Ручай адтаў! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ручай адтаў!
Ручай адтаў!
Шмат гадоў на Зямлі кіравала Каралева Часу. Усё яе кіраванне складалася ў тым, каб падтрымліваць правільны ход зямнога часу, яго дакладнасць, не дапушчаць страты ніводнай секунды. А яшчэ ніводная секунда не павінна была вяртацца назад. Мноства слуг Каралеўства Часу верна служылі сваёй Каралеве. Але кожны новы дзень на Зямлі заўсёды, як дзве кроплі вады, быў падобны на папярэдні. Таму людзям стала сумна і не цікава.      Задумалася Каралева: "Што ж такое зрабіць, каб жыць на Зямлі ўсім стала весялей?" У яе падрасталі чатыры дачкі, прынцэсы: Зіма, Восень, Лета і Вясна. Старэйшая Зіма – ганарлівая і ўпартая, але моцная і адважная. Восень – ціхая і трохі сумная, часам задуменная і рамантычная. Лета – вясёлая і гарэзлівая, жвавая і спрытная. А малодшая дачка Вясна – заўсёды ласкавая і пяшчотная, светлая і ўсмешлівая.
     Аднойчы сабрала Каралева дачок разам і сказала:
     – Заўтра да нас прыйдзе галоўны прафесар нашага Каралеўства. Ён раскажа вам пра новае вынаходніцтва навукоўцаў з Універсітэта Часу. Прафесар прынясе падручнік, вывучыўшы які можна змяняць надвор'е на Зямлі. Вам, мае дарагія дзяўчынкі, трэба будзе гэта рабіць вельмі дакладна і правільна, каб гарманічнае жыццё на Зямлі не парушалася.
     Цэлы год прафесар выкладаў сваім вучаніцам карпатлівае і складанае мастацтва кіравання надвор'ем на Зямлі. У яго падручніку год, у якім было трыста шэсцьдзесят пяць дзён, разбіваўся на дванаццаць месяцаў. Кожнаму месяцу было прысвоена сваё імя: студзень, люты, сакавік, красавік, травень, чэрвень, ліпень, жнівень, верасень, кастрычнік, лістапад, снежань. У падручніку гаварылася пра тое, што надвор'е ў снежні павінна адрознівацца ад надвор'я ў сакавіку, надвор'е ў жніўні – ад надвор'я ў студзені і гэтак далей. Але як жа падзяліць працу па кіраванню надвор'ем паміж прынцэсамі? Урэшце, яму самому гэта падказалі сёстры.
     Старэйшая, Зіма, абрала для сябе халодныя месяцы года – снежань, студзень і люты, бо яна любіла гуляць у сняжкі і намятаць гурбы са снегу. Восень узяла верасень, кастрычнік і лістапад, таму што ўмела маляваць яркімі залацістымі фарбамі і любіла прахалоду. Прынцэсе Лета спадабаліся вясёлыя і гарачыя месяцы – чэрвень, ліпень і жнівень, а Вясне былі даспадобы светлыя і радасныя месяцы – сакавік, красавік і травень.
     Так і сталі чатыры дачкі Каралевы Часу стваральніцамі надвор'я на Зямлі. Кожная з іх адпраўлялася на Зямлю ў самым пачатку свайго першага месяца і строга па падручніку выконвала ўсе даручаныя ёй заданні. А ў падручніку для сясцёр было распісана па днях усё, што трэба зрабіць. Там было растлумачана, у які дзень якое надвор'е павінна быць на Зямлі.
     Такім чынам…
     Прынцэса Зіма скоўвала зямлю марозам, засыпала белым снегам, часам уладкоўвала сонечнае яснае надвор'е, а бывала, што ўсё неба ахутвала бясконцай снежнай заслонай.
     Прынцэса Вясна адтайвала Зямлю ад лёду і дарыла цёплыя і ясныя сонечныя дні, афарбоўваючы ўсе расліны ў ярка-зялёныя колеры.
     Прынцэса Лета стварала спякоту і навальнічныя дажджы, размалёўвала прасвятлеўшае пасля навальніцы неба ў далікатныя колеры нябеснай вясёлкі.
     Прынцэса Восень ізноў астуджала ўсё на Зямлі, намачыўшы лістоту і траву дробным прахалодным дожджыкам. Аднак ўсё-такі яна дарыла прыродзе і людзям маленькую радасць, расфарбоўваючы ўсе расліны ў яркія колеры – барвовы, аранжавы і залаты.
     Так і павялося. Усе сёстры старанна выконвалі свае заданні. Яны ўжо не карысталіся падручнікам, крок за крокам завучыўшы на памяць усё, што ім трэба было выканаць. Прафесар хваліў сясцёр – маўляў, якія добрыя дзяўчынкі выраслі, разумніцы!
     Але аднойчы з прынцэсай па імені Вясна на Зямлі здарылася штосьці зусім неверагоднае. Для яе ж самой гэта быў сапраўдны цуд! Яна пасябравала і пакахала самы звычайны зямны Ручай!
     Вось як гэта было.
     Калі Вясна ўбачыла, як Ручай зіхаціць на сонцы і журчыць, ёй гэта так спадабалася, што яна не змагла адарваць ад яго сваіх захопленых вачэй! Быццам дзіця, Вясна скакала, смяялася і жартавала з Ручаём. І той, падахвочаны прыгажуняй Вясной, яшчэ больш зіхацеў і іскрыўся!
     Усе тры месяцы сваёй працы на Зямлі Вясна прыбягала да Ручая і гуляла з ім. А калі ёй на змену прыйшла сястра Лета, прынцэса Вясна вельмі засмуцілася. Дома яна не магла дачакацца надыходу сакавіка наступнага года. Ёй вельмі не хапала зносін з вясёлым Ручаём! Ён стаў для яе сапраўдным сябрам! І Вясна не вытрымала. Яна стала непрыкметна збягаць з хаты да Ручая.
     Аднойчы ў студзені Вясна не знайшла яго, таму што яе сястра Зіма скавала Ручай лёдам. І тады Вясна насуперак усяму размарозіла Ручай. І ён ізноў заіскрыўся і заспяваў! Але неўзабаве гаспадыня халодных месяцаў года Зіма заўважыла непарадак і зноў скавала лёдам Ручай. А закаханая ў свайго вясёлага сябра Вясна непрыкметна прыбегла ў госці да Ручая і зноў растапіла ўвесь лёд!
     – Што гэта з ім? – здзіўлялася Зіма, правяраючы сваю работу ў чарговы раз. – Я ж яго замарозіла! Хто растапіў Ручай?
     А вераб'і, што жылі на кусце каля самага Ручая, пачулі яе словы, заціўкалі ўсе разам і выпадкова прагаварыліся:
     – Гэта Вясна, гэта яна прыходзіла ў госці да Ручая...
     – Як гэта, Вясна? – раззлавалася Зіма. – Студзень не яе месяц, а мой. Значыць, яна спецыяльна замінае мне!
     Вярнуўшыся дахаты, Зіма не стрымалася і распавяла сёстрам, матулі і прафесару пра выхадкі сястрыцы Вясны. Усе вырашылі, што гэта нядобра. А прафесар у пакаранне за неразумнасць і безадказнасць прынцэсы Вясны аддаў яе месяц сакавік прынцэсе Зіме.
     Засмуцілася Вясна, зачынілася ў сваім пакоі і расплакалася. А на Зямлі пасля таго ўвесь Вясновы месяц сакавік працягвалася Зімовае надвор'е. Нават у першыя красавіцкія дні ў гарадах і мястэчках было вельмі холадна. Усюды ляжаў нерасталы снег, а рэкі, ручаі і азёры яшчэ не вызваліліся ад лёду.
     Людзі не разумелі – завошта ім такое пакаранне?
     
     Маленькая дзяўчынка з пяшчотным імем Яначка часта прыхадзіла з мамай у парк, дзе жыў той самы Ручай. Яна чакала – калі ж ён адтае? Малая стаяла на мастку, глядзела на лёд і снег і прасіла Вясну хутчэй прыйсці!
     Вось як бывае. З-за аднаго даносу пацярпелі ўсе – і Ручай, і людзі, і птушкі, і ўсе-ўсе, хто жыў на Зямлі! Глядзела на гэта даносчыца Зіма і сорамна ёй стала. Паляцела яна назад дадому і пастукалася ў пакой, дзе зачынілася Вясна.
     – Прабач мяне, сястрычка! Ляці на Зямлю! Там цябе ўсе чакаюць – і маленькая дзяўчынка, і твой Ручай.
     Выцерла Вясна слёзы і памірылася з сястрой. Паляцела Вясна да Зямлі і падарыла ўсім яскравае сонечнае святло і радасць! Узрадаваны Ручай адразу ж адтаў і зажурчаў, як і раней!
     
     А калі Яначка зноў прыйшла ў парк на шпацыр, то адразу ўбачыла, як весяліцца і радуецца сонейку Ручай.
     – Ура! Мой Ручай адтаў! – усклікнула яна і ўсміхнулася Вясне, Ручаю і сваёй маме.
     
     p.s. казку чытае Ліка Пташук
     
      Гэтая казка на рускай мове
     
     p.s. Гэтая казка пра цудоўны Ручай у Крупцах (г. Мінск)
25.02.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100