"Казіная баба" (аповед пра вайну) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
"Казіная баба" (аповед пра вайну)
У цэнтры вялікай вёскі стаяла школа. Яна не пуставала. У вёсцы яшчэ хапала малых дзяцей, якіх трэба было вучыць. Але і бабуль з дзядулямі ў гэтай вёсцы было звышдастаткова. Ды такіх старых, што, здавалася, яны ўжо цэлую вечнасць жывуць на белым свеце.      Па дарозе ў школу Максімка заўсёды прабягаў каля вельмі старой, быццам урослай ў зямлю хаты адзінокай бабулькі. Побач з хатай на пагорачку заўсёды пасвілася белая каза. За гэтую казу бабульцы і далі мянушку – "казіная баба". Максімка хутка прабягаў міма гэтай дзіўнай, быццам зачараванай хаты і заўсёды стараўся не глядзець у яе бок. А яшчэ больш ён баяўся сустрэць на дарозе ці ля брамкі гаспадыню гэтай хаты – страшную згорбленую бабульку, "казіную бабу".
     Напэўна, Максімка так ніколі б і не даведаўся нічога пра жыццё той стогадовай бабкі, калі б яго настаўніца на класным сходзе не стала агітаваць дзяцей захадзіць у хаты да старых жыхароў вёскі і дапамагаць ім па гаспадарцы. Шмат хто з гэтых старых прайшоў вайну, удзельнічаў у вызваленні нашай Радзімы. Да здзіўлення Максімкі ў ліку такіх старых, апынулася і "казіная баба". "Няўжо гэтая гарбатая старая калісьці служыла ў войску і абараняла Айчыну?" – думаў Максім.
     На перапынку ён падышоў да настаўніцы і папрасіў яе расказаць пра гэтую бабульку. Але маладая настаўніца сама зусім нядаўна пераехала жыць у Максімкіну вёску і ведала пра бабулю толькі тое, што пасля вайны гэтая жанчына жыла тут з мужам, таксама былым франтавіком. Але потым яе муж памёр, і бабулька засталася адна. Вось так і жыве яна ўжо шмат гадоў.
     – Зусім старая яна, Максімка, – сказала настаўніца. – Ты сам бачыш. Слабая і хворая, вось і згорбілася ад хвароб. Цяжка ёй вельмі. Дапамагаць бабульцы трэба, а няма каму, блізкіх сваякоў у яе няма.
     "Так, – падумаў Максім, – як гэта я раней не зразумеў гэтага". І адразу ж, вяртаючыся са школы, ён набраўся адвагі і пастукаўся ў старыя, аброслыя мохам дзверы. Але ніхто не выйшаў да яго насустрач. Тады Максім пхнуў дзверы і ўвайшоў у хату.
     Бабка сядзела за сталом і штосьці рабіла. Максімка гучна прывітаўся з ёй. Ён ведаў, што старыя часта дрэнна чуюць. І, слова за слова, разгаварыўся з бабулькай. Ён шмат даведаўся ад яе ў гэты вечар. Яна нават распавяла яму пра сваё дзяцінства. Максімка глядзеў у добрыя вочы бабулі, слухаў яе ціхі і мяккі голас, і цяпер яна ўжо зусім не здавалася яму страшнай. Так, так! Ён перастаў яе баяцца!
     З таго часу кожны дзень хлопчык прыходзіць у хату да "казіной бабы", пытаецца, што трэба дапамагчы, і дапамагае. Максімка зразумеў, што трэба не баяцца, а шкадаваць старых. І яны калісьці былі маладымі і прыгожымі. Проста прайшло ўжо шмат часу, цяпер яны старыя і хворыя, але вельмі добрыя і мудрыя. Гэтыя людзі шмат пабачылі за сваё жыццё, і з імі цікава гутарыць.
     Для Максімкі "казіная баба", а па-сапраўднаму бабуля Арына, стала як родная. Ён знайшоў у ёй сталага сябра і зараз ужо ніколі не кіне яе ў бядзе. І бабуля вельмі рада таму, што ў яе цяпер ёсць добры і клапатлівы праўнук.
     
      Гэт ы аповед на рускай мове
16.02.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100