Навагодняя Ёлка з майго дзяцінства - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Навагодняя Ёлка з майго дзяцінства
Навагодняя Ёлка з майго дзяцінства
Мая мама нарадзілася ў беларускай вёсцы ў дваццатых гадах дваццатага стагоддзя. Гэта былі першыя гады савецкай улады. Сяляне верылі ў Бога, выконвалі пасты, маліліся і хадзілі ў царкву. Мама ўспамінала, якім строгім быў пост перад Калядамі. У той час навагоднія падарункі дзецям не дарылі і елак не ўпрыгожвалі. Затое перад Калядамі ўсе гаспадыні гатавалі мноства смачных пачастункаў: каўбасы, тушанае мяса, сыр, масла, бліны са скваркамі, пеўнікі са смаленага цукру на палачцы. Для маёй мамы, як і для ўсіх вясковых дзяцей, пачыналася цудоўнае свята. Але аб'ядацца ў гэтыя дні не належыла. Таму што ўсе ведалі – пасля доўгага паста багатая трапеза можа пашкодзіць здароўю.      А калі мама нарадзіла сваіх дзяцей пасля вайны ў горадзе Мінску, гэта быў ужо зусім іншы час. У нашай краіне тады не належыла святкаваць Каляды, і мы, дзеці, пра гэтае свята нават не здагадваліся. Затое Новы год, той, што перад праваслаўнымі Калядамі, адзначалі гэтак жа, як і цяпер. Для мяне, як і для ўсіх дзяцей нашага двара на вуліцы з драўлянымі даваеннымі пабудовамі, навагодняе свята ўспрымалася як самы цудоўны і доўгачаканы час у годзе.
     Горад Мінск тады яшчэ не акрыяў ад разрухі страшных ваенных гадоў. Але дзеці не зусім разумелі гэта. Мы не бачылі вайны і не ведалі, якая яна была. Тэлевізараў у той час яшчэ ў нашых хатах не было. А вось радыё дарыла нам цудоўныя радыёперадачы: казкі, песні, аповеды ў выкананні выдатных артыстаў беларускіх тэатраў. Хоць песні мы чулі пераважна тыя, якія гучалі падчас вайны, мама нам, малышам, не распавядала пра вайну. Аб ёй мы пазналі пазней, калі падраслі.
     Дзеці нашага двара жылі сваімі дзіцячымі інтарэсамі: гульнямі, казкамі, зносінамі з прыродай, бо ў нас быў такі зялёны двор! Усе мы жылі тымі шчаслівымі імгненнямі, якія даваў нам лёс. Нікому не зайздросцілі, бо не ведалі, што дзесьці хтосьці жыве лепш за нас.
     Я ўспамінаю халодныя цёмныя зімовыя вечары, напаленую печку у кутку пакоя, беласнежныя, іскрыстыя ад сонца, высокія (вышэй за мяне) гурбы снегу ўздоўж вычышчаных дарожак у двары, карычневыя аканіцы, якімі мама кожны дзень зачыняла на ноч вокны, размаляваныя ледзянымі ўзорамі. Матуля распавядала нам, сваім малым дзецям, пра тое, што заўжды трэба быць асцярожнымі. Яна баялася за нас, не дазваляла выходзіць з двара на вуліцу. Толькі часам мы з братам хадзілі ў краму за малаком ці за хлебам, дужа ўзяўшыся за рукі.
     У той час у горадзе яшчэ можна было сустрэць бандытаў і ліхіх людзей. Але ў нашым двары ўсе суседзі дзвюх драўляных хат жылі вельмі дружна, дапамагалі адзін аднаму. Цяжкасці аб'ядноўвалі людзей.
     Перад Новым годам мой бацька прыносіў у кватэру (пакой, дзе мы жылі ўпяцёх – я, мая сястра і брат, мама і тата) пухнатую Ёлку. І адразу ж у нашых дзіцячых сэрцах загараўся вясёлы агеньчык чакання цудоўнага свята. Ёлка пахла лесам. Гэты яловы пах, быццам навагодні дух, суправаджаў нас усе перадсвяточныя і святочныя дні.
     Вядома ж, Ёлка займала самае ганаровае месца – у цэнтры нашага пакоя. І пачыналася яе ўпрыгожванне. Мама даставала скрынку з цацкамі. Усе яны былі вельмі далікатнымі. Нам, маленькім дзецям, практычна не дазвалялася да іх дакранацца. Таму што кожная пабітая цацка для нашай небагатай сям'і была сапраўднай трагедыяй. Усе цацкі былі загорнутыя ў кавалачкі старых газет. Мама, вызваліўшы іх ад гэтай ахоўнай абгорткі, вешала цацкі за нітачку на галінкі Ёлкі. Угары ўсаджваліся самыя прыгожыя шкляныя шары і каралі, а ніжэй – фігуркі звяркоў, клоун, цацачныя дзед мароз і снягурка, ліхтарыкі, самавар і церамок, таксама зробленыя з далікатнага шкла. Пад Ёлкай уладкоўваўся вялікі гіпсавы Дзед Мароз, і на ўсё дрэўца накідваўся бліскучы рознакаляровы дожджык. Вось толькі я забылася пра самае галоўнае – шакаладныя цукеркі, фігурнае пячэнне і мандарынкі.
     Да Новагодняга свята мама купляла дарагія цукеркі, якія нам, дзецям у звычайныя дні былі не даступныя. Адзін раз ў месяцы пасля сваёй палучкі мама магла купіць нам толькі лядзяшы ці карамелькі. А тут такія цукеркі – "Чырвоная шапачка", "Мішка касалапы". "Кара-Кум" і іншыя. Як смачна яны пахлі! Падысці да Ёлкі і адчуць водар шакаладнай цукеркі ў бліскучай абгордцы, якая звісала з галінкі, для мяне было сапраўднай асалодай. Кожны дзень, засынаючы побач з пахкай прыгажуняй, мы з брацікам глядзелі на яе і жылі адчуваннем хуткага цудоўнага свята. Нават калі наставаў Новы год, зняць цукерку з Ёлкі мы маглі толькі з мамінага дазволу. Як хацелася нам заслужыць гэта права, як імкнуліся мы быць добрымі паслухмянымі дзецьмі!
     У вялікай зале ў цэнтры горада ўладкоўвалі навагодняе свята для ўсіх дзяцей. Але ўваход туды быў па запрашальных квітках, дастаць якія было няпроста. Аднойчы майму бацьку на працы далі запрашальны квіток. І мы з братам яшчэ ў дашкольным узросце патрапілі на такое свята. З хваляваннем рыхтаваліся да яго, завучваючы на памяць вершы. Памятаю высокую Ёлку ў зале, шмат дарослых і дзяцей, Дзядулю Мароза з доўгай белай барадой, які раздаваў дзецям падарункі.
     Галоўнае свята, самае лепшае навагодняе шчасце майго дзяцінства рабіла тая самая Ёлка, якая кожны год зімою ўпрыгожвала наші хатні пакой. Вялікі дзякуй дарагім бацькам за тыя выдатныя хвалюючыя навагоднія адчуванні, якія заўсёды ажываюць у маім сэрцы пры набліжэнні Новага года.
     Шмат шкляных ёлачных цацак з таго часу, вядома ж, разбілася. Але сёе-тое з іх яшчэ засталося: некалькі каляровых шароў з намаляванымі на іх звяркамі, ліхтарык, клоун, вавёрачка, сабачка, самавар. Нават цяпер у старэнькай скрынцы ляжаць гэтыя цацкі, загорнутыя ў абрыўкі старых пажоўклых газет. Адзін раз у год я разгортваю іх, гляджу на маміны ёлачныя ўпрыгожванні і ўспамінаю ўсё тое добрае, што падарыла мне маё дзяцінства. Кожны год я купляю адно ці некалькі новых упрыгожванняў. Іх сабралася ў мяне ўжо дастаткова, каб добра ўпрыгожыць некалькі навагодніх Ёлак. Сёлета я ўпрыгожыла дзве маленькія штучныя ялінкі і кожны дзень любуюся на іх. Вельмі шкада, што стары вялікі гіпсавы Дзед Мароз не дажыў да гэтага часу. Ён разбіўся. Але яму на змену я купіла новага невялікага Деда Мароза. А Снягурку ў краме не знайшла. Замест яе ў мяне – дзяўчына ў святочнай сукеначцы і з каронай на галоўцы.
     Нядаўна па радыё пачула, як віншавалі дзетак з дзіцячага дома. Дзяўчынка гадоў пяці сказала, што лепш было б, калі б ёй падарылі не цукеркі, а падарунак. І тады я падумала, што ў наш час маленькіх дзяцей ужо не здзівіш салодкімі бліскучымі пачастункамі. Яны нагледзеліся на іх. І сапраўды дзіцяці хочацца атрымаць тое, што ён не атрымліваў у паўсядзённым жыцці. Ці лічыць гэта спешчанасцю? Напэўна, не. Дзіця марыць аб падарунку дзіўным, чароўным. І бацькам усё складаней адпавядаць густам і жаданням сучасных малянят. Вось толькі, калі б можна было ўсё ператварыць у казку, я б прыбрала навагоднюю Ёлку чароўнымі смачнасцямі ў такіх абгортках: цукеркі "Дабрыня", "Радасць", "Шчасце", "Матулін пацалунак", "Татава ўсмешка", "Бабуліна казка" і гэтак далей. І дзіця ўзяло б сабе тую цукерку, якая вельмі патрэбна яго чулай дзіцячай душы менавіта ў гэты момант жыцця.
     
      Гэты аповед на рускай мове
7.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100