Анёл-захавальнік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Анёл-захавальнік
Анёл-захавальнік
Юра і Андрэй – браты. Яны жывуць у прыгарадзе. Вядома, добра жыць у самым цэнтры вялікага горада. Але ў тым, што дзеці пасяліліся на ўскраіне, таксама ёсць свае плюсы. У Баравіковым, так завецца іх утульны пасёлак, паветра чысцей, ды і лес зусім блізка.      У нядзелю браты сабраліся па ягады разам з сябрамі, аднакласнікамі Пецяй і Вовам.
     – Збярэш ягад, навару варэння, пачастую ўсіх, – паабяцала Пеціна бабуля.
     У лесе, набраўшы вядзерцы чарніцы, дзеці прыселі адпачыць на паляне. Вакол хвоі ды елі, бярозы ды асіны. Сонца прабіваецца скрозь густыя кроны высокіх дрэў. А на зямлі квітнеючы рай: цвыркаюць конікі, лётаюць яркакрылыя матылькі, водар лясных кветак казыча насы. Вось толькі Пеця, гаварун і фантазёр, наганяе на ўсіх страхі.
     – Калі хочаце, я распавяду вам гісторыю пра наш лес. Яе мне бабуля неяк распавяла. У дзяцінстве ў яе была сяброўка. Потым яна з'ехала з мястэчка. Аднойчы з ёй здарылася штосьці неверагоднае.
     – А ты не хлусіш? – засумняваўся Юра.
     – Ей Богу, не хлушу, – запэўніў Пеця і пачаў свой дзіўны амаль што казачны аповед.
     
     – Неяк бабуліна сяброўка, тады яна была маладой дзяўчынай, пайшла ў лес па грыбы і заблудзілася.
     – Падумаеш, – умяшаўся ў Пецін аповед Юра. – Патэлефанавала б па сотавым тэлефоне і яе б знайшлі.
     – Ці сама б выбралася, што ў яе тэлефоне не было GPS? – дадаў ён.
     – Дурненькі! – пасароміў яго Вова. – У той час не было ніякіх сотавых тэлефонаў.
     – Так! Я зусім забыўся аб гэтым, – ухмыльнуўся Юра.
     – Дык вось, – працягваў Пеця. – Ідзе яна па лесе, у розныя бакі глядзіць, шукае лясныя прыметы, па якіх можна адшукаць дарогу назад. І тут штосьці ў траве паварушылася. Бабуліна сяброўка ўгледзелася і ўбачыла маленькае птушаня. Яно чаплялася дзюбкай за сцяблінкі, перастаўляла лапкі і спрабавала махаць крылцамі, але ўзляцець не магло. Яго крылы яшчэ не адраслі і былі слабенькімі.
     "Малое птушаня згубілася!" – пашкадавала яго дзяўчына і падняла з зямлі. Яна зусім забылася пра тое, што сама заблудзілася ў лесе. Дзяўчына пачала шукаць гняздо птушаняці, але так і не знайшла. А калі пачало цямнець, бабуліна сяброўка спалохалася, што ёй прыйдзецца начаваць адной у лесе. Яна баялася ваўкоў, бо тады яны яшчэ вадзіліся тут. – Пеця абвёў позіркам лес. – Ведаеце, як яна спалохалася! Дзяўчына стала маліцца і прасіць у Бога дапамогі. Паглядзела ўгару на неба, і ёй здалося, што яна ўбачыла сярод цемры нейкае святло і нават нечы ўсмешлівы твар. Зразумела – гэта яе Анёл-захавальнік! Ён падказваў, што трэба ісці за ім.
     Дзяўчына ўстала і пайшла ўслед за Анёлам. Неўзабаве яна заўважыла вялікую птушку на галінцы побач з дуплом і паклала ў яго птушаня. У дупле сядзела яшчэ адно такое ж птушаня. Мама птушанят тут жа заскочыла ў дупло. Вядома, яна была вельмі радая таму, што адшукалася яе дзіця.
     А бабуліна сяброўка пайшла далей. Усю дарогу, пакуль яна не выйшла з цёмнага лесу, яе вёў за сабой яркі агеньчык. Ён мільгаў паміж дрэвамі, але не згасаў.
     Потым дзяўчына распавядала маёй бабулі пра гэты загадкавы агеньчык, які быццам магніт вёў яе за сабой. Верагодна, гэта была свечка, і яе нёс Анёл-захавальнік, асвятляючы дзяўчыне дарогу дадому.
     На гэтым Пеця скончыў свой аповед.
     Дзеці маўчалі. Яны думалі пра тое, што ў цяжкую хвіліну да людзей прыходзіць на дапамогу Анёл-захавальнік. Калі верыць, ён абавязкова прыйдзе, каб штосьці падказаць, дапамагчы, выратаваць.
     – Я веру, што гэта праўда, – сказаў Юра.
     – І я таксама, – падтрымаў яго Андрэй.
     – Вядома, праўда, мая бабуля не ўмее хлусіць, – пацвердзіў Пеця.
     – У нас добры лес, светлы і прыгожы! – пахваліў роднае мястэчка Вова.
     – Таму мы сюды прыходзім і нічога не баімся! – дружна крыкнулі дзеці.
     – Хо-о-дзі, хо-о-дзі, хо-о-дзі... – адклікнулася лясное рэха. – Прыхо-о-дзьце, дзе-е-ці! Я ва-а-с чака-а-аю!
     
      Гэты аповед на рускай мове
11.04.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100