Як птушкі ратавалі Белавежскую пушчу - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як птушкі ратавалі Белавежскую пушчу
Як птушкі ратавалі Белавежскую пушчу
На Зямлі ёсць дзіўныя мясціны. Яны не падобныя ні на што іншае і таму выклікаюць у людзей захапленне. Гэта самыя высокія горы, самыя глыбокія зямныя ўпадзіны, самыя вялікія вадаспады. Яшчэ шмат такіх самых-самых незвычайных месцаў нашай планеты ведаюць людзі. Пра адно з іх я і хачу зараз вам расказаць.      Гэта незвычайна высокі стары лес. Ён настолькі высокі, што дастае да самых аблокаў! У ім растуць гіганцкія дрэвы: хвоі, елі, бярозы, дубы, ясені, ліпы. Размешчаны дзіўны лес не дзе-небудзь, а ў самым цэнтры Еўропы. Яго імя – Белавежская пушча.
     Аднойчы ў гэтым старадаўнім лесе здарылася штосьці неверагоднае. Вялікія чорныя хмары, якія прыплылі сюды з Атлантычнага акіяна, у самым прамым сэнсе ўчапіліся за верхавіны дрэў і не змаглі адарвацца. Яны затрымаліся над старажытнай пушчай на доўгі час!
     Што ж здарылася пасля гэтага?
     Усё жыццё ў лесе спынілася. Звяры і птушкі не маглі зразумець, калі надышла раніца, а калі – ноч. Птушкі перасталі прачынацца на досвітку і спяваць свае ранішнія песні. Ды і са сном у жыхароў Белавежскай пушчы здарыўся непарадак. Рэжым дня і ночы быў цалкам парушаны.
     Што ж рабіць? І тады адна самая кемлівая Сарока абвясціла, што трэба ляцець у самы блізкі горад да людзей і папрасіць у каго-небудзь гадзіннік з будзільнікам. Звяры і птушкі пагадзіліся і адпусцілі Сароку ў горад. Але, калі Белабокая падляцела да вышынных дамоў на ўскраіне горада, яна не змагла ні з кім дамовіцца. Яе словы былі падобныя на трашчотку, такія неразборлівыя і гучныя, што ніхто нічога не зразумеў. Відаць, птушка вельмі стамілася ад пералёту і моцна расхвалявалася. Сарока хацела ўжо ляцець назад, калі яе цікаўныя і вельмі зоркія вочы заўважылі на балконе другога паверха штосьці бліскучае. Гэта быў наручны гадзіннік з будзільнікам. Яго забыўся там хлопчык гадоў шасці, калі гуляў з ім. Мабыць, яго тата купіў сабе сотавы тэлефон, а стары гадзіннік аддаў малому. У сотавым тэлефоне, гэта ўсе ведаюць, ёсць і гадзіннік, і будзільнік.
     Сарока, хоць раней нічога ні ў каго не крала, цяпер схапіла гадзіннік у сваю дзюбу і панесла ў лес. А няўважлівы хлопчык нават не зразумеў, дзе пакінуў татаў гадзіннік. Неўзабаве ён зусім забыўся пра яго.
     Цяпер жыхары леса былі выратаваны, бо зранку ў пушчы званіў будзільнік. Першымі чулі званок птушкі. Яны прачыналіся і пачыналі спяваць свае ранішнія песні. Іх галасы разносіліся ва ўсе бакі велязарнага лесу і будзілі яго жыхароў.
     Паступова ўсе жыхары Белавежскай пушчы прывыклі жыць "па гадзінах" – прачынацца на досвітку, карміць малышоў, здабываць ежу, а ўвечар ізноў укладвацца спаць. Але, усё-такі, жыць у поўнай цемры, без сонечнага святла, вельмі нязручна. Калі не будзеш асцярожным, то ў цемры можаш наткнуцца на што-небудзь і параніць лапку ці галоўку!
     І тады маладзенькія птушаняты, якія ўжо падраслі і памацнелі за лета, пазбіраліся ў вялікую чараду і паляцелі разганяць навіслыя над лесам чорныя хмары. Яны ўзляцелі высока-высока ўгару і сваімі дзюбкамі адчапілі хмары ад верхавін дрэў. Вось якімі адважнымі і разумнымі аказаліся птушаняты! Такія маленькія смельчакі дапамаглі сваім бацькам, дарослым птушкам, ды і ўсім жыхарам Белавежскай пушчы вызваліцца ад цемры. Нарэшце, гэта было ўжо ўвосень, велізарны векавы лес ажыў па-сапраўднаму. Ён стаў светлым і святочным!
     Перад адлётам на Поўдзень пералётныя птушкі ўладкавалі вялікі канцэрт, як кажуць, "па заяўках". Кожная пеўчая птушка: гэта быў дрозд ці салавей, ці пеначка, ці берасцянка, ці амялушка, ці канаплянка выконвалі сваю самую прыгожую песню, якая падабалася ўсім жыхарам пушчы, нават дрэвам і кветкам.
     А калі свята скончылася, усе жыхары вырашылі, што цяпер ім ужо не патрэбны будзільнік. Яны папрасілі Сароку аднесці наручны гадзіннік з будзільнікам назад у горад, каб вярнуць яго на ранейшае месца. Птушкі – не ліхадзеі, яны толькі на некаторы час узялі ў людзей іх вынаходку. Вядома ж, Сарока тут жа пагадзілася і панесла гадзіннік у горад. Яна паклала яго на той жа балкон, з якога ўзяла.
     Праз некаторы час хлопчык выйшаў на балкон, убачыў гадзіннік і зноў пачаў яго вывучаць. Малы ўжо ведаў усе лічбы, разумеў, як круцяцца стрэлкі на цыферблаце, і нават мог даведацца, якая цяпер гадзіна. А гадзіннік паказваў 17 (сямнаццаць) гадзін і 30 (трыццаць) хвілін.
     "Зараз пачнецца мой мультык!" – успомніў хлопчык і пабег прасіць бабулю, каб яна дазволіла яму ўключыць тэлевізар.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
6.07.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100