Каштоўны падарунак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Каштоўны падарунак
Каштоўны падарунак
У расчыненае акно павеяла цёплым летам. Марынка салодка пацягнулася са сну, удыхнула прыемны водар зялёнай травы і лістоты. Не хацелася ўставаць. Але потым, прыгадаўшы штосьці, яна хутка ўскочыла з пасцелі, падышла да акна.      А там такі цуд! Па блакітным небе плывуць белыя аблокі, сонейка свеціць, пад самым акном малады ясень шамаціць лісцем. Дзяўчынка з захапленнем прытулілася да акна, каб лепш адчуць неверагодна прыемны, цудоўны, горача любімы водар лета!
     Заўтра восьмага жніўня. Яе дзень нараджэння. У падарунак мама паабяцала купіць дачцы на кацінай выставе пародзістага кацяняці. Самага лепшага, самага прыгожага! Марынка нават у сне ўбачыла, як выбірала яго сярод мноства такіх жа чароўных стварэнняў…
     Але хопіць роздумаў. Дзяўчынка хуценька прывяла сябе ў парадак, заслала ложак і пайшла на кухню.
     – Ты ўжо прачнулася? Вось і добра, зараз паснедаем і паедзем на выставу, – сказала мама і паставіла на стол талеркі са свежай ежай.
     – А я нават ведаю, якім будзе маё кацяня, – прамовіла Марынка.
     Яна і не заўважыла, як з'ела смачную аўсянку, выпіла гарбату і пачысціла зубы. Увесь гэты час думкі дзяўчынкі былі заняты хуткай падзеяй. Аднак мама адцягнула ўвагу дачкі ад яе мар сваім нечаканым аповедам:
     – Раніцай, калі ты яшчэ спала, тэлефанавала бабуля Вера. Я ёй паведаміла, які падарунак ты жадаеш атрымаць да дня свайго нараджэння. А яна тады і кажа: "Мая Мурка на дачы нядаўна акацілася адразу трыма кацянятамі. Дваіх ужо забралі суседкі, а трэцяга я не аддала, пашкадавала. Прыгожы, вельмі мне спадабаўся! Калі толькі Марынка захоча, ён будзе яе сябрам".
     – Вось як? – дзяўчынка задумалася.
     Яна ўспомніла бабуліну котку, зусім нічым не характэрную, звычайную сера-бурую Мурку. "І кацяняты ў яе атрымаюцца такія ж", – вырашыла ўнучка.
     – Не, мама, я хачу сібірскага альбо сіямскага кацяняці! А Муркін будзе не такі.
     – Добра, – пагадзілася мама. – Калі так, збірайся. З'ездзім на выставу, а потым заедзем да бабулі.
     Неўзабаве дзяўчынка ўжо хадзіла па вялікім выставачным павільёне, дзе адкрылася выстава-продаж чароўных пародзістых катоў і кошачак. Марынка глядзела на іх з захапленнем. Зазірала ў вочы, ацэньвала густату і прыгажосць поўсці. Блакітныя, дымчатыя, чорныя і рыжыя, рабыя і шэрыя. Дзяўчынка хадзіла ад клеткі да клеткі, спрабуючы ўлавіць каціны настрой і зразумець, ці зможа яна пасябраваць з кацянём.
     – Дачушка, каго ты сабе абрала? – запыталася мама.
     – Нікога. Я не ведаю, што рабіць! Яны ўсе нейкія чужыя, нават не глядзяць на мяне.
     – Вось бачыш, значыць, яны не твае, – разважыла мама.
     Марынка яшчэ раз успомніла свой сон: "Там быў беленькі, пухнаты, з добрымі вельмі вялікімі вачыма".
     Яна зноў абышла ўсю залу:
     – Мама, тут няма майго кацяняці, – дачка расчаравана прысела на крэсла. – Пойдзем адгэтуль. Напэўна, бабуліна кацяня самае лепшае, таму што яно роднае.
     Мама адразу ўсё зразумела: – Паехалі да бабулі.
     Зноў за акном аўтобуса мільгаюць дамы і вуліцы, пешаходы на пераходах узіраюцца ў рознакаляровыя вочы святлафораў. На газонах зелянее трава, красуюцца кветкі, кусты і дрэвы. Аднак Марынка, гледзячы на прыгажосць выдатнага летняга дня, не адчувае той прыемны водар, што раніцай быў у яе пакоі. Толькі мы з вамі ведаем – гэты цудоўны водар лета вельмі хутка абавязкова падыме настрой дзяўчынцы. Ён там, на бабулінай дачы. Марынка адчуе яго з летнім ветрыкам – такі цёплы далікатны пах палявых кветак і лясной травы. А знаёмая сцяжынка ад аўтобуснага прыпынку да брамкі бабулінай хаты прывядзе дзяўчынку туды, дзе яе чакае новы доўгачаканы сябар.
     І вось Марынка ўжо бяжыць па гэтай сцяжынцы да свайго шчасця! Адчыняе брамку і бачыць бабулю на парозе хаты. У яе руках штосьці белае пухнатае мяккае і пяшчотнае. Так, так! Гэта самае лепшае стварэнне з усіх сусветных каціных парод!
     – Вось яно якое, паглядзі, – бабуля працягвае ўнучцы кацяняці, а ў кожным руху, у кожным гуку яе голасу столькі пяшчоты і кахання…
     – Я яго ўбачыла ў сне. Праўда, праўда! – радасна ўскліквае Марынка, прыціскаючы да сябе свой каштоўны падарунак.
     – Значыць, гэта лёс, – усміхаецца мама, а бабуля запрашае дарагіх гасцей у сваю хату.
     
     p.s. малюнак Міхеевой Аляксандры, 10 гадоў, народная студыя"Выяўненчае мастацтва", г.Мінск, фота Кудраўцава Аляксея.
     
      Гэты аповед на рускай мове
22.02.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100