Казка пра Белавежскую пушчу (трэцяе вандраванне чорнага Крумкача) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка пра Белавежскую пушчу (трэцяе вандраванне чорнага Крумкача)
Казка пра Белавежскую пушчу (трэцяе вандраванне чорнага Крумкача)
     
Нарэшце, скончылася халодная зіма. Прыгрэла сонейка. Чорны Крумкач вызірнуў са свайго дупла і зразумеў, што ён яшчэ не такі стары, і ў яго хопіць сіл, каб адправіцца ў новае займальнае вандраванне. Адкрываць для сябе незнаёмыя месцы Крумкач вельмі любіў. Куды ж зараз ён вырашыў злятаць, у які бок?      Яшчэ ўвосень пералётныя птушкі распавялі яму пра велізарную старажытную пушчу, якая размешчана на вялікай раўніне:
     – У гэтым бязмежным лесе вельмі хораша, там жыве шмат розных птушак і звярэй. У пушчы ёсць гаспадар – вялікі і вельмі моцны бык. Яго завуць Зубрам. Ён ахоўвае пушчу, і ўсе звяры яго слухаюцца. Зубр любіць парадак. Дрэвы ў пушчы ніхто не высякае, яны растуць ужо мноства гадоў. Сярод іх ёсць такія, якія дараслі да самага неба і дакранаюцца да аблокаў! Гэта дрэвы-волаты з таўшчэзнымі стваламі, ім ужо больш за пяцьсот гадоў! – распавядалі птушкі.
     "Дзівосна! – думаў Крумкач. – Я не дажыву да такіх гадоў, але паглядзець на старажытных жыхароў Землі яшчэ змагу".
     На досвітку ён адправіўся ў падарожжа. Пералёт доўжыўся некалькі дзён. Чорны Крумкач не ўмеў спаць у паветры так, як гэта робяць маленькія стрыжы і вялікія буслы. Ён спускаўся на начлег у невялікія гаі ці вясковыя сады. На полі альбо ў гародзе заўсёды можна адшукаць што-небудзь з ежы і не застацца галодным.
     Белавежская пушча сустрэла вандроўцу звонкімі птушынымі галасамі. Але ўвесь старажытны лес пакуль яшчэ не прачнуўся. Ранішняя смуга не рассеялася, і першыя сонечныя праменьчыкі не паспелі сагрэць азяблыя за ноч расліны. Кропелькі начной прахалоды сцякалі ўніз па ствалах дрэў, а высокая трава зіхацела перламутрам ранішняй расы.
     Нарэшце яркае святло ўзыходзячага сонца пабегла па хваёвых і яловых лапках, па лістоце бяроз і асін, клёнаў і ясеняў. Яно сагрэла траву і кусты. І адразу ж прачнуліся пчолкі і жучкі, мухі і мошкі. Лес напоўніўся іх гудзеннем і стракатаннем конікаў.
     Чорны Крумкач назіраў за ўсім гэтым, адпачываючы на галінцы велізарнай хвоі. Вышыня незнаёмых дрэў яго так здзівіла, што ён вырашыў узлезці на самую верхнюю галіну і агледзець лес адтуль.
     – О-го-го! Гэта трэба было ўбачыць! – пракрычаў Крумкач, падняўшыся пад самыя аблокі. Падхопленыя струменямі ветру гукі яго голасу панесліся па лесе.
     – Хто гэта так крычыць? – праскрыпеў велізарны Дуб.
     Яго крона была вышэй астатніх дрэў, таму Дуб змог разгледзець чорнага Крумкача, які сядзеў удалечыні на верхавіне старой хвоі.
     – Ляці да мяне, вандроўнік! Я буду рады пазнаёміцца з табой, – па-сяброўску памахаў велізарнымі разгалістымі галінамі карэнны жыхар Белавежскай пушчы.
     Неўзабаве Крумкач ужо сядзеў на яго галінцы, а Цар-Дуб распавядаў яму, быццам старому прыяцелю, пра свой родны куточак Зямлі:
     – Наша пушча старажытная. Я нарадзіўся тут і пражыў ужо больш за шасцьсот гадоў. Старых дрэў у нас шмат. Гэта мае даўнія сябры. У пушчы растуць дубы і ясені, хвоі і елі – тысяча дрэў-волатаў. У рэзідэнцыі Дзеда Мароза жыве мая сяброўка, старая Ёлка. Калі ты паглядзіш з вышыні, то ўбачыш яе верхавіну. Гэтая Ёлка вышэй усіх астатніх елак Белавежскай пушчы. Я пасылаю ёй паветраныя пацалункі і прашу знаёмага Салаўя праспяваць для яе прыгожую песню ў вячэрнюю гадзіну, перад сном. Мая прыгажуня абчэплена гірляндамі з электрычных лямпачак. Іх часта ўключаюць, калі ў госці да Дзеда Мароза прыязджаюць дзеці.
     Я люблю Белавежскую пушчу. Гэта мая радзіма, – працягваў Цар-Дуб. – Ты пажыві тут некалькі дзён, і табе не захочацца пакідаць нас. Паглядзі на нашы азярцы і рачулкі, пасябруй са звярамі і птушкамі.
     – Я так і зраблю, – паабяцаў Крумкач. – Мне вельмі цікава больш даведацца пра вас.
     – Тады ляці, глядзі і запамінай. Распавядзеш пра нашу пушчу сваім сябрам, калі вернешся дадому, – прадоўжыў гутарку Цар-Дуб. – Вунь там, у дупле старой хвоі, жыве Куніца. Калі хочаш, пазнаёмся з ёй.
     Развітаўшыся, Крумкач тут жа адправіўся ў той бок, куды паказаў яму лясны патрыярх. Падляцеўшы да хвоі, нястомны вандроўнік ўбачыў дупло, з якога тырчыў кавалачак нечага пухнатага хваста. "Яна яшчэ спіць, соня!" – зразумеў Крумкач і ўжо хацеў ускубнуць Куніцу за хвост. Але тут на яго галаву звалілася шышка. Крумкач азірнуўся і ўбачыў, што ў глыбіні лесу за густымі галінамі хтосьці старанна разгойдвае хваёвыя галіны. "Зараз я пакажу гэтаму дурню!" – раззлаваўся Крумкач і падляцеў да хвоі. Але з-за калючых галін вызірнула зусім не хітрая істота. Гэта была звычайная Вавёрачка. Яе рыжая мыска здалася Крумкачу ўсхваляванай, а маленькія вушкі спалохана стаялі тарчма.
     – Ты чагосьці баішся? – спытаў вандроўнік.
     – Калі ласка, не абудзі Куніцу! – прашаптала Вавёрка. – Яна шкодная і можа з'есці маіх малянят. Я заўсёды зачыняю сваё дупло, калі мы з дзецьмі кладзёмся спаць. Куніца любіць блукаць па лесе ўначы. Раніцой, калі Куніца спіць, я збіраю яловыя і хваёвыя шышкі, дастаю з іх насенне, каб накарміць імі сваіх маленькіх ваверчанят.
     – Вось яно што! – зразумеў Крумкач. – Тады я не буду будзіць яе.
     – Не бойся, Вавёрачка! Куніца не кране тваіх дзетак. Ёй не дазволіць гэта зрабіць наш добры гаспадар, Зубр, – каркнула Варона.
     Яна сядзела непадалёку і чула ўсю гутарку.
     – Ты, Варона, відаць добра ведаеш свой старадаўні лес. Можа, не залянуешся і пакажаш мне яго. Я толькі сёння раніцай прыляцеў да вас у госці, – папрасіў Крумкач.
     – Калі толькі трошкі. У мяне шмат спраў, – растлумачыла Варона. – Ляці за мной. Я пазнаёмлю цябе з птушкамі. Іх шмат у Белавежскай пушчы. І ўсе яны такія розныя. Вось толькі з Арланам-белахвостым я цябе знаёміць не буду, таму што сама яго баюся.
     – Варона, давай злятаем да возера ці ракі. Я ведаю, што ў вас у пушчы вельмі прыгожыя азёры і рэчкі, – прапанаваў Крумкач.
     – Што ты! Там можа быць Арлан! Ён любіць паласавацца шчупачком ці сазанам. А калі заўважыць нас, то тады і нам нездабравать. Мне не патрэбныя такія непрыемнасці! – каркнула Варона і павяла вандроўцу ў той бок лесу, дзе жыло шмат птушак.
     Першымі, хто сустрэўся ў іх на шляху, была закаханая парачка цецерукоў. Гэтыя птушкі прыгожыя і грацыёзныя, іх апярэнне чорна-белага колеру, а на галоўцы – чырвоны капялюшык. Цецерукі лазілі па бярэзніку і штосьці шукалі.
     – Прывітанне! – крыкнула "вялікім курыцам" Варона.
     – Ах, гэты ты! Прывітанне! – адгукнуліся цецерукі.
     – Пазнаёмцеся з нашым госцем, Крумкачом. Ён прыляцеў у пушчу на некалькі дзён.
     – У нас добра, – сказаў муж-цецярук. – Шмат усякай ежы. Вось толькі трэба асцерагацца лісіц, ваўкоў і гадзюк. Ды і ў балота мы не лезем, там можна праваліцца ў дрыгву і патануць.
     – А кулікі, чаплі і жураўлі не баяцца балота, – запярэчыла Варона.
     – Гэта таму, што ў іх доўгія ногі, і яны ўмеюць скакаць па купінах, – растлумачыў цецярук. – А нам і сярод такіх прыгожых бяроз жывецца не дрэнна.
     Крумкач агледзеўся. Навокал бялелі тонкія ствалы, усё было заліта яркім сонечным святлом. І здавалася, што бярозкі апрануты ў сукеначкі з тонкага бліскучага светла-зялёнага шоўка.
     – Тут вельмі хораша і светла, – пахваліў Крумкач.
     – Паляцелі! – закамандавала Варона. І яны панесліся далей.
     Пралятаючы над Дзікім балотам, Крумкач заўважыў унізе некалькі пар шэрых жураўлёў. Мабыць, прыляцелі яны з цёплых краёў зусім нядаўна і цяпер абжывалі свае старыя гнёзды, умацоўвалі і ўцяплялі іх. Вялікія зялёныя жабы спакойна сядзелі на купінах. Жураўлі яшчэ не спудзілі іх, занятыя больш важнай справай.
     – А вунь там, у зарасніках чароту, жыве вяртлявая чарацянка. – Варона махнула крылом у бок берага вузенькай рачулкі, якая выцякала з балота. – Гэтая маленькая птушачка ўмее будаваць трывалае гняздзечка, падобнае на шар. Яна прымацоўвае яго да тоўстага сцябла.
     "Цікава! – падумаў Крумкач. – І навошта яна так нізка селіцца. Лепш бы будавала гняздо на дрэве". Але чорнакрыламу мудрацу было неўздагад, што чарацянка любіць жыць ля самай вады, дзе няма высокіх дрэў.
     – Мы падлятаем да маёй хаты! – каркнула Варона.
     На невялікім узвышшы красаваліся стройныя елкі, высокія ясені і клёны. На дрэвах віднелася мноства старых птушыных гнёздаў. Сонца асвятляла лес, і настрой у птушак быў выдатны. Адусюль чуліся жыццярадасныя птушыныя галасы.
     – Я табе пакажу сваё гняздо. Яно на верхавіне самага старога ясеня, якому ўжо трыста гадоў. Гэтае дрэва засцерагае мяне і засланяе ў навальніцу маё гняздо сваімі зялёнымі галінкамі. Я з ім сябрую! – пахвалілася Варона. – У лесе жывуць розныя птушкі: салаўі і дразды, зяблікі і сітаўкі, пеначкі і шчыглы, амялушкі і ластаўкі, шэрыя жураўлі і чаплі, чорныя і белыя буслы, дзятлы і зязюлі. Усіх птушак нават цяжка пералічыць. Я з імі таксама сябрую. Вось толькі вераб'і мяне раздражняюць. Яны такія спрытныя і гатовыя выхапіць чарвяка прама з-пад носа!
     – Так бывае, – пацвердзіў Крумкач. – Ён добра ведаў звычкі маленькіх шэранькіх птушачак, чыё няўрымслівае цвырканне часта даносілася да яго вушэй.
     Пазнаёміўшыся з птушкамі, Крумкач вырашыў адпачыць. Вечарэла. Сонца сыходзіла за гарызонт, разліваючы малінавае святло па блакітным небе, размалёўваючы верхавіны дрэў і ваду ракі. Надышла ноч. Варона схавалася ў гняздзе, а Крумкач заснуў непадалёку ад яе гнязда, на галінцы.
     Прачнуўся ён сярод ночы ад гучнага шамацення лістоты. На клёне, насупраць, хтосьці сядзеў. Гэта была маленькая мыш.
     – Як ты забралася сюды, так высока! – ціха спытаў Крумкач.
     – Вельмі проста! Я тут жыву. Бачыш, вунь маё дупло, – арэшнікавая Соня памахала доўгім пругкім хвастом у бок суседняга дрэва. – Калі хочаш, я пачастую цябе арэхамі. Іх я збірала ўвосень. А яшчэ пад дубам у мяне прыхаваны леташнія жалуды. Я зараз спушчуся за імі.
     І мыш пабегла па ствале ўніз. Неўзабаве яна вярнулася, трымаючы ў зубах некалькі жалудоў.
     – Дык я ж не ем жалуды, – растлумачыў Крумкач. – Дзякуй, Соня. Лепш я яшчэ пасплю.
     – Не спі! – ад страху ў мышкі акругліліся вочкі. – Я ведаю, на паляванне вылецеў Пугач, ён можа нас з'есці!
     – Тады давай схаваемся ў тваім дупле, – прапанаваў Крумкач.
     Ужо седзячы ў дупле Соні, яны заўважылі, як у начной цемры з'явіліся і хутка праляцелі два вялікіх аранжавых вока. Так, так! Яны свяціліся! Гэта Пугач, нячутна махаючы велізарнымі крыламі, прамчаўся міма, нічога не заўважыўшы. "Як добра, што мы схаваліся тут", – падумаў вандроўнік. Больш паспаць яму так і не прыйшлося. Хтосьці ўнізе, на зямлі, храбусцеў галінкамі і шамацеў леташняй лістотай. Мабыць, Воўк ці Ліса шукалі сабе здабычу.
     А калі развіднела, Крумкач ужо не мог уседзець на адным месцы. Яго вабілі да сябе дзікія яшчэ не знаёмыя яму месцы бабулькі Белавежскай пушчы.
     – Вось, вось! Злятай туды! – параіў Крумкачу вялікі пярэсты Дзяцел. З раніцы ён узяўся за работу – выдзёўбванне новага дупла ў ствале старога клёна. – У дубовым гаі жыве сям'я мядзведзяў. Яны добрыя. Маці-мядзведзіца выхоўвае дваіх медзведзянятаў. Малыя пакажуць табе нару Барсука. Ён яшчэ той чысцёха. Увесну Барсук выскрабае з нары ўвесь назапашаны за зіму стары хлам. Ведаеш, кажуць, што пад зямлёй гэты нястомны звярок пабудаваў цэлае барсучынае мястэчка!
     Але Крумкач не ўбачыў ні мядзведзяў, ні Барсука. Затое на яго шляху сустрэўся Алень. Вось толькі на галаве Аленя чамусьці не было выдатных разгалістых рог.
     – Дзе твае рогі? – спытаў Крумкач. – Без іх табе не адбіцца ад ворагаў.
     – Так, ты маеш рацыю. Рогі ў мяне былі, яны адпалі. Але ўжо адрастаюць новыя. Бачыш, гэтыя бугаркі? – Алень схіліў галаву, каб Крумкач усё лепш разгледзеў. – Мне цяпер неабходна быць вельмі асцярожным, каб не патрапіць у лапы да Рысі ці Ваўка.
     – Тады, беражы сябе! – параіў Крумкач і паляцеў далей.
     На яго шляху сустракаліся сапраўдныя лясныя нетры. Гэта пераплеценыя цудоўным чынам галіны велізарных дрэў, праз якія нават яму не ўдавалася праляцець.
     "Які дрымучы лес! Я не здзіўлюся, калі зараз з яго выйдзе сам стары Лясун ці Баба Яга. Мабыць, гэтыя дрэвы захоўваюць мноства легенд і розных гісторый. А яны могуць быць схаваны глыбока ў ствалах і галінах раслін", – разважаў Крукмач.
     – Эгэ-гэ-э-э-э! – панёсся па лесе яго звонкі голас.
     І лес адказаў глухім рэха:
     – Э-э-э-э-э-э-э-э-э!
     – Жыві, стары лес, доўга-доўга! – крыкнуў Крумкач. – І беражы ў сабе толькі добрыя ўспаміны. Гэта важна для шчаслівага жыцця на Зямлі!!!
     – Ага-а-а-а-а-а-а! – нібы рэха прагучала ў адказ.
     Але вось Крумкач вылецеў з цёмнай пушчы на святло і ўбачыў белакрылага Бусла.
     – Прывітанне! – прывітаўся Крумкач. – Я рады цябе бачыць. Ты – быццам сонейка ў гэтым дрымучым лесе.
     – Ну, што ты! Не хвалі мяне. Я кожны год прылятаю сюды ўвесну і жыву да самай восені. Мне тут падабаецца. Гэта не злая пушча. Яна добрая. Яе не трэба баяцца. Бо, на нашай зямлі заўсёды было шмат дабра. І цяпер яно захоўваецца тут, у гэтых старых ствалах і каранях. Цябе ніхто не пакрыўдзіў? – спытаў белы Бусел.
     – Ніхто.
     – Ведаеш, чаму ў нас спакойна?
     – Не.
     – Наш гаспадар найдужэйшы сярод усіх звяроў. Яго слухае і ў яго пытае парады ўся пушча.
     – Хто ж гэта?
     – Белавежскі Зубр. Хочаш, я пазнаёмлю цябе з ім.
     – Вядома, хачу.
     – Тады ў дарогу!
     Праз паўгадзіну пералёту пад полагам аблокаў над бязмежнымі зялёнымі абшарамі Белавежскай пушчы, птушкі спусціліся на галіны велізарнага Дуба, чый таўшчэзны ствол упіраўся ў самае неба.
     – Добры дзень, шаноўны Дуб! – прывітаўся Бусел. – Як жывеш? Як тваё здароўе?
     – Ды, як быццам, нядрэнна, – прашамацеў галінамі велізарны лясны волат. – Здароўе добрае. Бачыш, якія прыгожыя маладыя лісточкі выраслі на маіх старых каравых галінах. Значыць, жыццё працягваецца! Учора я частаваў Кабаніху з парасятамі сваімі харчамі – леташнімі жалудамі. Яе малыя парася такія паласатыя, проста цуд!
     – Рад за цябе, – адказаў Бусел. – А я вось вяду нашага сябра ў госці да Зубра. Ты не ведаеш, дзе ён цяпер?
     – Зубр зусім нядаўна быў у мяне. Раіўся, чым падгаіць нагу маладой Казулі. Я адправіў яго на сунічную паляну. Хай хворая пажуе лячэбнай траўкі, тады нага і перастане балець.
     – Ты такі мудры, Дуб! Дзякуй, што паказаў нам дарогу да Зубра! – падзякаваў Бусел. І вандроўнікі зноў узляцелі да аблокаў. Але цяпер ужо іх пералёт быў нядоўгім.
     На сонечнай паляне, акружанай пухнатымі зялёнымі елкамі, Крумкач з Буслам убачылі Зубра, а побач з ім маладую Казулю. Небарака ледзь накульгвала на ножку, а Зубр, як ён потым растлумачыў, проста засцерагаў яе ад выпадковых ворагаў. Хворая Казуля не магла хутка бегаць.
     Чорны Крумкач паглядзеў на гэтага велізарнага звера і падумаў: "Як добра, калі за цябе хто-небудзь у адказе, калі табе можа дапамагчы такі моцны, але не злы і не крыважэрны звер".
     Зубр разгаварыўся з Крумкачом. На яго пытанне пра тое, ці здараюцца ў пушчы непрыемнасці, адказаў так:
     – Часам здараюцца. Але гэта бывае вельмі рэдка. Я заўсёды знаходжу шкоднікаў. Калі летась, узімку, зайцы абадралі кару маладых дрэў, я растлумачыў ім, чаму гэтага нельга рабіць. Аголеныя ствалы не ўсцерагуцца ад марозу, і дрэвы могуць загінуць. Сёлета зайцы не кранулі ніводнага дрэва.
     Малады Мядзведзь разарыў вулей дзікіх пчол. Яны пажаліліся мне на шкодніка. І Мядзведзю ўляцела за гэты благі ўчынак. Птушак жа я ніколі не караў. А ўчора да мяне прыйшоў Вожык з мокрымі вачамі. Аказваецца, Пугач хацеў яго з'есці. Небарака адбіваўся ад злыдня ўсімі сваімі іголкамі. Напалохаўся да слёз. Я пакараю Пугача за гэты злы ўчынак.
     – А святы бываюць у вашай пушчы? – спытаў чорны Крумкач.
     – Абавязкова. Самае галоўнае свята Белавежскай пушчы – Новы год. У рэзідэнцыі Дзеда Мароза ўладкоўваецца навагодняе прадстаўленне. Запальвае рознакаляровыя агеньчыкі самая высокая Ёлка нашай пушчы, а звераняты водзяць вакол яе карагоды. У канцы свята Дзед Мароз са Снягуркай дораць малянятам падарункі.
     – Як гэта цудоўна! – захапіўся Крумкач. – Мне б таксама хацелася пабываць на такім свяце. Хоць, яго можна зладзіць і ў маім родным лесе. Трэба параіць звярам упрыгожыць высокую елку перад Новым годам.
     Пераначаваўшы ў пустым дупле хвоі недалёка ад гнязда Бусла, вандроўнік сабраўся ляцець дахаты.
     – Прылятай да нас яшчэ! – запрасіў Крумкача белы Бусел. – Наша пушча не дарма клічацца Белай. У ёй утоены чысціня і дабро. Да новай сустрэчы! – белы Бусел памахаў вандроўцу сваімі вялікім крыламі.
     І чорны Крумкач паляцеў назад, захоўваючы ў сваёй памяці дзіўныя ўспаміны аб цудоўным куточку Зямлі – Белавежскай пушчы.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
5.08.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100