Крылаты паштальён - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Крылаты паштальён
Крылаты паштальён
Машын тата геолаг. Усе ведаюць, што праца геолагаў складаецца з адкрыцця новых радовішчаў карысных выкапняў. Тата часта ездзіць у экспедыцыі. Гэта так цікава! Ён шмат разоў распавядаў дачцэ пра тыя мясціны, дзе пабываў.      Гэтым разам тата паехаў у Сібірскую тайгу даследаваць новае нафтавае радовішча. Разам з усімі ўдзельнікамі экспедыцыі ён паляцеў на самалёце да Цюмені. Адтуль яму прыйдзецца дабірацца да месца прызначэння на машыне, таму што ў раён даследавання яшчэ не пракладзена чыгунка. Сібірскія лясы густыя. Яны распаўсюджваюцца на велізарныя адлегласці. Аднак пошта да таты нейкім чынам даходзіць. Маша пасылае яму лісты, і тата адказвае на іх.
     Да першага веснавога свята тата даслаў віншавальную тэлеграму сваім дарагім жанчынам – жонцы, матулі і дачцэ Машы. Дзяўчынка вельмі ўзрадавалася віншаванню, бо яна так сумуе і чакае кожную вестку ад свайго таты!
     У двары іхняй хаты – вялікі фруктовы сад. Яго шмат гадоў назад садзіла Машына бабуля. А летась Маша з татам пасадзілі каля вокнаў кусцікі бэзу і язміну.
     – Ведаеш, тата, я вельмі люблю пахі бэзу і язміну! І мама з бабуляй таксама любяць, – прамовіла дзяўчынка.
     – Вось і добра. Праз некалькі гадоў водар вясновых кветак будзе напаўняць нашу хату, – паведаміў тата.
     Вясна! Маша заўсёды чакала яе, бо гэта такая цудоўная пара года, калі ўся прырода ажывае. Сад напаўняецца вясёлымі птушынымі галасамі. Ды і дні ўвесну ўжо не такія кароткія, як узімку. Зрабіўшы ўрокі, дзяўчынка заўсёды спяшалася выйсці ў двор, каб паглядзець на вясновую прыгажосць. А потым яна бегла да свайго суседа і аднакласніка Сяргея. На гарышчы яго хаты – галубятня. Там хлопчык разводзіць паштовых галубоў. А яны ж такія прыгожыя, белыя як снег, з доўгімі пухнатымі хвастамі! Калі хлопчык выпускае галубоў палётаць, сачыць за імі адна любата!
     Аднак час ляціць хутка. Не паспееш, як кажуць, азірнуцца, праходзіць месяц, а то і два. Вось і скончылася вясна, а з ёй – навучальны год. Пачаліся летнія канікулы. Здаецца, для Машы настала самая шчаслівая пара года. Але, як заўсёды раптам, прыйшла бяда. Сур'ёзна захварэла бабуля. Дзяўчынка тут жа паведаміла пра гэта тату ў сваім лісце. Прайшло некалькі тыдняў, адказу не было. Маша не ведала, што і думаць. Чаму тата не адказвае? Яна паслала яшчэ некалькі лістоў. Тата маўчаў.
     Прыйшлося ісці на пошту. Там адказалі, што ў такі далёкі край, дзе цяпер знаходзіцца Машын тата, ліст можа і не дайсці з-за нялётнага надвор'я. Усе лісты ляцяць туды на самалёце.
     – Што ж рабіць? Мне трэба абавязкова паведаміць тату пра тое, што бабуля хворая! – усклікнула дзяўчынка.
     – Я вельмі шкадую, але не ў сілах вам дапамагчы, – сумна адказала начальнік паштовага аддзялення.
     Вярнуўшыся дахаты, Маша пабегла да Сярожы. Разам сябры доўга абмяркоўвалі гэтую праблему і нарэшце зразумелі, як можна дабрацца да Машынага таты. Можа дапамогуць паштовыя галубы?
     Аднак вядома, што паштовы голуб не зможа дабрацца ў незнаёмае месца, бо не ведае туды дарогу.
     Раптам Маша весела зірнула на сябра:
     – Наш Артэмон! Мы на яго зусім забыліся! Памятаеш, два гады назад мой тата ўжо лётаў у тое ж самае месца, дзе ён цяпер. І тады ён прывёз Артэмона! Тату яго падарыў ляснік з Сібірскай тайгі.
     – Так! Ты маеш рацыю! – усміхнуўся хлопчык. – Я думаю, Артэмон успомніць дарогу на сваю радзіму і прынясе твой ліст да хаткі лесніка. А ляснік, вядома ж, перадасць яго твайму тату.
     Вось так голуб па мянушцы Артэмон і стаў шчаслівай знаходкай для Машы і яе хворай бабулі. Гэтую мянушку дзеці далі птушцы не выпадкова. Голуб нарадзіўся ў лесе, а слова Артэмон азначае “лясны”.
     Прывязаўшы да ножкі голуба паштовую вестку, дзеці адправілі крылатага паштальёна ў далёкае вандраванне. Праз два тыдні прыйшоў адказ. Тата пісаў: "Артэмон ужо да нас даляцеў. Праца экспедыцыі на днях заканчваецца. Я хутка прыеду, вядома ж, разам з Артэмонам". Даведаўшыся, што неўзабаве дахаты вернецца сын, Машына бабуля падбадзёрылася, павесялела і паволі пачала здаравець. Тата прывёз ёй цэлы мяшок лекаў – духмяную сібірскую траву, бальзамы, арэхі. Да радасці ўсёй сям'і бабуля адужэла і цалкам акрыяла ад хваробы. А Артэмон ніколькі не змяніўся, і, здавалася, нават стаў мацнейшым пасля такога цікавага вандравання.
     
     Надышла восень. Скончыліся летнія канікулы. Маша з Сярожам ізноў пайшлі ў школу. Як і раней, яны не забываюць пра белакрылых птушак і клапоцяцца пра іх. А калі Сярожа выпускае птушак у неба, і яны кружацца над садам, Маша з заміраннем сочыць за іх палётам, выглядаючы сярод гэтых ганарлівых прыгажуноў свайго самага любімага Артэмона.
     
      Гэты аповед на рускай мове
1.05.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100