Смоўж на шпацыры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Смоўж на шпацыры
Смоўж на шпацыры
Жыў-быў ізумрудны Смоўж. Не, ён быў самы сапраўдны, а не зроблены з ізумруду. Проста яго так звалі, таму што ён быў ізумруднага колеру. Надакучыла Смоўжу жыць у сваім вінаградным садзе. Захацелася яму на свет паглядзець. І хоць поўзаў Смоўж вельмі павольна, усё ж такі вырашыў ён адправіцца ў падарожжа.      Вось паўзе Смоўж па сцяжынцы і па баках глядзіць – ці не відаць дзе чаго-небудзь цікавага? Поўз ён, поўз і дапаўз да ізумрудных варот. Прачытаў надпіс уверсе над варотамі – "Дзіцячы парк".
     А за варотамі – ох, як хораша, як весела, як цікава! Весяляцца зялёненькія мошкі, казюлькі, вусені і жучкі. І хоць ізумрудны Смоўж быў далёка не дзіцячага ўзросту, яму дужа захацелася пазабаўляцца ў парку разам з малянятамі. Ён не ўтрымаўся і папаўз праз вароты ў парк.
     Дапоўз Смоўж па гладкай дарожцы з ізумрудных каменьчыкаў да першай гульні, глядзіць – маленькія зялёныя жабяняты гуляюць у класікі.
     Прыг-скок – і жабяня ўжо ў класіку №1, прыг-скок – і вось яно ўжо пераскочыла праз тры класікі і апынулася ў класіку №5. Ах, і жвавыя гэтыя жабяняты!
     "Не, – думае Смоўж, – я так не змагу". І далей паўзе да другой гульні.
     А там зялёныя конікі праз скакалкі, сплеценыя з зялёных павуцінак, скачуць. Ды так высока, што дзіву даешся!
     "Не, і за імі мне, мабыць, не ўгнацца", – падумаў Смоўж і далей папаўз да трэцяй гульні. Там на арэлях з доўгіх і тонкіх зялёных травінак каталіся зялёныя стракозы. Яны проста ўзляталі ўгару-ўніз, угару-ўніз, угару-ўніз.
     Ох, як добра, як прыемна палётаць! Але на арэлі Смоўжа не пусціў строгі Жук-кантралёр. Каб на такіх арэлях катацца, трэба быць лёгкім, як малыя дзеці. Добра, папоўз Смоўж далей. Глядзіць, зялёныя мурашкі па канаце з гнуткага зялёнага дубчыка ходзяць. "Магчыма, і мне можна з імі пахадзіць", – падумаў Смоўж. Толькі ўзлезці на тонкі канат ён так і не змог.
     Папоўз Смоўж далей. А там такі цуд! Па сярэдзіне сонечнай палянкі крынічка фантанам з зямлі б'е і рассыпае ва ўсе бакі свае халодныя пырскі ізумруднага колеру. Вакол фантана пад вельмі прыгожую плаўную мелодыю вальса кружацца пары – хлопчыкі-матылькі і дзяўчынкі-матылькі.
     Вы не паверыце. Як захацелася Смаўжу патанчыць! Але ён жа тоўсты і непаваротлівы. Ох, як крыўдна! Сядзіць Смоўж, слёзы сыплюцца ў яго з вачэй, а два доўгіх зялёных вусіка на галоўцы схіліліся ад засмучэння ўніз да зямлі.
     Убачыў яго Хрушч, які пралятаў міма, і пашкадаваў. Сеў ён на ліст зялёнай папараці, які рос непадалёку, схіліў яго да Смаўжа – маўляў, сядай! Запоўз Смоўж на ліст. Зляцеў Жук з ліста, і той стаў пагойдвацца з боку ў бок, быццам у танцы. Вось і Смаўжу радасць, вось і яму, нязграбнаму, задавальненне!
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.11.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100