Галоўныя Гадзіннічкі Зямлі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Галоўныя Гадзіннічкі Зямлі
Галоўныя Гадзіннічкі Зямлі
Аднойчы ў зацішным месцы Зямлі, на вяршыні самай высокай гары, з'явілася маленькая беленькая хатка. І тады ў нябеснай цішыні з незнаёмай хаткі пачуліся гукі, вельмі падобныя на нечыя крокі:      – Цік-так, цік-так, цік-так!
     Горы і нябёсы адразу ж звярнулі ўвагу на новую хатку. Параіўшыся яны вырашылі:
     – У ёй жыве нешта зусім невядомае, чароўнае, бо яно ходзіць і ходзіць, стукаючы па падлозе бесперапынку!
     Але горы і нябёсы памыляліся. У хатцы на вяршыні гары ніякага чараўніцтва не было. Навукоўцы нашай планеты ведаюць, што гэтая "загадкавая" хатка існуе дагэтуль. І яна патрэбна нам і нашай планеце. Справа ў тым, што ў незвычайнай хатцы жывуць маленькія Гадзінічкі. Іх пасяліў там яго вялікасць Вечны Час. У яго вялікасці заўсёды шмат спраў на Зямлі і ў Сусвеце. Таму ён папрасіў Сонца і Месяц паклапаціцца аб самых Галоўных Гадзінічках Зямлі, бо па іх стрэлках звяраюцца ўсе гадзіннікі ва ўсіх кутках нашай планеты!
     – Дарагія сябры! – звярнуўся Час да Сонца і Месяца. – Я прашу Вас назіраць за маёй хаткай і паведамляць мне, калі раптам Гадзінічкі перастануць ісці і заснуць.
     – Але як жа яны будуць жыць без сну? – спытаў Месяц. – Уначы ўсе спяць!
     – Не ўсе, – запярэчыў Час. – Вось я, напрыклад, ніколі не сплю. Мне спаць нельга, бо ад мяне залежыць жыццё ў Сусвеце. А я не магу дапусціць, каб усё жыццё спынілася. Калі мае Гадзінічкі ў хатцы заснуць, жыццё на Зямлі парушыцца і нават можа загінуць!
     І тады Сонца вырашыла, што будзе клапаціцца аб Гадзінічках Зямлі са сваяго ўзыходу да заходу, гэта значыць, з раніцы да вечара. А Месяц пагадзіўся назіраць, каб Гадзіннічкі не заснулі ноччу.
     З тых часоў на досвітку, уздымаючыся ў неба, Сонейка асвятляе беленькую хатку на вяршыні гары яркім залатым святлом. Познім вечарам на неба ўсходзіць Месяц. Ён пранікае ў маленькую хатку праз шчылінкі і вокны і разлівае па ёй сваё серабрыстае святло.
     Гадзінічкі Зямлі ўвесь дзень і ўсю ноч гуляюць то з залацістымі праменьчыкамі Сонца, то з серабрыстымі іскрынкамі Месяца. І Гадзінічкам зусім не хочацца спаць!
     – Цік-так, цік-так, цік-так, – звонка стукаюць чорненькія стрэлкі па белым цыферблаце галоўных Гадзінічкаў Зямлі. Яны ідуць і ідуць!
     Так, так! Гэтыя стрэлачкі ціхенька, зусім непрыкметна паварочваюцца і ходзяць па крузе.
     А на Зямлі працягваецца жыццё! Адзін дзень праходзіць, затым настае новы дзень. Змяняюцца поры года. Зіма праходзіць, настае вясна, за вясной – лета, за летам – восень. І зноў прыходзіць новая зіма. Як кажуць, усё наша жыццё ідзе па крузе, быццам стрэлкі – па цыферблаце. І жыццё ніколі не спыняецца, таму што Гадзінічкі Зямлі вечныя, як вечны сам Час нашага Сусвету.
     
     У кожнай хаце, дзе жывуць дзеці, ёсць гадзіннік, падобны на Галоўныя Гадзінічкі Зямлі. І калі дзесьці ў нейкай кватэры гадзіннік збіўся з рытму ці спыніўся, гаспадары зараз жа падводзяць стрэлкі. А гэта азначае, што яны звяраюць свой гадзіннік з Галоўнымі Гадзінічкамі Зямлі.
     
     Кожны дзень мы глядзім на свой гадзіннік і імкнемся паспець зрабіць усё, што запланавалі. Маленькія дзеці ходзяць у дзіцячы садок, стараючыся не спазняцца. Вечны Час глядзіць на іх, усміхаецца і хваліць. Затым дзеці падрастаюць, паступаюць вучыцца ў школу. Усе ведаюць, што ў школе вучыцца не так проста. А каб добра вучыцца, трэба ўсё рабіць па гадзінах. Тады паспееш не толькі вывучыць урокі, але і схадзіць на заняткі ў цікавы кружок ці ў спартыўную секцыю.
     Яго вялікасць Вечны Час глядзіць на ўсіх нас са сваёй недасяжнай вышыні і кажа:
     – Шануеце мяне і беражыце, не марнуйце дарэмна, бо я не так проста жыву побач з Вамі. Я – Ваша жыццё!
     
      Гэтая казка на рускай мове
30.01.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100