Запаветнае жаданне - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Запаветнае жаданне
Запаветнае жаданне
У маленькае мястэчка прыйшла зіма. Усе дзеці чакалі яе, бо толькі ўзімку на Новы год збываюцца запаветныя жаданні. Кажуць, чараўніцтва адбудзецца, калі вельмі захацець і паверыць у тое, што ўсё будзе так, як ты загадаў!      Пра гэта думаў пяцігадовы Саша. Ён не хадзіў у дзіцячы садок. Яго выхоўвала дома бабуля. А мама жыла ў іншым горадзе. Саша ўжо не бачыў яе цэлы год і, вядома ж, вельмі нудзіўся. Бабуля ўсё яму дазваляла. Шпацыраваць у двары аднаму, але толькі ля пад'езда, глядзець мультыкі і разглядаць старыя фатаграфіі ў альбоме. Там была фатаграфія мамы. Саша глядзеў на яе і стараўся ўспомніць той дзень, калі мама прыязджала да яго. "Я загадаю, каб прыехала мама на Новы год", – вырашыў Саша. Хлопчык у думках папрасіў усіх Дзедаў Марозаў планеты выканаць яго жаданне.
     Але, калі ён спытаў у бабулі, ці прыедзе мама да яго на Новы год, тая адказала:
     –Не, Сашанька, яна не прыедзе. У яе шмат спраў.
     Пачуўшы гэта, Саша не засмуціўся. Ён ведаў, што будзе кожны дзень прасіць Дзедаў Марозаў. І, вядома ж, хоць адзін з іх пачуе яго просьбу і прывядзе да яго маму.
     Ішлі дні. Саша кожны дзень загадваў сваё запаветнае жаданне і прасіў Дзедаў Марозаў выканаць яго. Знаёмая Варона, якая часта сядзела каля пад'езда, кожны раз узіралася яму прама ў вочы і сцвярджала, што ўсё будзе так, як ён задумаў. Нават бабулін кот Барсік пра гэта ведаў і не сумняваўся ні ў чым. І каб Навагодняе свята стала для Сашы самым светлым і радасным, Барсік здзейсніў вельмі адважны ўчынак. Аднойчы ўначы ён збегаў у лес і прынёс адтуль маленькую Ёлку для Сашы. Хлопчык прачнуўся і ўбачыў пасярод пакоя лясны цуд!
     – Хто яе прынёс? – здзівіўся Саша, бо разумеў, што яго старэнькая бабуля не пойдзе ў лес за Ёлкай.
     – Хто, хто! Барсік, вядома! – усміхнулася бабуля. – Ты ж ведаеш, як ён цябе любіць.
     Яна з хітрынкай зірнула на ката, а той падняў хвост і пацягнуўся. Вочы ў Барсіка загарэліся ад гонару. "Так, – нібы казаў ён, – гэта ўсё я зрабіў!"
     – Калі мы яе ўпрыгожым? – спытаў Саша.
     – Я дастану ёлачныя цацкі, а ты ўпрыгожвай Ёлку разам з Барсіком, – адказала бабуля. – Мне яшчэ на рынак схадзіць трэба, купіць прадукты да свята. Да Новага года засталося два дні. Я збіраюся спячы мядовы торт. Ты ж яго любіш.
     – Ура! У нас будзе мядовы торт! – узрадаваўся Саша.
     Пасля сняданку разам з Барсікам яны заняліся Ёлкай. Вы не паверыце, але кот аказаўся добрым памочнікам. Саша стаяў на зэдлічку, развешваў шары і іншыя цацкі, а Барсік падаваў іх яму ў дзвюх лапах! Верхавіну бабуля замацавала сама, калі вярнулася з рынка. І вось ужо лясная прыгажуня заблішчала ўся ў чароўных навагодніх упрыгожваннях! Толькі электрычнай гірлянды з рознакаляровымі лямпачкамі на ёй не было. Шкада!
     "Калі б мама яшчэ і такія лямпачкі прывезла", – падумаў Саша. Але на гэта ён неяк не вельмі разлічваў. Хлопчык разумеў, што і Дзедаў Марозаў не варта загружаць новымі просьбамі. Галоўнае, каб прыехала сама мама!
     Якім жа светлым быў навагодні дзень! Саша прачнуўся раней бабулі, апрануўся, прыбраў ложак і падбег да акна на кухні. Там, за акном па дарозе скакала яго знаёмая Варона. Затым Барсік падышоў да хлопчыка і пачаў варкатаць ранішнюю песню. И тады Саша падумаў: "Яны ведаюць, што мама ўжо едзе". Хлопчык падняў ката на акно і прыціснуў да сябе. Так удваіх яны і стаялі, узіраючыся ў далечыню...
     Неўзабаве прачнулася бабуля. Яна здзівілася, убачыўшы ўнука на кухні, і стала хуценька збіраць ежу на стол.
     – Мой памочник прачнуўся раней за мяне! Есці хочаш? – спытала яна ва ўнука.
     – Бабуля! Пачакай трохі, – адказаў Саша. – Хутка прыедзе мама.
     – Мама? Адкуль ты пра гэта даведаўся?
     – Не скажу. Але я ведаю.
     Бабуля прамаўчала. Ёй стала вельмі шкада малога. Яна разумела, што дачка, мама Сашы, не прыедзе. Аднак яшчэ раз сказаць пра гэта ўнуку бабуля не вырашылася.
     "Мама прыедзе! Я ведаю!" – паўтараў пра сябе хлопчык і ўпарта глядзеў на дарогу.
     І што ж было далей?
     А далей было ўсё так, як загадаў Саша. Мама зразумела, што трэба адкласці ўсе справы і ехаць да сына. І вось яна ўжо на парозе хаты. А Саша бяжыць да яе!
     – Ура! Мама прыехала! Гэта я загадаў сваё запаветнае жаданне! І яно спраўдзілася! Вялікі дзякуй вам, Дзядулі Маразы! – крычаў Саша ва ўсё горла.
     Убачыўшы такі выдатны фінал, Варона задаволеная паляцела дадому, а Барсік падышоў да сваёй міскі з ежай.
     – А цяпер, мае дарагія, прашу за стол! – урачыста прамовіла бабуля. – Яна, вядома ж, вельмі ўзрадавалася ад таго, што прыехала дачка. Зараз усе лепшыя бабуліны стравы будуць на стале.
     – У вас выдатная навагодняя Ёлка! – прамовіла мама. – Але я зраблю яе яшчэ лепшай!
     З гэтымі словамі мама дастала з торбы скрынку з электрычнымі гірляндамі...
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.12.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100