Як Крумкач Месяц ратаваў - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як Крумкач Месяц ратаваў
Як Крумкач Месяц ратаваў
Дзесьці далёка на Зямлі ёсць высокія горы. Тысячы гадоў іх вяршыні імкнуцца дарасці да неабсяжнага неба. А з вяршынь гор да зялёных далін і сініх мораў збягаюць вельмі хуткія рэкі. Яны вымываюць са скал камяні і пясок. Ім дапамагаюць моцныя вятры. І тады ў скалах утвараюцца цясніны і пячоры.      Адважныя птушкі, тыя, што любяць лунаць пад аблокамі, часта селяцца вельмі высока побач з вяршынямі гор і нават у пячорах. У адной з такіх горных пячор пасялілася сям'я маладых крумкачоў. Яны пабудавалі вялікае гняздо з галінак і травы, якія знайшлі ўнізе на схіле гары.
     – Аднак, тут, на вышыні, не так ужо і цёпла. Каб нашы будучыя птушаняткі не змерзлі, нам трэба штосьці прыдумаць, – сказала маладая Крумкачыха. – Я бачыла, як па горных сцежках блукаюць алені і козы. Можа, мы адшукаем там трохі казінага пуху і аленевай поўсці, якія ўчапіліся за калючкі і галінкі кустоў.
     – Вядома, мы так і зробім, – падтрымаў жонку Крумкач.
     Неўзабаве птушкі ўжо неслі ў дзюбах кавалачкі поўсці і пуху, каб пакласці іх у гняздо. Праз некалькі дзён яны старанна ўцяплілі ўсе шчылінкі. Гняздо атрымалася мяккім, цёплым і зручным.
     – Зараз нават мароз не будзе страшны нашым будучым птушаняткам! – цешылася Крумкачыха.
     А яе муж, Крумкач, пахвальна ківаў чорнай, як смоль, галавой і махаў бліскучымі сінявата-чорнымі крыламі.
     Неўзабаве ў Крумкачыхі з'явілася шмат клопатаў. Птушка днямі і начамі асцярожна ўкрывала пяць маленькіх далікатных яек пад сваімі крыламі. Тым самым яна старалася яшчэ лепш сагрэць іх. Крумкачы з нецярпеннем чакалі з'яўлення на свет маленькіх птушанят у пячоры, высока ў гарах.
     А ўнізе, у горнай цясніне, жылі кажаны. Яны нічога не ведалі пра сям'ю крумкачоў, хоць, гэтыя маленькія жвавыя звяркі былі вельмі цікаўныя. Усю горную цясніну ўнізе, ля плыні ракі, яны ўжо абследавалі, і цяпер іх зацікавіла вышыня.
     Неяк уначы, калі малады Месяц-Сярпок праклаў з неба да вяршынь гор серабрыстую дарожку, кажанам вельмі захацелася пакатацца на такіх прыгожых, проста выдатных месяцовых праменьчыках! Зграйка кажаноў ірванулася з цёмнай цясніны ўгару, да святла. Мышы ўхапіліся вострымі кіпцікамі за яскравыя прамяні Месяца і павіслі на іх радком уніз галавой, смешна распластаўшы "парусінавыя крылы".
     Што ж мог падумаць малады Месяц-Сярпок, убачыўшы такое незразумелае фантастычнае відовішча? Ён страшна спалохаўся!
     – Які жах! Гэтая доўгая каварная змяя хоча ўкусіць мяне! – вырашыў Месяц, гледзячы на ланцужок з кажаноў, якія звісалі з яго серабрыстых прамянёў.
     Вядома, калі б у небе быў больш дасведчаны Поўны Месяц, ён бы так не спалохаўся. А маладзенькі Месяц-Сярпок аж затросся ад страху! Ён умомант сарваўся з неба і паляцеў уніз, да гор. Там забіўся ў нейкую расколіну, учапіўшыся серабрыстым сярпом за вострыя краі скалы...
     Прайшла ноч, надышоў дзень. І зноў прыйшла ноч. Але ўжо без яркага Месяца на цёмным небе. А няшчасны ўсё яшчэ сядзеў у той самай расколіне скалы і не ведаў, як выбрацца адтуль! Справа ў тым, што ўчапіўшыся за краі скалы сваімі вострымі вугалкамі, Месяц моцна-моцна затрымаўся ў ёй.
     – І-і-і! – енчыў ён. – Хто-небудзь выратуйце мяне!
     Але ціхі галасок нябеснага стварэння тануў сярод гуду вятроў і скал. Толькі мудры Крумкач бязмесяцовай ноччу заўважыў яркае свячэнне ў скале. Там, у цясніне, свяціўся Месяц-Сярпок! У такой цемры было цяжка дабрацца да месца, дзе схаваўся дурненькі, але зоркія вочы не падвялі Крумкача. І ён дабраўся туды, нічога не параніўшы.
     – Як ты, жыхар неба, сюды патрапіў? Навошта забіўся ў расколіну? – здзівілася птушка.
     Даведаўшыся ад Месяца падрабязнасці здарэння, Крумкач усё зразумеў.
     – Ну, і пакажу я гэтым кажанам, дзе ракі зімуюць! – раззлаваўся ён. – Але, як жа мне дапамагчы табе, няшчасны!
     Неўзабаве ў кемлівай птушкі з’явіўся план дзеянняў. Ён адарваў вострай дзюбай ад куста моцную галінку, загнутую на канцы, як кручок. Ухапіў яе за другі канец і прасунуў у расколіну скалы. Затым учапіў кручком Месяц-Сярпок і выцягнуў яго адтуль!
     Узрадаваны, Месяц узняўся ў неба, не забыўшыся, аднак, падзякаваць свайму выратавальніку звонкім воклічам:
     – І-і-і! Дзякуй, сябар!
     Ізноў на небе зазіхацеў Месяц-Сярпок, а месяцовая дарожка паляцела ўніз, да ракі.
     З тых часоў кажаны ўжо ніколі не падымаліся да нябёсаў. Чорны Крумкач забараніў ім узлятаць вышэй горных вяршынь. Але гісторыя на гэтым не закончылася. Крумкач зразумеў, якую патрэбную для жыцця прыладу ён прыдумаў. Доўгую завостраную на канцы галінку ці пругкі лісточак можна прасунуць у глыбокую шчыліну і падчапіць імі вусеня ці чарвяка, якіх немагчыма дастаць адтуль нават сваёй магутнай, але не вельмі доўгай дзюбай.
     Крумкач стаў часта карыстацца такой прыладай. І птушанят, што ўжо падраслі і навучыліся лётаць, ён навучыў гэтаму майстэрству. А крумкачаняты былі не менш кемлівыя, чым іх бацька. Яны спрытна майстравалі, а затым карысталіся "татавымі відэльцамі" і нават прыдумлялі штосьці новае.
     
     Часам маленькі хлопчык ці дзяўчынка не жадаюць вучыцца есці лыжкай і відэльцам. Такое дзіця доўга корміць мама, як кажуць, "з лыжачкі". Дрэнна, калі дзіцяці трэба паступаць у дзіцячы садок, а яно яшчэ не навучылася зашпіляць маланку на сваёй куртцы і зашнуроўваць чаравічкі.
     У жыцці хлопчыку ці дзяўчынцы гэтыя і яшчэ шмат іншых навыкаў, вядома ж, заўсёды будуць патрэбныя.
     
     Гэтая казка на рускай мове
17.10.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100