Чарніцы паспелі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чарніцы паспелі
Чарніцы паспелі
У мышкі Полькі ёсць сябар, мышаня Кныш. Яны пасябравалі, калі былі зусім маленькімі. Зараз жа мышаняты ходзяць у лясную школу і нядаўна скончылі першы клас. Настаўніца, старая Сава, вельмі строгая. У яе вельмі цяжка атрымаць выдатную адзнаку. Але мышаняты стараюцца і вучацца добра.      А цяпер – лета. У яловым лесе спеюць ягады. Няўрымслівая Полька кожны дзень бегае са свайго бярозавага гаю ў яловы лес, каб паглядзець, ці не паспелі там чарніцы. Іх мышка вельмі любіць і лічыць самымі смачнымі летнімі ягадамі. Полька ведае, што чарніцы дапамагаюць пры хваробах вачэй. Ёй сказала пра гэта бабуля, сівая мыш. Вось толькі Полькінаму сябру, Кнышу, зусім не да ягад. У яго разбалеліся вочы. Ён стаў горш бачыць і нават не заўважыў сяброўку, калі тая гуляла ля трох бяроз, побач з яго хатай.
     Што ж такое сталася з вочкамі мышаняці? У яго сапсаваўся зрок, таму што Кныш усю зіму і вясну ў вольны ад вучобы час праседзеў ля тэлевізара і зусім мала гуляў на свежым паветры. І вось, калі Полька паклікала сябра ў яловы лес за чарніцамі, Кныш катэгарычна адмовіўся.
     – Не, я не пайду! – сказаў ён.
     – Чаму? – здзівілася сяброўка.
     – Не хачу.
     Вядома ж, Полька пакрыўдзілася ад такога нядобрага адказу сябра дзяцінства і ўжо хацела сысці, але яе спыніла мама Кныша. Яна шапнула мышцы на вушка:
     – У яго баляць вочы. Ён дрэнна бачыць і баіцца, што не знойдзе ў цёмным яловым лесе чарніцы.
     – Дык вочы трэба лячыць! – усклікнула Полька. – Я ведаю, у хваёвым лесе ёсць лекар, ён можа выпісаць акуляры. Кныш! Пойдзем, я адвяду цябе да лекара!
     – Вось, вось, адвядзі яго, Полечка! А то мяне ён зусім не слухае, – падтрымала мышку мама сябра.
     – Добра, пойдзем, – пагадзіўся Кныш. – Калі толькі ў акулярах я буду ўсё добра бачыць.
     Лясны лекар, афтальмолаг, агледзеў вочы мышаняці і падабраў яму патрэбныя акуляры. Кныш надзеў іх і ўсміхнуўся. Цяпер ён стаў усё выдатна бачыць, нават самыя тонкія травінкі і пялёсткі.
     – Глядзі, не стамляй свае вочкі так, як ты рабіў гэта раней. Усяму свая мера – і тэлевізару, і чытанню таўшчэзных кніг. Больш вольнага часу праводзь на свежым паветры і ўжывай вітаміны: ягады, садавіну, арэхі, семечкі і сокі, – параіў мышаняці лекар.
     – Значыць, яму можна схадзіць са мной у яловы лес за чарніцамі? – спытала Полька.
     – Не толькі можна, але і трэба. Чарніцы падгояць яго вочы.
     Назаўтра з самай раніцы мышаняты ўжо збіралі чарніцы. Гэтыя чорныя сакавітыя ягадкі звісалі з кустоў і прасіліся ў вядзерца. Ах, і смачныя яны цяпер, салодкія бццам маліны!
     – Мы з табой яшчэ і за малінамі сходзім, – паабяцала Полька. – Я ведаю, дзе яны растуць.
     Сабраўшы поўныя вядзерцы саспелых ягад, мышаняты адправіліся дахаты. Дома Польку чакала яе старэнькая бабуля. Ёй, амаль сляпой бабульцы, гэтак жа як і Кнышу, карысна есці чарніцы. Полька абавязкова падзеліцца з бабуляй і адсыпле ёй палову вядзерца чарніц. Гэтых ягад у лесе яшчэ даволі многа. Мышаняты будуць збіраць іх, каб усім хапіла паесці, і нават можна было наварыць варэння. А пагодлівыя летнія дзянькі дапамогуць мышанятам у гэтым займальным занятку.
     
     
     p.s. фота аўтара казкі.
     
     Казку чытае артыстка Ліка Пташук
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
9.07.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100