Драўляны конік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Драўляны конік
Драўляны конік
Маленькі цацачны конік самотна стаяў ля парога вясковай хаты. Нядаўна з ім гуляў Ігарок, унук дзеда Ягора. Дзед Ягор – майстар залатыя рукі – вытачыў з дрэва гэтага коніка для любімага ўнука. Але той вельмі хутка забыўся на цацку. Яна яму стала не цікавая. Вось машынкі – гэта іншая справа. З імі ён гуляў з задавальненнем, бо тата купляў хлопчыку найноўшыя мадэлі.      – Вырасцеш, сам паедзеш на такой машыне, – казаў ён сыну.
     А дзеду крыўдна было слухаць гэткія словы…
     З'ехалі дзеці ў горад, унука забралі з сабой. А цацачны конік ім не патрэбны. Ён так і застаўся стаяць пасярод двара. Узяў дзед Ягор коніка і аднёс у лес. Паставіў на палянцы. "Жыві, – думае. – Можа табе тут пашанцуе".
     Пайшоў стары дахаты. А конік агледзеўся: зірнуў на кветкі, на дрэвы, пачуў спеў птушак і ажыў!
     Гады ідуць. Пастарэў дзед. Але ніхто з дзяцей не прыязджае да яго ў вёску. Некалі ім. У горадзе ва ўсіх шмат спраў і клопатаў. Унук дзеда, Ігарок, ужо ездзіць на машыне, пра якую марыў у дзяцінстве. Да таго ж, у яго шмат планаў на будучыню.
     – Хай жывуць, як хочуць! – стараўся не крыўдзіцца на дзяцей дзед Ягор. – Гэта іх жыццё. А мне, старому, не трэба ім перашкаджаць.
     Часам з палачкай дзед Ягор выходзіў за сяло і чакаў яго… свайго каня. Толькі ён, родны, не забывае і заўсёды прыбягае да дзеда. Варта паклікаць, і конь тут як тут!
     Бачыце? Які прыгажун! Грыва да зямлі, а вочы глядзяць прама ў душу і нібы кажуць:
     – Дзед! Я твой! І на цябе ніколі не забудуся!
     Паглядзіць так дзед на каня, паглядзіць, пацешыцца і адпусціць яго ў лес. А сам – дахаты, але ўжо з лёгкім сэрцам.
     А час ішоў. Аднойчы, ці то выпадкова, ці то адмыслова (дзед так і не зразумеў), укаціла ў яго двор шыкоўная машына Ігарка.
     – Прывітанне, дзед! Як ты тут!
     Стайць ля парога ўнук, моцны, станісты, прыгожы, зусім як яго конь!
     Пагаварылі трошкі.
     – Памятаеш, унучак, таго коніка, што я табе змайстраваў у дзяцінстве? Зараз ты б не пазнаў яго.
     І пайшлі яны туды…
     – Ігарок, ці бачыш яго?– спытаў дзед, стоячы на ўскрайку сяла.
     Але ўнук не адказаў яму. У гэты момант ён пільна глядзеў на казачнага цуда-каня, не верачы сваім вачам! У сэрцы нуда і боль…
     – Прабач мяне, конік! Прабач! – прашаптаў Ігар. – Прабач, што я быў такі дурны і забыўся на самую добрую і чароўную казку свайго дзяцінства, казку сваёй і тваёй душы. Але яна вярнулася да мяне, і я вельмі рады гэтаму!
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.12.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100