Як Коцік хацеў пасябраваць з Мышанём - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як Коцік хацеў пасябраваць з Мышанём
Як Коцік хацеў пасябраваць з Мышанём
Неяк марозным зімовым ранкам у двары ля ганка бабуля ўбачыла маленькае кацяня. Коцік жаласна мяўкаў і глядзеў на бабулю, як бы кажучы: "Мне холадна, і я вельмі хачу есці".      − Ты згубіўся! − пашкадавала яго бабуля і панесла ў сваю хату.
     З таго часу Коцік застаўся жыць разам з бабуляй. Малому ўсё было цікава. Ён часта скакаў на акно і разглядаў галубоў, галак, варон, сініц і вераб'ёў. А бабуля распавядала яму пра іх. Коцік глядзеў на бабулю разумнымі вачамі − ён усё разумеў, вось толькі казаць на чалавечай мове не ўмеў. Замест гэтага Коцік варкатаў і лашчыўся да старой, седзячы ў яе на каленях.
     Бабуля часта была занятая: то ежу на кухні гатуе, то ў краму ідзе, то штосьці пляце з саломкі, то шкарпэткі вяжа. Коцік жа любіў гуляць з бабуліным клубком, размотваючы яго. А калі бабуля не дазваляла яму гэта рабіць, ён узлазіў на крэсла і глядзеў у тэлевізар, жадаючы даведацца, што там адбываецца.
     Аднойчы Коцік убачыў на экране тэлевізара вялікага ката, які гнаўся за кімсьці, але не змог злавіць. Маленькі хвастаты звярок, праціснуўшыся праз дзірачку ў куце пакоя, схаваўся ад ката пад дашчанай падлогай.
     Коцік глядзеў у тэлевізар, але нічога не разумеў. І тады бабуля растлумачыла яму:
     − Ты бачыў мышаня. За ім гнаўся дарослы кот. Ён хацеў злавіць мышаня, каб яго з'есці. Але мышаня змагло ўцячы ад ката. Пад падлогай у мышаняці ёсць хата.
     Коцік паслухаў бабулю і падумаў:
     "Калі б я сустрэў такое мышаня, то ніколі б не стаў яго есці, а гуляў бы з ім у розныя гульні".
     Бабуля пагладзіла Коціка і прамовіла:
     − Хочаш, я зраблю цацачнае Мышаня з саломкі?
     − Хачу! − мяўкнуў Коцік.
     Бабуля зразумела яго, і неўзабаве на кухонным стале з'явілася Мышаня. Яно было зусім як сапраўднае, толькі вушкі, носік, хвосцік і ўсё атсатняе ў яго было зроблена з саломкі.
     − Якое дзіва! − падумаў Коцік. − Мне падабаецца гэта цацачнае Мышаня. Я б пасябраваў з ім, калі б яно было жывое!
     З таго часу кожны дзень Коцік падыходзіў да стала, глядзеў на саламянае Мышаня і жадаў, каб яно ператварылася ў сапраўднае. Неяк позна ўвечары, паглядзеўшы на Гадзіннік, які стаяў на стале, Коцік загадаў яму сваё чароўнае жаданне:
     − Гадзіннік! Ператвары, калі ласка, саламянае Мышаня ў сапраўднае, жывое. І няхай гэта адбудзецца апоўначы!
     Гадзіннік пачуў чароўную каманду і перадаў яе па нябеснай сувязі ў часавы цэнтр Сусвету. А Сусвет даў адказ − жаданне кацяняці выканаць роўна ў дванаццаць гадзін ночы. І вось, калі настала поўнач, саламянае Мышаня імгненна ператварылася ў сапраўднае! Гэта шэрае Мышаня саскочыла са стала на падлогу і... выпадкова патрапіла на Коціка, які спаў там жа, на падлозе, на сваёй падсцілцы! Коцік спалохаўся, ускочыў і пабег за Мышанём. А Мышаня не разгубілася, шмыгнула ў шчыліну пад падлогай на кухні, толькі яго і бачылі! Незнарок яно перакуліла бабуліна вядзерца! Металічнае вядзерца зазвінела і разбудзіла бабулю. Тая хуценька ўстала і запаліла святло на кухні. Убачыўшы свайго Коціка, які разгублена разглядаў дзірку ў падлозе, бабуля ўсё зразумела:
     − А мой жа ты Коцік! Мышаня ўцякло ад цябе? Але ў гэтым няма нічога дзівоснага. Усе мышы баяцца катоў.
     Коцік засмуціўся:
     "Значыць, сапраўднае Мышаня ніколі не стане маім сябрам", − здагадаўся ён.
     
     І тады Коцік вырашыў, што заўтра раніцай сядзе да бабулі на калені і папросіць яе зрабіць з саломкі іншую цацку. Але ўжо не саламянае Мышаня, а саламянае Кацяня. Тады, ператварыўшыся ў сапраўднае, Кацяня абавязкова будзе яго сябрам!
     
      Гэтая казка на рускай мове
26.10.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100