Навагодняе чараўніцтва - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Навагодняе чараўніцтва
Навагодняе чараўніцтва
Напярэдадні Новага года ў Машанькінай хаце здарылася бяда! Захварэла мама дзяўчынкі. Яна ляжала ў пасцелі і ўвесь час спала. Тата насілу будзіў яе, каб напаіць чаем. У мамы не спадала высокая тэмпература.      Маша, як магла, дапамагала тату. Яна ўжо некалькі дзён не хадзіла ў дзіцячы садок і перажывала, што так і не ўбачыць навагоднюю прыгажуню Ёлку і не атрымае навагодні падарунак ад Дзядулі Мароза. Новы год ужо на парозе, а мама так моцна захварэла, што яе немагчыма пакідаць у хаце адну.
     Тата часам сыходзіў з хаты, каб купіць прадукты і лекі. І тады Машанька заставалася ля хворай мамы адна.
     – Матуля! Я так хачу, каб ты хутчэй паправілася! – казала дачушка, гледзячы на хворую матулю. Але тая толькі ціха ўсміхалася ёй у адказ.
     "Як жа дапамагчы маёй маме? Хто вылечыць яе? Няхай бы Дзядуля Мароз падарыў не мне, а ёй навагодні падарунак – гаючыя чароўныя лекі. Яна б выпіла іх і адразу ж паправілася!" – марыла Маша, гледзячы праз змёрзлае, усё ў цудоўных ледзяных узорах акно на вуліцу. А там скуголіла Завіруха. Увесь двор, усе дарожкі замяло снегам. Але ён усё сыпаў і сыпаў з цёмнага неба на зямлю. Бедная Маша плакала. Яе слёзкі каціліся па шчочках, а яна нават не спрабавала сцерці іх, толькі злізвала язычком.
     "Што гэта? Што здарылася з гэтай дзяўчынкай? – падумала снежная Завіруха, якая непрыкметна сачыла за малой, схаваўшыся за сцяной хаты ля акна. – Яна плача?"
     Завіруха падляцела бліжэй да акна і, лепш угледзеўшыся, зразумела, што на ложку ляжыць хворая жанчына.
     "У яе хварэе мама. Вось чаму дзяўчынка не ў дзіцячым садзе. Яе пакінулі ў хаце затым, каб яна даглядала хворую матулю! Як жа дапамагчы Машаньцы? Мне трэба абавязкова прыдумаць гэта!" – вырашыла снежная Завіруха.
     Яна паклікала да сябе сваю самую добрую і кемлівую Сняжынку і наказала ёй:
     – Калі адчыняцца дзверы ў хату, ты ўляціш у яе і непрыкметна дабярэшся да стала, дзе стаіць цукарніца. Табе трэба выратаваць хворую Машыну маму. Кропелька тваёй чароўнай вадзіцы растворыцца ў шклянцы з чаем, якую дзяўчынка падасць матулі, і, тым самым, выратуе яе ад хваробы.
     І вось калі тата, вяртаючыся з аптэкі, падышоў да дзвярэй, а затым адчыніў іх, чароўная Сняжынка тут жа ўляцела ў хату і хуценька апусцілася пад вечка цукарніцы, якая стаяла на кухонным стале. Але не, Сняжынка не растала ў цукарніцы сярод маленькіх яскравых цукровых пясчынак. Гэтая Сняжынка была чароўная! Яна чакала, пакуль Машанька возьме з цукарніцы лыжачку цукру, каб пакласці яе ў шклянку з чаем.
     – Дачушка! Калі ласка, прыгатуй для мамы чай! – папрасіў тата.
     – Добра, татачка! – адказала Маша.
     Яна наліла з імбрычка ў кубачак духмянага чаю і ўзяла лыжачку, каб пакласці ў яго цукар. Потым Маша адкрыла цукарніцу, а разумная Сняжынка тут жа скокнула ў лыжку разам з цукровымі пясчынкамі! Апынуўшыся ў кубачку з чаем, чароўная Сняжынка тут жа растала і ператварылася ў кропельку чароўнай лячэбнай вадзіцы. І ад таго ўся вада ў кубачку стала чароўнай і выратавальнай для мамы!
     Матуля выпіла чай і ўжо праз некалькі гадзін адчула, што ёй стала лягчэй. А праз дзень яна паднялася з пасцелі і сказала:
     – Вялікі дзякуй, мае дарагія, за тое, што вы дапамагалі мне! Вось я і акрыяла! Зараз Машанька зможа схадзіць у дзіцячы садок на Навагодняе свята. Святочную сукеначку для сваёй дачушкі я ўжо даўно прыгатавала.
     Мама адчыніла шафу і дастала адтуль чароўную, усю ў яркіх бліскаўках сукенку!
     Назаўтра тата павёў дачку ў дзіцячы садок, а мама праводзіла іх да дзвярэй, прыгаворваючы:
     – Мая дарагая дачушка! У гэтым уборы ты такая прыгожая, быццам яскравая Сняжынка!
     А ў дзіцячым садку ўжо пачыналася навагодняе прадстаўленне. Усе дзеці пазбіраліся каля навагодняй Ёлкі. Гэта былі Машанькіны сябры. Але яна нават адразу не пазнала іх. На дзецях былі навагоднія маскі і касцюмы звяркоў!
     – Наша чароўная Сняжынка прыйшла! – абрадавалася выхавальніца таму, што Маша вярнулася ў садок прама на Навагодняе свята. – Значыць, мама ўжо паправілася? – спытала яна.
     – Так! – усміхнулася Машанька.
     Яна была шчаслівая, што яе Навагодняе свята ўжо нічога не сапсуе. Дзяўчынка нават зусім не думала пра падарунак, які можа падарыць ёй Дзядуля Мароз. Цяпер самым лепшым падарункам для яе стала акрыянне мамы.
     Але Дзядуля Мароз ужо даведаўся ад снежнай Завірухі пра тое, якое гора было ў Машы. Хіба мог ён пакінуць такую добразычлівую дзяўчынку без навагодняга падарунка?
     Атрымаўшы свой навагодні домік з шакаладнымі цукеркамі, Маша нават не разумела, што ў адной з іх, у цукерцы "Навагодняе чараўніцтва", схаваны маленькі сакрэт. Гэтая цукерка чароўная! Яна прыносіць шчасце і пазбаўляе ад непрыемнасцяў.
     Дома Машанька разгледзела свой навагодні падарунак і адклала некалькі цукерак дзеля бабулі. Да яе яна збіралася схадзіць на Каляды. І ў гэтыя цукеркі патрапіла чароўная цукерка! Значыць, яна прынясе шчасце, пазбавіць ад непрыемнасцяў і хвароб Машыну старэнькую бабулю! Гэта выдатна!
     А як жа Маша, яе мама і тата? Яны будуць шчаслівыя? Абавязкова! Яны ўжо шчаслівыя і радасна сустракаюць Новы год.
     
     У сям'і, дзе ўсе так любяць адно аднаго, інакш быць не можа, і шчасце не сыйдзе з іх хаты ніколі!
     
     p.s. Карцінка ўкраінскай мастачкі Галіны Польняк
     
     Гэтая казка на рускай мове
5.06.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100