Стрыжы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стрыжы
Стрыжы
Кожны год у травні ў мой горад прылятаюць чорныя стрыжы. У двары нашага шаснаццаціпавярховага дома гэтыя маленькія, але вельмі шпаркія птушачкі, з'яўляюцца ўжо не першы год. Сваім пранізлівым свістам яны паведамляюць аб сабе па вечарах на заходзе сонца. Быццам жывыя звышгукавыя самалёцікі, чорныя стрыжы кружацца ў небе, а потым хаваюцца ў шчылінах пад балконамі на верхніх паверхах дома. Што яны ўладкавалі там свае гнёзды, я ўжо зразумела. Але пра тое, што стрыжы не могуць узлятаць з зямлі і садзіцца на галінкі дрэў, аднак умеюць спаць у небе, падымацца на вышыню да трох тысяч метраў і развіваць хуткасць да ста шасцідзесяці кіламетраў у гадзіну, я даведалася не так даўно.      Такім адважным і цягавітым птушкам хочацца спяваць дыфірамбы і складаць пра іх казкі...
     
     У шчылінах балкона дваццатага паверху нядаўна пабудаванага дома пасялілася сям'я чорных стрыжоў – будучыя мама і тата. Месца для гнязда, як заўсёды, выбіраў тата.
     – Тут утульна, – казаў ён маме. – Нам будзе цёпла, і дзеці ўбачаць сонца, бо гэта ўсходні бок дома.
     – Вельмі добра! – пахваліла яго мама. – Вось толькі вячэрні заход сонца яны не ўбачаць. Яго захіляць сцены дома.
     – Нічога страшнага! Дзеці падрастуць, выляцяць з гнязда, і тады перад імі будзе адкрыты ўвесь свет! – супакоіў яе тата.
     Неўзабаве ва ўладкаваным гняздзечку з'явіліся на свет двое вельмі добрых маленькіх птушанятак – Саўка і Борка. Так іх назвалі бацькі. Дзеці, як кажуць, раслі не па днях, а па гадзінах. Вядома! З такім добрым харчаваннем і доглядам! Мама з татам стараліся з усяе сілы. Іх дзеці з ранку да самай ночы атрымлівалі выдатную ежу – "высакаякасных" мошак і жучкоў. Бацькі без стомы здабывалі іх. Каб здабыць мошак раніцай птушкам трэба было падымацца на велізарную вышыню ў неба, і толькі ў вячэрнія гадзіны стрыжы спускаліся ніжэй.
     – Як смачна! – казалі малыя. – Але мы ўсё яшчэ хочым есці!
     – Абжоры! – бурчэлі мама з татам, аднак нястомна выконвалі свае бацькоўскія абавязкі.
     Іх справа ўвянчалася поспехам. Птушаняты хутка падраслі і падужэлі.
     – Цяпер нам ужо можна лётаць? – запыталіся яны ў бацькоў. – Нашы крылы падымуць нас угару да сонца?
     – Падымуць, – адказалі мама з татам. – Вось толькі ёсць некалькі забароненых рэчаў, якія вам нельга здзяйсняць ні пры якіх абставінах. Першае патрабаванне. Нельга садзіцца на зямлю так, як гэта робяць іншыя птушкі. Другое патрабаванне. Нельга адцягвацца, інакш на вялікай хуткасці можна ўрэзацца ў дом ці адзін у аднаго. Перш, чым штосьці рабіць, заўсёды трэба падумаць і паводзіць сябе вельмі ўважліва і асцярожна.
     – Зараз вы вылеціце з гнязда, – працягвалі павучаць птушанят бацькі. – І з гэтай хвіліны будзеце самі здабываць сабе пражытак – лавіць дзюбай мошак. Нават спаць вы навучыцеся высока ў небе, распластаўшы крылы і лунаючы на паветраных хвалях. Будзьце дружныя і ніколі не пакідайце адзін аднаго ў бядзе, дапамагайце!
     – Добра! Мы так і будзем рабіць! – паабяцалі Саўка і Борка. Развітаўшыся з бацькамі, яны адважна вылецелі з гнязда.
     – Шчаслівай дарогі! – крыкнулі ім услед мама з татам.
     А іх дзеці ўжо набіралі вышыню. Нібы "рэактыўныя самалёцікі", маладыя стрыжы ўзнімаліся ў паднябессе, бліжэй да сонца!
     – О-о-о! Якое неба! О-о-о! Якое сонца! – захоплена крычалі птушкі. Іх галасы былі падобныя на яркі вельмі радасны свіст.
     – І-і-і! – звінела неба, адлюстроўваючы гэтыя гукі.
     А падужэлыя птушачкі падымаліся ўсё вышэй і вышэй. Вось яно якое бязмежнае, гэтае неба. Як выдатна і прыемна лётаць!
     Саўка падымаўся ўвысь, Борка ледзь паспяваў за ім. Не, ён не быў слабейшым за брата, проста з непрывычкі трохі стаміўся ад такога імклівага палёту. Напэўна, мама з татам штосьці не дагаварылі, штосьці забыліся параіць сваім дзецям. Вядома, што стрыжам абавязкова трэба ўмець захоўваць у палёце свае сілы і часам расслабляцца, каб трохі перадыхнуць і аднавіцца.
     Так ці інакш, але бедны Борка раптам зразумеў, што зусім выбіўся з сіл і не зможа дагнаць брата.
     – Саўка! Я падаю! – у роспачы крыкнуў ён, калі ўбачыў, што падымаецца не ўгару, да сонца, а апускаецца ўніз, да зямлі. Небарака зваліўся ў траву каля свайго шматпавярховага дома.
     – Што з табой! Табе дрэнна? – пачуў Борка голас брата.
     Саўка спусціўся ўніз амаль да самай травы і рабіў кругі каля таго месца, дзе знаходзіўся Борка. Аднак дапамагчы брату ён не мог, бо падымацца з зямлі ў паветра стрыжы не ўмеюць. І гэта так крыўдна! Кароткія лапкі з накіраванымі наперад пальчыкамі не дазваляюць стрыжам хадзіць па зямлі і ўзлятаць з яе, ўтрымлівацца на галінах дрэў, як гэта робяць іншыя птушкі.
     Вось і Борка, зваліўшыся на зямлю, хоць і спрабаваў, але не змог устаць на лапкі, яму заміналі доўгія крылы! Ён толькі катаўся па траве.
     
     – Глядзі! Стрыж! Яго з'есць кот! – крыкнула Маша, калі заўважыла каля дзіцячай пляцоўкі маленькую чарнакрылую птушачку, якая адчайна кідалася, спрабуючы ўстаць на лапкі.
     У гэты час дзяўчынка гуляла ў двары разам з брацікам. Яна ўсё ведала пра стрыжоў. Ёй і брату пра гэтых дзіўных птушак нядаўна распавядаў бацька.
     – Андрэйка! Давай дапаможам птушцы, – прапанавала Маша. – Асцярожна вазьмі стрыжа і пакладзі на сваю далоньку. Ён супакоіцца і ўзляціць.
     Дзеці так і зрабілі. Хлопчык паклаў Борку на далоньку, акуратна расправіўшы яго крылцы. Малады стрыж нават не супрацівіўся. Ён адразу зразумеў, што людзі жадаюць дапамагчы яму. А калі Андрэйка падняў далоньку ўгару, стрыж узмахнуў крыламі і паляцеў!
     – Ура! Мы яго выратавалі! – крычалі дзеці і смяяліся ад радасці.
     Яны разумелі, што птушка была шчаслівая не менш, чым яны, бо яна зноў паднялася ў паветра!
     
     А там стрыжа ўжо чакалі бацькі і брат. Птушкі ўвесь час кружыліся па двары і вельмі-вельмі хваляваліся. Але цяпер ужо ўсё ў мінулым. Борка ляціць!
     – І-і-і! – пачулі Маша з Андрэйкам. Так птушкі дзякавалі ім за аказаную дапамогу. Тры, чатыры ці пяць удзячных кругоў над дзецьмі здзейсніла гэтая птушыная сям'я, перш чым падняцца ўгару, пад аблокі.
     Вядома, гэты маленькі няўдалы вопыт шмат чаму навучыў Борку і Саўку.
     – Трэба быць асцярожнымі. Не перагружайце сябе, навучыцеся адпачываць у паветры! – пасля вельмі часта гаварылі ім бацькі.
     
     Пажадаем жа і мы дважным вельмі шпаркім птушачкам шчаслівых палётаў над нашай Зямлёй.
     
     Гэтая казка на рускай мове
29.09.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100