Цеплалюбівая Калібры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Цеплалюбівая Калібры
Цеплалюбівая Калібры
Колька ўжо два тыдні гасцяваў разам з татам у маленькім мястэчку на беразе Чорнага мора. Стаяла гарачае лета. Цэлымі днямі ўсе адпачывальнікі загаралі на пляжы, купаліся і атрымлівалі асалоду ад добрага надвор'я. Увечары Колькін тата глядзеў тэлевізар ці чытаў кнігу. А Кольку хацелася яшчэ трошкі пагуляць, падыхаць цёплым летнім паветрам. Для гэтага хлопчыку не трэба было ісці кудысьці далёка. Побач з двухпавярховай хатай, у якой ён жыў цяпер, рос вялікі фруктовы сад. Акрамя высокіх дрэў у ім было шмат незвычайна яркіх кветак, а яшчэ паўсюль лёталі стракозы, пчолы і чмялі. Калі надыходзіў вечар, каля плота пачыналі гучна цвыркаць цыкады, а па паветры шныраць яркія жучкі-светлячкі.      Цяпер жа ўдалечыні за плотам саду Колька заўважыў сыходзячае за гарызонт паўднёвае сонца. Яно ласкава гладзіла бераг мора і ўсё мястэчка цёплымі малінавымі прамянямі. Хлопчык хадзіў па садзе і з цікаўнасцю разглядаў суседскі двор. Там, каля ганка белай аднапавярховай хаты, сядзеў сівавалосы чалавек з доўгай белай барадой. На носе ў яго зіхацелі акуляры – дзядуля штосьці чытаў. На сцяне хаты вісела клетка з папугаем, а з сабачай будкі тырчала галава велізарнага бульдога. Сабака нерухома ляжаў з заплюшчанымі вачыма, на яго падаў цень ад дрэў. Хлопчыку хацелася паглядзець, што так уважліва вывучае гэты дзядуля. І хоць Колька зусім не баяўся спячага сабакі, але проста так зайсці на чужы двор хлопчык усё-такі не вырашаўся.
     – Ідзі сюды, не бойся! – гучна сказаў стары, нават не зірнуўшы на Кольку. – Я пакажу табе штосьці цікавае.
     Хлопчык не ссунуўся з месца. Ён не зразумеў, што дзядуля звяртаўся менавіта да яго.
     Але тут загаварыў Папугай:
     – Ідзі, не бойся! – гучна і выразна пралапатала птушка.
     – Мне ісці? – перапытаў хлопчык.
     – Табе, табе! – усміхнуўся дзед, гледзячы на Кольку паверх акуляраў.
     Праз імгненне хлопчык ужо стаяў пасярод незнаёмага двара. Аднекуль зверху звісалі гронкі вінаграда і гірлянды з руж. Водар ад кветак разліваўся па садзе. Колька падышоў да дзядулі і зазірнуў у яго кнігу. Гэта быў глянцавы альбом з каляровымі фатаграфіямі.
     – Ты ведаеш, што гэта за птушка? – спытаў стары, тыкнуўшы пальцам на фота прыгожай птушачкі з доўгай дзюбай і пераліўчатым ізумрудным апярэннем.
     – Не.
     – Гэта Калібры. Яна жыве ў трапічных лясах Амерыкі. У нашых лясах калібры няма. Але я магу ажывіць гэтую птушку з альбома.
     – Ажывіць? – не паверыў Колька.
     – Ты не дзівіся, бо я трошкі чараўнік. І калі чагосьці вельмі захачу, то абавязкова зраблю. І маё чараўніцтва не прычыняе нікому шкоды.
     – І яна паляціць?
     – Паляціць, паляціць! – раздаўся голас Папугая.
     – Але спачатку, – працягваў Чараўнік, – мне трэба знайсці ёй сябра з майго саду.
     Стары задумаўся, узгадваючы штосьці. Потым ён устаў і падышоў да вялікага каштана.
     – Хай гэта будзе Шчыгол. Ён, прыгажун, ужо заседзеўся тут без справы. Гэта так, Шчыгол?
     На галінцы дрэва сядзела маленькая птушачка ў квяцістым уборы. Яна і сапраўды была падобная на маладога франта. Вельмі прыгожым і элегантным здавалася чырвоненькае апярэнне Шчыгла на галоўцы, на яго чорных крылцах зіхацела ярка-жоўтае люстэрка. Птушачка нічога не адказала, а толькі расправіла крылы. Але відаць было, што яна ўсё разумее.
     – Глядзі, Колька! Я адпускаю на белы свет цудоўную птушачку з гэтага чароўнага альбома. Хай жыве! – крыкнуў Чараўнік.
     Аднак хлопчык нічога не зразумеў. Ён толькі ўбачыў, як з альбома выпырхнула малюсенькая істота з бліскучым цельцам. Нібы вялікая пчала ці чмель, адчайна махаючы зіхатлівымі крылцамі, птушачка ляцела, затым павісала ў паветры, нават разварочвалася і адступала назад. Так, так! Тады яна была падобная на мініяцюрны верталёт з даўжэзным носам.
     – Хай жыве! – яшчэ раз паўтарыў Чараўнік. – Ведаеш, Колька, вельмі даўно, калі я быў такім, як ты цяпер, гэты альбом мне паказаў адзін не вельмі добры чараўнік. Ён сказаў, што пакараў усіх птушак, якія адлюстраваныя на фатаграфіях. Чым яны яму не дагадзілі, я не ведаю. Але засадзіўшы іх у альбом на доўгія гады, гэты чараўнік не ведаў, што я змагу іх калі-небудзь вызваліць. Той нядобры чараўнік памёр, і я забраў сабе яго альбом. Вось толькі адразу ўсіх птушак я вызваліць не магу. Мне трэба назапасіць у сабе шмат чароўнай энергіі, каб вызваліць толькі адну птушку. Я змог гэта зрабіць і вызваліў усіх птушак, акрамя адной. Гэтая апошняя птушачка вельмі цеплалюбівая. Таму я пераехаў жыць сюды, на поўдзень. Хоць ёй і тут, у Крыму, будзе холадна.
     – Як жа Калібры патрапіць у гарачэйшае месца нашай планеты? – спытаў Колька.
     – Цяпер усё залежыць ад Шчыгла. Ён павінен паказаць ёй дарогу на радзіму, – сказаў стары. – Шчыгла я вызваліў тры гады назад. Ён вельмі разумны, і я спадзяюся на яго кемлівасць.
     Колька паглядзеў угару на дрэва, куды паляцела Калібры. Але ні яе, ні Шчыгла там ужо не было...
     
     Так куды ж дзелася самая маленькая птушачка Зямлі?
     Выпырхнуўшы з чароўнага альбома, яна спачатку разгубілася і не ведала, куды ёй ляцець.
     – Ляці за мной! – праціўкаў Шчыгол і павёў Калібры ў сад.
     У дзядулевым садзе яны прыселі на ружовы куст.
     – Мне трэба адвесці цябе ў трапічны лес. Там жыве шмат тваіх сваякоў, – распавёў Шчыгол. – Цябе вызваліў ад чараў мой добры сябар, Чараўнік. Цяпер ты ўжо не ў альбоме, а на волі.
     – Колькі ж я спала! А цяпер нават не магу нічога пазнаць. Мне ўсё так незнаёма! – паскардзілася Калібры.
     – Вядома, у гэтым месцы не такая прырода, як на тваёй радзіме. Але нават тут ты змагла бы жыць. Глядзі, колькі вакол кветак, і колькі лётае мошак!
     – Можна мне папіць трошкі нектару з гэтай кветкі? – спытала Калібры, падляцеўшы да вялікай яркай Лілеі.
     – Калі Лілея дазволіць, – сказаў Шчыгол.
     – Я дазваляю, – паварушыла галоўкай Лілея.
     – Дзякуй! – праспявала Калібры і асцярожна накіравала свой "хабаток" у сярэдзіну кветкі.
     Разам са Шчыглом птушка пераначавала ў яго гняздзечку на высокай акацыі, а раніцай яны адправіліся ў вандраванне. Увесь доўгі пералёт Шчыгол, хоць і сам быў велічынёй з вераб'я, саграваў сваім цяплом маленечкую, але вельмі адважную птушачку. З ёй, пчалінага памеру, даводзілася часта спыняцца, каб перадыхнуць, сагрэцца, падкарміцца мошкамі і глынуць воды.
     Ці доўга яны так ляцелі? Мабыць, доўга. З прыпынкамі, з начлегамі – больш за месяц. Але ўсё-такі дзве цягавітыя птушкі дасягнулі вельмі цёплага і багатага на разнастайныя пышныя расліны трапічнага лесу на Кубе. Калібры, нарэшце, успомніла, як шчасліва жыла на сваёй радзіме.
     – Мілы Шчыгол! Калі ласка, выкажы шчырую падзяку Чараўніку за тое, што ён вызваліў мяне ад злых чараў! А цябе я шчыра дзякую за тое, што прывёў мяне сюды, – прамовіла Калібры. – Куды ж ты, даражэнькі, зараз паляціш?
     – Я вярнуся дахаты, бо маё гняздо ў садзе Чараўніка, – прашчабятаў Шчыгол.
     І ён паляцеў. А Калібры яшчэ доўга вісела ў небе, быццам маленькі перламутравы верталёт, і хутка-хутка махала крылцамі ўслед свайму добраму сябру Шчыглу. Яна жадала яму шчаслівага вяртання дахаты.
     – Я калі-небудзь прылячу да цябе пагасцяваць, – крычаў ёй Шчыгол, пакуль яго яркі сілуэт не схаваўся ўдалечыні.
     
      Гэтая казка на рускай мове
21.05.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100