Павучкі-работнікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Павучкі-работнікі
Павучкі-работнікі
Прыйшла вясна. Яна азарыла яркім сонечным святлом усю Зямлю з поўначы на поўдзень, з усходу на захад. Нарэшце, вясна дабралася да казачнай краіны, якую не адшукаеш на карце, але якая на самай справе існуе.      – Што ж гэта за краіна? – спытаеце вы.
     Гэта – чарадзейная краіна. У ёй жывуць маленькія чараўнікі. Яны вельмі кемлівыя і ствараюць сапраўдныя цуды!
     Я распавяду вам пра двух брацікаў, маленькіх павучкоў Пака і Вука. Яны пабудавалі для сябе дзіўную па прыгажосці, утульную і цёплую хатку з чароўнай павуцінкі. Гэтая танюсенькая, але моцная, як сталь, павуцінка, на сонейку блішчыць і пераліваецца ўсімі фарбамі вясёлкі!
     Аднойчы ранкам сядзелі Пак і Вук на лавачцы каля сваёй хаткі і штосьці майстравалі. А міма ляцеў Матылёк. Убачыў ён працавітых павучкоў і кажа:
     – Павучкі-малайцы! Вы такія ўмелыя! Калі ласка, адрамантуйце мой ланцужок з янтарных кропелек. Ён парваўся. А мне так хочацца з ім пагуляць!
     – Вядома ж, мы адрамантуем яго для цябе, Матылёк, – адказалі павучкі. І праз хвіліну нанізалі янтарныя кропелькі на новы вельмі моцны шнурочак са сваёй павуцінкі.
     – Ах, і добрыя ж вы ўмельцы! Вялікі вам дзякуй! – сказаў Матылёк, схапіў свой яскравы ланцужок і шчаслівы паляцеў дадому.
     Неўзабаве пра ўмелых павучкоў Пака і Вука даведаліся ўсе насельнікі лесу. І неслі, і неслі да іх свае зламаныя рэчы. А раптам дапамогуць павучкі і паправяць? Так і ёсць. Павучкі нікому не адмаўлялі і ўсё, што маглі, рамантавалі.
     Праз некаторы час брацікі Пак і Вук стаміліся ад бясконцай працы. Трэба ж і ім, нарэшце, адпачыць, бо лета надышло! Узялі павучкі адпачынак і адправіліся ў вандраванне па лесе. Толькі як жа ім перабрацца з дрэва на дрэва, з кусціка на кусцік? І тут на дапамогу павучкам прыйшла кемлівасць. Сплялі яны моцны і доўгі шнурочак з павуцінкі, а потым па яму перабраліся на другое дрэва. Так, пераходзячы з адной сплеценай павуцінкі на другую, і дайшлі павучкі да палянкі.
     А там так хораша! Матылькі лётаюць, яркімі крылцамі машуць. Мушкі гудуць, пчолкі і чмялі песні пяюць. Весела ўсім! І рознакаляровыя кветкі на палянцы не нарадуюцца гасцям. Усміхаюцца, какетнічаюць, смяюцца!
     Але вось няўдача! Страказа-рагатушка ўчапілася крылцам за галінку і падрапалася. Села, небарака, на лісцік, плача. Балюча ёй. А потым і тэмпература ў яе павысілася. Дахаты, на сажалку, Страказе далёка ляцець. Дзе ж узяць ложачак, каб хворую пакласці?
     – Дапамажыце, шаноўныя павучкі! – папарасілі жучкі і мошкі. – Зрабіце Страказе ложачак.
     Ну як жа тут адмовіць! Нават, калі так хочацца адпачыць. Чужое гора як сваё! Пак і Вук тут жа ўзяліся за работу. І не толькі змайстравалі хворай Страказе ложачак. Яны сплялі для яе цёплую коўдру і маленькую хатку ўладкавалі пад зялёнымі галінкамі кусціка.
     Прайшло некалькі дзён, і Страказа акрыяла. Добрыя сябры дапамагалі ёй і ў бядзе не пакінулі. Павесялела Страказа, замахала сваімі крылцамі і паляцела. Але потым вярнулася назад. Вельмі шкада ёй стала пакідаць такую цёплую коўдру з мяккай павуцінкі. Вырашыла яна забраць яе з сабой на сваю старую кватэру. Так і зрабіла.
     Адпачылі павучкі на палянцы і вярнуліся дахаты. Знудзіліся малайцы Пак і Вук па сваёй любай працы. Як жа без яе жыць, не цікава неяк! І плятуць і плятуць павучкі коўдры, падушкі, майструюць ложачкі.
     – Для каго? – спытаеце вы.
     – Для малянят!
     Ва ўсіх нараджаюцца дзеці. Іх трэба няньчыць, гадаваць. Малянятам патрэбны цеплыня і клопат. Вось і просяць жучкі, мошкі і вусені, стракозы і мурашкі павучкоў-малайцоў зрабіць для сваіх дзяцей цёплыя коўдры, падушкі і ложачкі. А брацікі-павучкі Пак і Вук стараюцца нікога не крыўдзіць і дапамагаюць усім!
     
      Гэтая казка на рускай мове
9.11.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100