Сініца і верабей (чытае Тамара Вятская) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сініца і верабей (чытае Тамара Вятская)
Сініца і верабей (чытае Тамара Вятская)
Дзінь-дзінь – праспявала Сінічка. – Дзінь-дзінь!      Праз адчыненую фортачку ў пакой уляцеў яе звонкі галасок.
     "Як пяшчотна звініць Сінічка!" – падумаў дзядуля. Ён сядзеў ля акна і любаваўся на квітнеючыя дрэвы. Водар чаромхі разліваўся па садзе, зацвілі вішні і злівы.
     – Чык-чырык! – пракрычаў Верабейка. – Чык-чырык!
     – Дзінь-дзінь! – паўтарыла Сінічка. – Дзінь-дзінь!
     "Якая прыгожая птушачка! Ды і песня яе звонкая", – падумаў Верабейка і тут жа ўсеўся побач з незнаёмкай на галінку вішні, абсыпаную маленькімі беленькімі кветачкамі.
     – Ты вельмі хораша спяваеш! – пахваліў Верабейка Сінічку. – Чаму я цябе раней не сустракаў? – запытаўся ён.
     – Я – Сініца з царкоўнага саду. Там мая хата – сінічнік. Гэтую песню мне падарылі калядныя званочкі.
     – Праўда? А я сваю песню прыдумаў сам! – пахваліўся Верабейка. – Проста люблю вясёлыя ноткі. – Чык-чырык! – бадзёра цвыркнуў Верабейка і ганарліва пырхнуў угару. – Чык-чырык! Чуеш, якая мая песня радасная?
     – Гэта так, – пагадзілася Сінічка. – Ты вясёлы, і мне падабаешся.
     – Тады давай будзем з табой сябраваць, – прапанаваў Верабейка.
     – Давай.
     Па дзядулевым садзе паліліся галасы Сінічкі і Вераб'я. Толькі цяпер яны перапляталіся ў адну агульную песню сяброўства.
     – Дзінь-дзінь! Чык-чырык! Дзінь-дзінь! Чык-чырык! – спявалі птушкі весела і радасна.
     – Кар-р-р! Ха-ха-ха! Кар-р-р! – вельмі гучна, на ўвесь сад, крыкнула вялікая Варона, пралятаючы міма вішні. – Хіба могуць пасябраваць такія розныя птушкі? Вядома не! Кар-р-р! Кар-р-р!
     Відаць, злой Вароне стала зайздросна, што ў яе няма сяброў. Вось толькі Сінічка з Вераб'ём нават не звярнулі ўвагі на яе рэзкі голас. Яны працягвалі складаць добрую песню сяброўства:
     – Дзінь-дзінь! Чык-чырык! Дзінь-дзінь! Чык-чырык!
     
     Дзядуля ўсміхаўся. Яму было прыемна чуць радасную песню дзвюх маленькіх птушачак – пяшчотнай Сінічкі і вясёлага Вераб'я.
     – Сінічка і Верабей пасябравалі, – раптам зразумеў дзядуля. – Як гэта цудоўна!
     Цямнела. А дзядуля ўсё яшчэ сядзеў ля акна. Ён успамінаў сваіх даўніх вельмі добрых сяброў. Прыемныя ўспаміны сагравалі яго, і ён марыў пра новую сустрэчу з дарагімі сэрцу людзьмі...
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
12.12.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100