Сям'я лебедзяў - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сям'я лебедзяў
Сям'я лебедзяў
Прыйшла вясна. Лясное возера, яшчэ нядаўна закаванае ў ледзяное покрыва, адтала і ажыло. Лупатыя ракі і зялёныя жабы вынырнулі з вады, каб адагрэцца на сонейку. А за імі вялікія рыбы і маленькія рыбінкі падняліся з глыбіні возера да яго паверхні, туды, дзе вада лепш прагрэлася.      Неўзабаве з поўдня прыляцела маладая сям'я з двух белых лебедзяў. Ім вельмі спадабалася лясное возера, і яны вырашылі пасяліцца тут. Лебедзь, як галоўны ў сям'і, пачаў будаваць гняздо на вадзе ў зарасніках трыснягу. Ён вельмі стараўся: наносіў галінак, травы і змайстраваў цёплае ўтульнае гняздзечка. Яго жоначка, прыгажуня Лябёдка, доўга аглядала новае жыллё. Яна не садзілася ў гняздо, каб знесці яйкі, пакуль усе дзірачкі не былі добра заканапачаны і ўцеплены. Лябёдка разумела, што маленькія птушаняткі, якія вылупяцца з яек, вельмі далікатныя, яны баяцца холаду і скразнякоў.
     Нарэшце, будучы тата-Лебедзь скончыў сваю працу і пасадзіў Лябёдку ў гняздо. Пакуль тая выседжвала яйкі, атуліўшы іх сваім мяккім і цёплым апярэннем, ён быў увесь час напагатове і засцерагаў сямейства ад няпрошаных зладзеяў.
     З кожным вясновым днём сонейка прыгравала мацней, таму вада ў возеры станавілася больш цёплай.
     – Паглядзі на ваду, – неяк раніцай сказала Лябёдка свайму мужу, беламу Лебедзю. – Яна ружовага колеру. Ранішняе сонца так цудоўна асвяціла яе! Гэта добрая прымета. Я ведаю, сёння ў нас народзяцца птушаняты!
     Так і здарылася. Неўзабаве вострыя цёмныя дзюбкі адна за адной прабілі тоўстую шкарлупіну яек, і з іх паявіліся спачатку мокрыя шэрыя галоўкі, а потым маленькія крылцы і лапкі. Вось так птушаняткі і нарадзіліся на белы свет!
     – Якія яны прыгожанькія! – сказаў тата-Лебедзь.
     – Яны цудоўныя! З іх вырастуць сапраўдныя моцныя лебедзі, – дадала мама-Лябёдка.
     З таго дня бацькі з вялікай любоўю і стараннем гадавалі сваіх дзяцей. Яны кармілі малых чарвячкамі і маленькімі рыбкамі. А птушаняты, седзячы ў гняздзе, хутка раслі і неўзабаве навучыліся плаваць у вадзе. Мама-Лябёдка павяла іх на шпацыр па лясным возеры. Птушаняты разглядалі ўсё навокал. Ім было так цікава! Яны ныралі ў ваду, стараючыся ўхапіць рыбак за хвост, аглядалі зараснікі трыснягу, які рос ля берага.
     На адным з такіх шпацыраў ледзь не здарылася жудасная бяда! Самае няўрымслівае птушаня ўцякло ад мамы, хоць выдатна ведала, што гэтага рабіць нельга. Яно без дазволу паплыло да другога берага возера. Але тата-Лебедзь, як заўсёды, быў напагатове. Ён заўважыў рыжую Лісу, якая стаілася ў чаратах і прыгатавалася злавіць дурное птушаня. Ды дзе там! Тата-Лебедзь замахаў крыламі і так сыкнуў на зладзюжку, што тая страшэнна спалохалася і хуценька ўцякла прэч. Пасля гэтага выпадку птушаняты больш не адплывалі далёка ад бацькоў. Яны зразумелі, якая небяспека падстерагае іх на лясным возеры.
     Да канца лета маладыя лебедзі выраслі, іх крылы сталі такімі ж вялікімі, як у бацькоў. Вось тады мама з татам пачалі вучыць іх лётаць. Яны паказалі сваім дзецям, як трэба ўзлятаць з вады і выпростваць крылы, як ляцець па небе і плаўна махаць крыламі, як садзіцца на ваду і пры гэтым акуратна складаць крылы. Маладыя лебедзі вельмі стараліся і хутка навучыліся лётаць. Цяпер ім была ўжо не страшная хітруга Ліса!
     А ўвосень, калі з поўначы падзьмулі халодныя вятры і вада ў возеры пацямнела ад холаду, уся дружная сям'я лебедзяў – мама, тата і іх дзеці, развітаўшыся з сябрамі, паляцелі ў паўднёвыя краіны на зімоўку.
     
     Гэтая казка на рускай мове
3.10.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100