Агульная справа - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Агульная справа
Агульная справа
У двары бабулі Марусі жылі куры, певень, сабака па мянушцы Шэры і кот Барсік. Кот Барсік быў старэнькі і дрэнна бачыў, таму мышэй ён ужо не лавіў. Бабуля збіралася завесці яшчэ маладзенькую кошачку. Кошачка ёй была вельмі патрэбна. Надакучылі бабулі мышы і пацукі. Мышы ў хату лезуць, а ў куратніку таго і глядзі, каб пацукі курэй не падушылі.      Сабака добра ахоўваў хату. Бабуля Маруся хваліла яго за добрасумленнасць і адвагу, таму і вырашыў Шэры, што ён у хаце галоўны. Хто ж яшчэ? Кот Барсік? Так ён жа стары! Што з яго ўзяць? Цэлымі днямі валяецца на траве ў двары ці на печы ў хаце.
     Неўзабаве старая купіла куранят і пасадзіла ў куратнік. Затым яна прынесла аднекуль маладзенькую кошачку Мурку.
     Ад бабулінай кошкі сабака быў не ў захапленні:
     “Яшчэ адна прэтэндэнтка на галоўнае месца з'явілася! – разважаў ён. – Бабуля яе песціць. Навошта? Што робіць Мурка? Толькі ходзіць цэлы дзень па двары і вочы вытарашчвае, дурніца. Старая ж хваліць яе, а пра мяне зусім забылася!”
     Крыўдна было сабаку. Не вытрымаў ён, і калі бабуля пайшла з двара, накінуўся на Мурку і ўкусіў яе за вуха. Кошка завыла і ўцякла ў хату залізваць рану.
     З таго дня Шэры не даваў праходу кошцы і, калі бабулі не было, гнаў Мурку з двара. А мышы і пацук, якія жылі за хатай, таму былі вельмі радыя. Мышы зноў панадзіліся ў хату лазіць, а Пацук – за куранятамі ў куратнік, бо цяпер у бабулі няма каму было ад іх хату і курэй ахоўваць!
     Убачыла раніцай старая, што знікла кураня і пачала лаяць сваю кошачку. Чаму, маўляў, не ўгледзела за пацуком? Лаяла бабуля кошку ў двары ды так гучна, што сорамна стала Шэраму. Зразумеў сабака, што дарэмна крыўдзіў Мурку, бо не толькі ён галоўны ў хаце, кошка таксама патрэбна бабулі Марусі.
     Перастаў Шэры ганяць Мурку. Зажылі мірна ў тым двары сабака з кошкай. Шэры нават стаў дапамагаць Мурцы палохаць гадкіх мышэй і пацукоў. Толькі пачуе ўначы шоргат каля куратніка – ён тут як тут. Як забрэша!
     – Зараз ніхто не асмеліцца красці нашых куранят і курэй! – ганарліва кажа сабака ўсім.
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.01.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100