Квіткі ў тэатр - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Квіткі ў тэатр
Квіткі ў тэатр
Другакласніца Аліса любіла сваю сям'ю. Яе мама з татам працавалі на вялікім заводзе. Дзяўчынка ганарылася імі і марыла пра тое, што, калі вырасце, таксама стане добрай працаўніцай. Бабуля, татава мама, раней працавала настаўніцай, яе паважалі ў школе. Цяпер жа бабуля заўсёды была побач з унучкай, адпраўляла яе ў школу, потым сустракала, карміла і дапамагала з вучобай.      Аліса з самага маленства не была прывучана да празмернасцяў. Яна разумела – у іх сям'і не так шмат грошай, каб траціць іх на непатрэбныя рэчы. Усё, што ёй было неабходна, бацькі заўсёды стараліся купіць. Апрача таго, дзяўчынка хадзіла ў басейн і танцавальную студыю, а за заняткі трэба было плаціць.
     Часам, па святах і ў выхадныя дні сям'я выбіралася ў парк, музей ці ў кіно, у цырк ці ў тэатр. Вось толькі бабуля не часта хадзіла разам з усімі на дарагія мерапрыемствы. Яна не хацела, каб на яе трацілі вялікія грошы. "Я абыдуся, гэта мне не цікава, – казала старая. – Лепш пагляджу фільм па тэлевізары. Сёння будзе мой любімы". І яна заставалася дома. Тата з мамай не пярэчылі, а Аліса думала інакш: "Гэта няпраўда. Я ведаю, бабулі таксама хочацца схадзіць з намі". Дзяўчынка шмат часу праводзіла з бабуляй, таму добра разумела, наколькі тая добрая і сціплая.
     Аднойчы ў іх горад сабралася прыехаць знакамітая спявачка. Усюды расклеілі афішы пра будучы канцэрт. Аліса першая даведалася пра гэта і расказала бабулі.
     – Гэта выдатная спявачка, – прамовіла бабуля. – Гадоў дваццаць назад я хадзіла на яе канцэрт і была ў захапленні ад яго.
     – Тады я папрашу тату купіць квіткі, – вырашыла ўнучка.
     Мама, даведаўшыся пра канцэрт, тут жа паведаміла гэта тату. І той пагадзіўся, што трэба схадзіць на гэтае мерапрыемства. Але назаўтра, убачыўшы цану на квіткі, мама з татам прызадумаліся. Трохі паразважаўшы, тата ціха сказаў:
     – Тры квіткі мы яшчэ можам сабе дазволіць, а чацвёрты квіток для бабулі – не.
     – Але ж яна гэтую спявачку вельмі любіць! – спрабавала запярэчыць дачка.
     – Калі мы купім ёй квіток, то ў нас не хопіць грошай дажыць да зарплаты, – адказаў тата.
     Добра, што бабуля не прысутнічала пры гэтай гутарцы. Было позна, і старая ўжо спала. А Аліса моцна засмуцілася. Лежучы ў пасцелі, дзяўчынка вырашыла, што аддасць свой квіток бабулі. І раніцай ціхенька паведаміла пра гэтага бацьку.
     – Добра, паглядзім, – адказаў той і пайшоў на працу. Увечары ён прынёс і паказаў дачцы квіткі. Іх было чатыры!
     – Дзе ты ўзяў грошы на чацвёрты квіток? – шэптам спытала ў яго мама.
     – Узяў і ўзяў. Гэтыя грошы мы адкладалі на новую люстру. Памятаеш? Нічога, люстра пачакае.
     Вось так і вырашылася гэта цяжкае пытанне. Аліса была вельмі рада паведаміць любай бабулі прыемную навіну. Хаця старая бурчала на яе, кажучы, што зусім не хоча ісці на канцэрт, дзяўчынка ведала, што гэта не так.
     У святочны дзень ўся сям'я дружна адправілася на канцэрт. Унучка села побач з бабуляй і непрыкметна назірала за ёй. Аліса бачыла, як ззяюць ад шчасця вочы дарагой бабулі, якая яна радасная, якую атрымлівае асалоду ад сустрэчы з любімай спявачкай. "І чаму тата з мамай ніяк не зразумеюць, што не толькі ім хочацца атрымліваць задавальненне, але і маёй старэнькай бабулі, – разважала дзяўчынка. – Яна ж таксама была калісьці маладая, і ёй прыемна ўспамінаць той шчаслівы час".
     
      Гэты аповед на рускай мове
22.02.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100