Самая лепшая лялька - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Самая лепшая лялька
Самая лепшая лялька
У Алёнкі шмат лялек. Але сёння яна намалявала на кардоне, а затым выразала сваю самую лепшую ляльку. У яе рыжыя валасы і блакітныя вочы. Алёнка назвала новую ляльку Смяшынкай. Яе лялька, сапраўды, увесь час усміхаецца! Дзяўчынка зрабіла з блакітнай паперы сукеначку з белымі валанамі і ўпрыгожыла яе ўзорамі з пацерак. У такім уборы Смяшынка стала сапраўднай прыгажуняй!      Алёнка паставіла ляльку ў куток на стале і мімаволі залюбавалася сваім тварэннем.
     − Ма-ма! − прамовіла лялька.
     − Чаго цябе? − адклікнулася Алёнка.
     − Дзе мая хатка? Я хачу пайсці дадому.
     − Добра! Зараз ты туды пойдзеш, − сказала дзяўчынка.
     Яна ўзяла фламастары і намалявала на паперы хатку. Хутка ў хатцы з'явіліся: чырвоны дах, два паверхі і чатыры вокны. Не паспела Алёнка намаляваць іх, як з вокнаў на вуліцу вызірнулі адразу чатыры сумныя мыскі − дзве сабачыя і дзве каціныя.
     − Вы хто? − спытала Алёнка.
     − Мы − сябры Смяшынкі, жывём разам з ёй.
     − А чаму ж вы такія сумныя? − запыталася Алёнка.
     − Мы сумуем, таму што з намі няма нашай вясёлай сяброўкі. Мы чакаем яе ўжо цэлы дзень!
     Тут сабачкі і кацяняты заўважылі на стале сваю сяброўку і пачалі прасіць Алёнку адпусціць іх да яе.
     − Зараз адпушчу! Але вы ж не зможаце выйсці з хаты! − зразумела дзяўчынка і тут жа намалявала ў хатцы дзверы.
     Дзверы імгненна адчыніліся, і на парозе з'явіліся два белых пудзелька і два рыжых кацяняткі. Яны выскачылі на вуліцу і падбеглі да Смяшынкі. Відаць было, што лялька ўзрадавалася сустрэчы з імі. Яна даўно не бачыла сваіх сяброў і знудзілася па іх.
     − Мамачка! Можна мы пагуляем у садзе? − спытала Смяшынка ў Алёнкі.
     − Добра. Толькі далёка не хадзіце, − адказала дзяўчынка.
     Праз некалькі хвілін на лісце паперы з'явіўся квітнеючы сад, а ў цэнтры яго − новенькая зялёная лаўка. Вядома, лаўка была абсалютна чыстай, таму што Смяшынка села на лаўку, не пабаяўшыся выпацкаць сваю святочную сукеначку. А кацяняткі і сабачкі пабеглі да садоўніка, каб папрасіць у яго жывыя кветкі для хаткі.
     Неўзабаве яны вярнуліся і паказалі Смяшынцы падарунак садоўніка − чатыры вазоны з пунсовымі ружамі. "Якія прыгожыя кветкі!" − падумала Алёнка.
     − Ах, як я люблю такія пунсовыя ружы! − усклікнула Смяшынка і засмяялася ад захаплення. − Яны ўпрыгожаць нашу хату!
     І вось ужо на падаконніках новай двухпавярховай хаткі стаяць гаршочкі з жывымі ружамі. Кветачкі глядзяць у вокны і ўсміхаюцца. Напэўна, ім падабаецца іх новае жыллё. Алёнка злічыла па пяць ярка-чырвоных пялёсткаў у кожнай ружы. "Такія прыгожыя кветкі ёсць не ў кожнай хаце", − падумала яна і сказала сваёй ляльцы:
     − Дачушка! У тваёй хатцы пасяліліся жывыя кветкі. Іх трэба абавязкова паліваць, каб яны не засохлі.
     Смяшынка зірнула на Алёнку і ўсміхнулася:
     − Вядома, матуля! Я ведаю пра гэта.
     − А зараз кладзіцеся спаць, − сказала Алёнка. − Ужо позна. Усім нам трэба выспацца. Лепш заўтра ўстанем крыху раней.
     Дзяўчынка паглядзела на вокны намаляванай хаткі. Неўзабаве ў іх пагасла святло. Значыць, усе жыхары хаткі ўлягліся ў пасцелі. "Пара і мне класціся спаць", − вырашыла Алёнка. Адчуўшы, як на хаду заплюшчваюцца яе вочкі, дзяўчынка хуценька пабегла да свайго ложачка.
     
     Примечание: озвучивание Лики Пташук
     
      Гэтая казка на рускай мове
25.10.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100