Слон - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Слон
Слон
Глеб быў хлопчыкам з небаязлівага дзесятка. Яго не палохалі павукі і мышы, як малодшую сястрычку Веру. З катамі і сабакамі ён таксама ўмеў ладзіць. Ніводны сабака ніколі не пакусаў яго, а каты – гэта наогул мілыя бяскрыўдныя істоты. Але слана ён аднойчы спалохаўся не на жарт...      Вось як гэта было. Глеб гуляў у двары з мячом, і калі той пакаціўся за вароты на дарогу, хлопчык пабег за ім і апынуўся пад нагамі велізарнага слана!
     Неверагодна! Убачыўшы футбольны мяч, слон спыніўся і ўважліва паглядзеў на Глеба. Гэты граміла мог растаптаць малога, быццам маленькага мышаняці! Але слон не зрабіў гэтага.
     Выхапіўшы з-пад цяжкай слановай нагі свой мячык, Глеб імкліва адскочыў у бок. Аднак страх пераадолела цікаўнасць. Ніколі ў жыцці хлопчыку не даводзілася стаяць так блізка каля слана. І Глеб уважліва агледзеў велізарную жывёлу: "Які ён вялікі, але зусім не страшны. І вочы ў яго добрыя". Штосьці задумаўшы, хлопчык ірвануўся ў двор, хутка падбег да яблыні, якая расла ля акна, і сарваў пару яблыкаў. Потым вярнуўся да слана і працягнуў яму смачны ласунак. Слон паглядзеў на ўсмешлівы твар хлопчыка, потым на яблыкі і, захапіўшы хобатам пачастунак, адправіў яго ў свой шырокі рот.
     – Бр-р-р-з-з-з! – раўнуў велізарны аблавухі цуд, як бы кажучы:
     "Дзякуй! Хлопчык, твае яблычкі вельмі смачныя!"
     Затым слон павольна пайшоў далей, у той бок горада, дзе яшчэ нядаўна пасяліўся цырк Шапіто. А Глеб задаволены і ганарлівы ад таго, што пагутарыў са сланом, пабег у двор гуляць ў мяч.
     Ужо на наступны дзень, успамінаючы сваё нечаканае знаёмства са сланом, хлопчыку захацеліся абавязкова працягнуць гэтыя зносіны. І ён угаварыў маму купіць яму квіток на прадстаўленне. Але калі Глеб прыйшоў у цырк, то вельмі расхваляваўся. Здаецца, ён не заўважаў ні акрабатаў, ні клоунаў, нават дрэсіраваных сабачак і малп. Хлопчык з нецярпеннем чакаў сустрэчы са сланом!
     – А зараз на арэну выйдзе сапраўдны афрыканскі цуд! – сказаў канферансье. – Гэтаму слану дванаццаць гадоў. Ён пабываў у шматлікіх краінах. На яго прыходзіла паглядзець вялікая колькасць гледачоў. Наш слон вельмі добры і кемлівы. Цяпер вы самі ў гэтым пераканаецеся.
     Глеб застыў у чаканні. А калі дрэсіроўшчык вывеў жывёлу на арэну, хлопчык заўважыў, што слон адразу ж вылучыў з усіх гледачоў, якія сядзелі ў першым радзе, яго, Глеба. І той самы мяч, што быў у руках юнага сябра, слон не мог не заўважыць. Не слухаючы дрэсіроўшчыка, слон падышоў прама да хлопчыка і працягнуў хобат, як бы просячы даць яму мяч!
     – Ён хоча пагуляць! – зашумела зала.
     – Так, так! Дайце слану мяч!
     Неверагодна, але гэты слон аказаўся самым сапраўдным дзіцём, такім жа, як Глеб, толькі вельмі вялікім!
     – Пагуляем? – крыкнуў хлопчык і кінуў слану мяч.
     Той спрытна падхапіў яго доўгім хобатам.
     – О-о-о! – узарвалася зала. – Ура! Давай, слон, гуляй, гуляй!
     Мабыць, слон зразумеў, пра што яго просяць, і ў адказ адбыўся даволі дакладны кідок мяча да партнёра. Раздаўся гром апладысментаў.
     Слон яшчэ доўга весяліў гледачоў. Аказваецца, ён шмат чаго ўмеў! У канцы выступлення дрэсіроўшчык падазваў хлопчыка і ціха сказаў:
     – Прыходзь за кулісы пасля прадстаўлення.
     Увечары Глеб стаяў каля клеткі слана. І зноў, як тады на вуліцы, здарылася іх узаемнае прыцяжэнне. Хлопчык відавочна адчуваў сімпатыю да гэтай велізарнай жывёлы. А слон аплятаў свежыя яблыкі і глядзеў на Глеба вялікімі добрымі вачыма.
     – Калі жадаеш, прыходзь сюды са сваім мячом. Будзеш вучыцца працаваць са сланом, – сказаў малады дрэсіроўшчык Яша.
     – Добра! – з радасцю ў голасе адказаў Глеб. – А вы навучыце мяне на яго садзіцца?
     – Навучу. Я думаю, слон з задавальненнем будзе цябе катаць, бо ён палюбіў твае яблыкі і мяч, – усміхнуўся Яша.
     Увесь цыркавы сезон, а гэта цэлы летні месяц, хлопчык прыходзіў у цырк Шапіто. Ён навучыўся чысціць і мыць слана, залазіць і сядзець у яго на спіне, а галоўнае, навучыўся разумець новага сябра.
     Аказваецца, не толькі людзям, але і такім велізарным жывёлам бывае неверагодна сумна. І ім хочацца з кімсьці сябраваць па-сапраўднаму. Слон знайшоў у Глебе такога сябра. А калі аднойчы хлопчык прыйшоў да слана з перабінтаваным каленам, слон доўга аглядаў і гладзіў рану сваім хобатам. Было зразумела, гэтая велізарная жывёла хвалюецца за здароўе маленькага сябра.
     Прайшоў месяц. І цырк Шапіто, пагрузіўшы ўсе цыркавыя рэквізіты ў машыны, сабраўся адправіцца ў дарогу да іншага месца прызначэння, у новы горад, дзе яго чакалі новыя гледачы. Глеб цэлы дзень не адыходзіў ад слана. І той таксама адчуў хуткае раставанне.
     – Вы ж мужчыны, вам нельга плакаць! – жартаваў дрэсіроўшчык Яша. – Не перажывай, Глебушка, праз год мы зноў прыедзем сюды, у твой горад. І вы зноў будзеце разам.
     Цырк з'ехаў і павёз слана на вялікай доўгай фуры.
     – Гэтыя яблыкі вазьміце з сабой, ён іх любіць, – сказаў на развітанне хлопчык, цішком выціраючы слёзы...
     
     Пройдзе час. Глеб будзе нудзіцца па свайму сябру, ды і слон не забудзецца на хлопчыка. Праз год яны сустрэнуцца зноў. Летняе шчасце са сланом прадоўжыцца. Гэтае сяброўства звяжа іх на доўгія гады. Яно вытрымае выпрабаванне часам. А калі Глеб вырасце, ён стане сапраўдным дрэсіроўшчыкам. І з тых часоў ужо не будзе раставацца са сваім верным сябрам, сланом.
     
      Гэты аповед на рускай мове
17.02.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100