Лясныя Расінкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лясныя Расінкі
Лясныя Расінкі
Прачнуўшыся на досвітку, Сонейка вырашыла асвятліць цёмны лес. Яно накіравала свае яркія прамяні на зялёную траву і далікатныя пялёсткі кветак.      Адбыўся цуд! На траве, на лісцях і кветках заззялі, замігацелі мільёны вадзяных кропелек – Расінак! Яны нарадзіліся гэтай ноччу і ніколі раней не бачыліся. Таму цяпер, асветленыя сонечнымі праменьчыкамі, з цікавасцю разглядалі адна адну.
     – Ты – мая сястрычка? – дапытвалася адна перламутравая Расінка ў другой, сваёй блізняткі.
     – Так! Цяпер мы – сяброўкі! Ты такая прыгожая! – панесліся па лесе далікатныя дзявоцкія галасы Расінак.
     – Ш-ш-ш-ш! – прашаптаў ранішні Ветрык. – Цішэй! Не абудзіце лес. Няхай ён яшчэ паспіць!
     – А мы ўжо прачнуліся! Мы хочам гуляць і лётаць па небе, – звінелі Расінкі.
     – Вы яшчэ паспееце паляцець да аблокаў. Але перш за ўсё трэба напаіць і ўмыць птушак, жучкоў, мурашак і пчолак. Ваша вадзіца гаючая. Ёй любяць умывацца нават людзі.
     – Я напаю залатую Івалгу. У яе вельмі звонкі галасок! Я ведаю, дзе яна жыве, – абвясціла Расінка, падобная на маленькі бліскучы шарык. Ён качаўся на шырокім лісце падбелу.
     – Івалга! Ляці да мяне. Я напаю цябе сваёй прахалоднай вельмі смачнай вадой! – паклікала Расінка.
     Юная Івалга, жоўта-зялёная прыгажуня, ужо прачнулася і вылецела з гнязда. Яна сядзела недалёка ад Расінкі, на галінцы белай бярозы. І ёй вельмі хацелася піць. За ўсю ноч птушка не праглынула ніводнай кропелькі вады. Горлачка ў яе перасохла. Небарака не магла прамовіць ніводнага гуку, пакуль не напілася воды з крыштальнай шкляначкі, якую паднесла ёй Расінка.
     Падзякаваўшы Расінцы, Івалга пырхнула ўгару, да свайго гнязда. А потым увесь лес пачуў яе радасны чысты галасок:
     
     Фіў-Фліў! Фіў-Фліў!
     Я папіла ранішняй расы, прамыла вочкі і цяпер спяваю! Фіў-Фліў!
     Птушачкі-невялічкі! Шчодрыя Расінкі дораць вам сваю гаючую ваду!
     
     Пачулі пяшчотны галасок Івалгі верабейкі, галкі, шпакі, пеначкі, дразды, амялушкі, чыжы, ластаўкі і іншыя лясныя птушачкі. Расплюшчылі яны свае вочкі і зразумелі, што іх горлачкі таксама за ноч перасохлі. Зараз яны не змогуць праспяваць ранішнія песенькі. Седзячы на галінках дрэў, паглядзелі птушачкі ўніз на траву, на кветкі і ўбачылі там тысячу перламутравых Расінак. Падляцелі птушачкі да Расінак і сталі прасіць у іх чыстай вады для таго, каб намачыць горлачкі і дзюбкі, а потым прамыць сонныя вочкі.
     Усіх сонных птушачак, усіх працаўнікоў-мурашак, усіх няўрымслівых пчолак і жучкоў, усіх легкакрылых матылькоў напаілі і ўмылі ранішнія Расінкі. Неўзабаве ўвесь лес загудзеў, заспяваў, зазвінеў! Ён напоўніўся звонкім гудзеннем, стракатаннем, птушынымі галасамі.
     – Цяпер, калі ўсе ў лесе задаволены, вы можаце ляцець да небёсаў! – прасвістаў Ветрык.
     Увесь час, пакуль Расінкі раздавалі ўсім жадаючым чыстую ваду, Ветрык лётаў па небе побач з сонечнымі прамянямі. Ад іх цяпла ён таксама нагрэўся і таму стаў вельмі гарачым. Зараз варта было Ветрыку толькі дакрануцца пальчыкам да ранішніх Расінак, як яны ўмомант ператвараліся ў пару і падымаліся ў неба.
     – Пакуль! – крычаў ім Ветрык. – Да ночы вяртайцеся назад, адпачнеце да світання ў сваіх утульных ложачках з кветкавых пялёсткаў і травы.
     – А як жа мы ізноў ператворымся ў кропелькі? – дапытваліся паравыя Расінкі.
     – Не хвалюйцеся! – адказваў Ветрык. – Да ночы гарачыя сонечныя прамяні схаваюцца за гарызонтам, таму я хутка астыну. І тады ўсіх вас лёгка ператвару з пары ў бліскучыя вадзяныя кропелькі.
     
     Гэтая казка на рускай мове
27.08.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100