Нашы школы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нашы  школы
Нашы школы
На Школьнай плошчы ў цэнтры мястэчка Бярозкі стаялі два вельмі характэрныя дамы: блакітны чатырохпавярховы будынак Агульнаадукацыйнай школы і жоўценькі трохпавярховы будынак Музычнай школы. Абодва дамы былі аднагодкамі. Іх пабудавалі дваццаць гадоў назад. Школы вельмі любілі, калі іх класы напаўняліся вясёлымі дзіцячымі галасамі. Колькі дзяцей вучыліся ў іхніх сценах, старыя школы нават не маглі падлічыць. Але яны памяталі ўсе школьныя святы, ведалі ўсіх добрых вучняў і вельмі ганарыліся імі.      Самай сумнай парой года Музычная і Агульнаадукацыйная школы лічылі лета. Аднак усім вядома, што менавіта лета больш за ўсё любяць вучні. Лета – гэта канікулы! А што можа быць лепей, чым актыўны адпачынак на дачы, каля мора, у лесе, у гарадскім парку, на спартыўнай пляцоўцы разам з сябрамі. Колькі цікавых забаў і гульняў дорыць лета дзецям!
     Вось чаму ніхто з дзяцей не хацеў, каб надыходзіла восень, а старыя школы марылі пра гэта.
     – Ведаеш, мне так сумна, – аднойчы ў гарачы летні поўдзень паведаміла сяброўцы Музычная школа. – Я нават трохі хварэю.
     – З-за чаго? – запыталася Агульнаадукацыйная школа.
     – Мае класы пустыя, толькі вартаўнік сядзіць ля ўваходных дзвярэй. А мне так падабаецца слухаць цудоўныя галасы скрыпкі, піяніна, раяля, трубы або флейты, цымбал, балалайкі, гітары або акардэона. Нават голас барабана мне па душы. Я зусім не магу жыць без гэтых звонкіх і вясёлых галасоў.
     – А дзіцячыя галасы ты не любіш?
     – Як гэта не люблю! Яшчэ як люблю. Я нават гатовая развучваць з дзецьмі песні, запамінаць мелодыі і словы. Па вечарах, пасля таго, як пусцеюць калідоры і класы, я засынаю, і ўсю ноч мне сняцца музычныя сны. Я быццам лётаю па небе, як птушка, і спяваю.
     – Як птушка? – здзівілася Сінічка.
     Яна сядзела на бярозцы, якая расла побач з Музычнай школай. Тут, на Школьнай плошчы, было шмат прыгажунь бяроз. Іх пасадзілі дваццаць гадоў назад, калі будавалі новыя школы. За шмат гадоў з маленькіх саджанцаў бярозкі ператварыліся ў высокія стройныя дрэвы.
     – Менавіта так! – пацвердзіла Музычная школа.
     – Чы-і-і! Я яе разумею, – прасвістаў Чорны Стрыж, лётаючы кругамі над плошчай.
     Ён лавіў мошак для сваіх птушанят. Яны чакалі яго ў гняздзечку пад дахам Музычнай школы.
     – І мне таксама сумна, – сказала Агульнаадукацыйная школа. – Цяпер і мае класы пустыя, ніхто не вучыцца, седзячы за партамі, ніхто нічога не піша на школьных дошках. І наогул, ўлетку ў маіх пакоях поўная цішыня. А я не люблю цішыню.
     Хто б мог падумаць, што ўсю гэтую гутарку слухала дзяўчына Лета! Яна выпадкова апынулася на Школьнай плошчы і хавалася за бярозкамі. Дзяўчыне Лета стала неяк не па сабе. Яна заўсёды думала, што яе любяць усе. Яна ж прыносіць столькі шчасця і весялосці! Аказваецца, вунь тыя старыя будынкі, у якіх размясціліся дзіцячыя школы, увесь час нудзяцца па дзіцячых галасах!
     "Хутка сюды вернуцца дзеці. На календары канец жніўня, – прыгадала дзяўчына Лета, – і надышоў час мне саступіць месца Восені".
     А Восень ужо была ў дарозе. Бярозкі на Школьнай плошчы нават не заўважылі, як на іх пышных зялёных кронах з'явіліся першыя жоўтыя лісточкі. Стрыжы, якія вельмі баяцца халадоў, падгадаваўшы птушанят і навучыўшы іх лётаць, хуценька рыхтаваліся да далёкага пералёту ў вырай. Сапраўды, неяк непрыкметна ночы сталі халаднейшымі, а дні – не такімі спякотнымі.
     – Хутка восень, першае верасня! – такія словы аднойчы ранкам пачулі будынкі дзіцячых школ.
     Гэта была гутарка двух маладых жанчын. Адна з іх працавала настаўніцай мастацкай літаратуры ў Агульнаадукацыйнай школе, а другая – настаўніцай сальфеджыа і музычнай літаратуры ў Музычнай школе. Жанчыны прыселі на лаўку і пачалі гаварыць пра маючую неўзабаве адбыцца школьную лінейку. Справа ў тым, што школьная лінейка ў пачатку навучальнага года заўсёды праводзілася адначасова для вучняў абедзвюх школ.
     – Ура! – узрадаваліся старыя школы. – Хутка ўрачыстая лінейка! Мы так любім гэта свята!
     І вось надышоў шчаслівы дзень – Першае верасня! На ўрачыстай лінейцы ў цэнтры Школьнай плошчы пазбіралася шмат святочна апранутых людзей з букетамі кветак у руках. Гэта былі настаўнікі, дзеці і іх родныя: мамы, таты, бабулі, дзядулі. А старыя школы, упрыгожаныя рознакаляровымі шарамі і гірляндамі, радасна зіхацелі на сонцы сваімі чыста вымытымі вокнамі. Яны быццам памаладзелі на дваццаць гадоў! Школы, з нецярпеннем і нават трошкі баючыся, чакалі, калі ж дзеці зойдуць у чысценькія класы і ўсядуцца за свае парты.
     – Я веру, што дзеці не будуць пэцкаць новыя парты і смеціць паперкамі, – казала Агульнаадукацыйная школа, якая размяшчалася ў чатырохпавярховым блакітным доме. – У маіх памяшканнях працуюць выдатныя разумныя і добрыя настаўнікі. Яны любяць дзяцей, імкнуцца навучыць іх толькі добрым і карысным справам. Дзеці з павагай ставяцца да сваіх настаўнікаў.
     – І мае дзеці такія ж, – сцвярджала трохпавярховая жоўценькая Музычная школа. – Я ўпэўнена, яны за лета добра адпачылі і выканалі хатнія заданні, каб не забыцца, як трэба іграць на музычных інструментах.
     – Як добра, што ты прыйшла! – радасна шапталі школы дзяўчыне Восень, якая стаяла ў старонцы за бярозкамі, там, дзе яшчэ нядаўна хавалася дзяўчына Лета.
     Восень назірала за школьным святам. І няхай яе больш ніхто не заўважаў, Восень радавалася разам з усімі. І ёй гэтак жа, як і дзецям, хацелася спяваць і весяліцца. Гэта было і яе свята, бо Першае Верасня – пачатак навучальнага года і першы дзень Восені...
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
18.08.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100