Прыгоды гарадскога вераб'я - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Прыгоды гарадскога вераб'я
Прыгоды гарадскога вераб'я
Шмат гадоў таму назад каля новага вышыннага дома бабулька пасадзіла некалькі кусцікаў белых руж. Такім чынам яна жадала стварыць ля вокнаў сваёй кватэры на першым паверсе кветнік, а яшчэ жывую агароджу для абароны ад шуму аўтамабіляў. З часам кусты разрасліся ў шырыню і ў вышыню. Улетку на іх расквітала мноства белых руж. Кветкі былі вельмі прыгожыя і пахлі найдалікатным водарам. Высокія густыя зараснікі кустоў заўважылі вераб'і. Ім спадабалася хавацца ў зеляніне паміж кветкамі. Вёрткім птушачкам зусім не заміналі вострыя калючыя шыпы. Вераб'і не калоліся аб іх.      – Будзем тут жыць, – вырашыў галоўны верабей, важак вераб'інай чародкі.
     З таго часу птушкі сталі лічыць кусты сваёй хатай. Яны гадзінамі маглі сядзець паміж калючак і пра нешта перагаворвацца. Па камандзе ўсе дружна ўзляталі, ператвараючыся ў жывую шэранькую вераб'іную аблачыну, і несіліся ў пошуках ежы.
     Самы малодшы верабейка, Казюлька, яму далі гэтую мянушку ў вераб'інай сям'і за маленькі рост, часта адставаў ад усіх. Яго губіла залішняя цікаўнасць: то кветку незвычайную дзесьці ўбачыць і скача вакол яе, цвыркае, размаўляе з раслінай, то матылька якога яркага заўважыць.
     – Казюлька! Ты згубішся! – крычалі яму браты-вераб'і.
     – Я вас даганю, – адказваў малы і нікуды не спяшаўся.
     І вось аднойчы Казюлька так адстаў ад сяброў, што адшукаць іх ужо нідзе не змог. А дарогу да сваіх ружовых кустоў загадзя ён не прыкмеціў.
     Вось так! Як кажуць – на Бога спадзявайся, але і сам старайся! Казюлька ж не стараўся быць уважлівым – дурны верабейка!
     Застаўся небарака зусім адзін. Цэлымі днямі ён лётаў па горадзе, зазіраў ва ўсе кусты. Але так і не знайшоў сваю вераб'іную сям'ю. У бясконцых пошуках праляцела лета, за тым – восень, і надышла зіма. Толькі тады верабей зразумеў, што ўжо не зможа адшукаць родных. Ён стаміўся ад такога жыцця ў адзіноце. "Які ж я быў неразумны, – думаў верабей, – чаму не слухаў сваіх сяброў! Зараз мне трэба шукаць новую сям'ю".
     Толькі ні гарадскім галубам, ні галкам, ні варонам не хацелася вадзіцца з маленькім вераб'ём. Ратуючыся ад холада, ён забіваўся ў шчыліны пад дахамі хат, пад балконамі і там начаваў. Часам, у самыя галодныя і халодныя дні Казюлька думаў, што памрэ. Яго мучыў голад, верабей замярзаў.
     Яго ратавалі людзі. Верабей разведаў некалькі кармушак і часта прылятаў да іх, каб трохі падкарміцца. "Я вам вельмі ўдзячны!” – у думках дзякаваў Казюлька тым, хто даваў яму ежу, і марыў пра тое, каб хутчэй скончыліся зімовыя халады. Аднак маразы толькі мацнелі.
     – Глядзі! –аднойчы параіла яму старая Таполя. Яна расла ў гарадскім парку ля заледзянелай ракі. – Вунь там на горачцы растуць высокія пухнатыя елкі. Іх пяць сясцёр, і стаяць яны побач, па крузе злучыўшыся разам пухнатымі зялёнымі лапкамі. У сярэдзіне карагоду, на галінках дрэў, вісяць кармушкі. Добрыя людзі сыплюць у іх корм для птушак. А разумныя вераб'і і сініцы стварылі вялікі птушыны зімні інтэрнат у сярэдзіне пухнатых елак. Там цяпер даволі цёпла, бо туды не далятае пранізлівы вецер. Папрасіся пажыць да вясны ў гэтым інтэрнаце.
     – А сініцы і вераб’і не прагоняць?
     – Не ведаю. Ты паспрабуй! – настойвала старая Таполя.
     "Было б добра пасябраваць з гэтымі кемлівымі птушкамі", – вырашыў верабей і падляцеў да елак. Зазірнуў у глыб. А там – вялікая сям'я з вераб'ёў і сініц! Птушачкі скачуць па сваім галінкам-пакойчыкам, падлятаюць да кармушак, па чарзе штосьці ядуць. І ніхто ні з кім не сварыцца.
     – Дзінь-дзінь! І ты хочаш з намі жыць? – спытала яго жвавая Сініца.
     – Хачу! – цвыркнуў Казюлька.
     – Тады залятай! У нас яшчэ ёсць адзін свабодны цёплы пакойчык-галінка. Табе пашанцавала.
     "Ура! – узрадаваўся верабей! – Нарэшце я тут адпачну і сагрэюся!"
     Але калі Сініца прывяла Казюльку ў яго пакой, усе жыхары вялікага яловага інтэрната пазбіраліся, каб пазнаёміцца з новым жыхаром.
     – Ты страціў родных? Небарака! Мы табе дапаможам. У нас усе сябруюць. Мы, вераб'і, шануем сініц, а яны – нас, – прамовіў самы стары Верабей.
     Вось так Казюлька застаўся зімаваць паміж пухнатых вечназялёных елак. Жыхары птушынага інтэрната яго палюбілі. Цяпер ён слухаў усё, што яму казалі, і імкнуўся правільна і тэрмінова выконваць даручэнні птушак. Казюлька перастаў быць безуважлівым. Верабей зразумеў, што ў любым калектыве, нават у птушыным, заўсёды павінен быць строгі парадак і дысцыпліна. Толькі так можна выжыць і дабіцца поспеху!
     Скончылася зіма, надышла вясна. Вераб'і пазбіраліся ў вераб'іную чародку, а сініцы – у сінічую, каб адляцець з месца зімоўкі на пошукі новых прыгод. Вось толькі вераб'іная чародка не падобная на сінічую. Яна круглая, як шарык, і вельмі шумная. Вераб'і на стамляюцца цвыркаць і бадзёра паўтараюць:
     – У нас адзін – за ўсіх, і ўсе – за аднаго!
     
     А калі прыйдзе новая зіма, вераб'і і сініцы зноў збяруцца разам, каб перажыць маразы паміж цёплымі яловымі галінамі ў дружным птушыным інтэрнаце. Там усе паважаюць адзін аднаго, і ніхто нікога не крыўдзіць.
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.04.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100