі будзе такая, як цяпер. Злосць, шкоднасць, крадзеж і зман ніколі нікому на Зямлі не падабаліся і не прыносілі карысці. Аднак мы будзем спадзявацца, што Варона больш не будзе красці і хлусіць, што яна, нарэшце, зразумее – на свеце лепш рабіць добрыя справы.
     
     А дзеці шчасліва дабраліся да сваёй хаты і вярнулі дзеду яго амулет. Хай ён і надалей засцерагае старога ад хвароб і няўдач. Як цудоўна, што ў яго дружнай сям'і назаўжды пасяліліся дабрыня, сумленнасць, узаемадапамога, любоў і шчасце!
     
      Гэтая казка на рускай мове
6.06.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100