Рознакаляровыя кроплі дажджу - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Рознакаляровыя кроплі дажджу
Рознакаляровыя кроплі дажджу
Калі я была маленькай дзяўчынкай, то аднойчы з цікаўнасці спытала ў свайго старэнькага, але вельмі разумнага дзядулі: "Чаму ў садзе адны яблыкі зялёныя, другія бардовыя, а трэція белыя? Чаму клубніцы і памідоры чырвонага колеру, а агуркі, капуста і лук – зялёнага?" І тады дзядуля расказаў мне гісторыю, якую даўным-даўно распавяла яму яшчэ яго мама.      У даўнія часы ўсе расліны на Зямлі былі аднолькавага зялёнага колеру. І людзі прывыклі да гэтага. Але аднойчы невядома адкуль, можа нават з іншай планеты, прыляцела да Зямлі Хмара з дажджом. Кроплі вады ў гэтай Хмары былі рознакаляровымі. Дождж паліўся на зямлю і патрапіў на далікатныя пялёсткі кветак. Яны тут жа афарбаваліся ў розныя, вельмі прыгожыя, яркія і вясёлыя колеры: блакітныя і ружовыя, сінія і чырвоныя, жоўтыя і белыя, аранжавыя і бардовыя. А некаторыя з кветак нават атрымаліся рознакаляровымі, бо на іх патрапіла адразу некалькі розных па колеру кропелек дажджу.
     Гародніна, садавіна і ягады адразу ж заўважылі дзівосныя змены ў жыцці кветак. Ім таксама вельмі захацелася стаць такімі ж прыгожымі. Яны пачалі ўгаворваць сыходзячую Хмарку размаляваць іх рознакаляровымі фарбамі. Аднак цудоўная Хмарка да таго часу прыкметна паменшылася. У яе засталіся толькі кроплі некалькіх колераў. Калі Хмарка паліла сады, гароды і лясы струменьчыкамі сваёй вады, атрымалася вось што.
     На памідоры, клубніцы, суніцы, палову парэчак і вішню патрапілі чырвоныя кроплі, на астатнія парэчкі і чарніцы – цёмна-сінія, амаль чорныя кроплі, на сліву і агрэст – жоўтыя. На некаторыя яблыкі і грушы патрапіла адразу па некалькі каляровых кропелек жоўтага, чырвонага і белага колеру. А гародніна і садавіна, на якія кроплі каляровага дажджу наогул не патрапілі, засталіся зялёнымі.
     Кожную вясну на гародах, у садах і лясах з'яўляюцца і пачынаюць паволі расці зялёная гародніна, садавіна і ягадкі. Прыйдзе лета. Цёплыя летнія дажджы напояць зямлю вадой. І тады тыя плады і ягадкі, якія ўжо падраслі і насычыліся сокам, афарбуюцца ў яркія вясёлыя колеры, бо гэтыя яркія колеры падарыла ім калісьці цудоўная Хмарка з каляровымі кроплямі дажджу.
     Вось такую гісторыю калісьці даўно распавёў мне старэнькі дзядуля. А наколькі яна праўдзівая, вырашаць Вам.
     
     Гэтая казка на рускай мове
17.10.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100