Вушатыя Савяняты - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вушатыя Савяняты
Вушатыя Савяняты
У вялікім лесе, дзе раслі высокія, да самага неба, дубы і ясені, бярозы і асіны, хвоі і елкі ў дупле старога дуба пасялілася Сава. Днём яна спала, а ўначы лётала па лесе і шукала сабе ежу. Толькі рабіла гэта яна вельмі ціха і зусім не перашкаджала іншым птушкам і звярам адпачываць. А сама Сава чула нават самы ціхі лясны шоргат, таму што вушы ў яе былі незвычайныя – доўгія і вострыя, як у кошкі. За гэта і далі ёй мянушку – Вушатая Сава. У цемры, як і ў кошкі, у Савы свяціліся жоўтым святлом вялікія круглыя і вельмі разумныя вочы.      І вось аднойчы ў дупле старога дуба нарадзілася двое птушанят. Гэта былі вушатыя савяняты, дзеці Савы. На галоўках у іх тырчалі вострыя вушкі, вельмі падобныя на тыя, якія ёсць у маленькіх кацянят. Калі птушаняты падраслі, ім захацелася даведацца, хто жыве на белым свеце.
     Аднойчы раніцай, калі ўжо развіднела, а іх стомленая за ноч матуля моцна заснула, маленькія "вушацікі" вызірнулі з дупла. Яны ўбачылі зялёную лістоту на дрэвах, яркія вельмі прыгожыя кветкі на зямлі. Савянятам захацелася іх разгледзець бліжэй! Яны не ўтрымаліся і ціхенька, так, каб мама не прачнулася, скокнулі з гнязда ўніз, на мяккую траўку.
     Чаму ж савяняты не паляцелі? А таму што крылцы ў птушанят яшчэ не выраслі настолькі, каб падняць іх у неба.
     – Ах вы, маленькія непаслухмяныя дзіцяткі! – прашамацеў мудры Дуб. – Навошта без мамы павыскоквалі з гнязда. Будзе вам за гэта!
     – Ай-яй-яй! Мама нас пакарае! – спалохаліся савяняты і пабеглі далей ад гнязда, каб іх не ўбачыла мама.
     – Якія ж вы непаслухмяныя! – звінелі званочкі і ўсміхаліся рамонкі. Яны раслі ўздоўж сцяжынкі, па якой беглі птушаняты.
     Але савяняты нікога не слухалі, яны спяшаліся далей. Калі малышы выбеглі з цёмнага лесу на святло, то апынуліся на вялікім полі. Іх крылцы абдзімаў цёплы Ветрык, а на блакітным небе ззяла Сонейка.
     – Хуценька бяжыце дахаты! – шаптаў савянятам Ветрык. – Прыляціць Каршун і з'есць вас!
     – Не з'есць! – прапішчалі адважныя птушаняты. – У небе свеціць Сонейка, а больш тут нікога няма!
     Яны ніколькі не баяліся і пабеглі далей па шырокім полі.
     – Ура! Мы ўцяклі з хаты! – пішчалі савяняты.
     Але тут з неба ўніз, прама на іх, кінулася птушка. Гэта быў не крыважэрны Каршун, а Тата-Кнігаўка. Справа ў тым, што побач з савянятамі, прама на зямлі, было яго гняздо. А ў ім чацвёра маленечкіх птушанят. Тата-Кнігаўка, разгледзеўшы няпрошаных гасцей, спачатку накінуўся на іх, быццам каршун, ратуючы сваіх дзяцей ад бяды. Аднак потым ён зразумеў, што гэта маленькія савяняты, і яны нічога дрэннага не зробяць яго птушанятам.
     "Але што такія маленькія савяняты робяць у поле адны?" – здзівіўся Тата-Кнігаўка. І строга спытаў у савянят:
     – Чые вы? Чые вы!
     – Маміны.
     – А дзе ваша мама?
     – У лесе, у нашым дупле.
     – І яна адпусціла вас сюды, у поле, адных?
     – Не.
     – Значыць, вы – непаслухмяныя дзеці. Без дазволу ўцяклі з хаты! Зараз жа вяртайцеся дамоў!
     – Але мы хочым убачыць увесь белы свет!
     – Калі вашы крылцы вырастуць вялікімі, тады вы самі паляціце, куды захочаце. А зараз бяжыце дахаты. Ваша мама, напэўна, шукае вас! – крыкнуў Тата-Кнігаўка звонкім голасам і грозна памахаў хохлікам, які рос на яго галаве.
     Пасля такіх мараляў савянятам прыйшлося ісці назад. У лесе іх чакала заплаканая мама Сава. Яна абляцела ўвесь лес у пошуках сваіх птушанят.
     – Колькі непрыемнасцяў могуць прычыніць непаслухмяныя дзеці сваім бацькам! – прамовіў мудры Дуб і дакорліва памахаў вялікімі галінамі. – Прасіце прабачэння ў сваёй мамы, інакш я не падыму вас у дупло.
     – Прабач нас, матуля! – вінавата прапішчалі савяняты. – Мы больш не будзем нікуды ўцякаць.
     – Калі вы навучыцеся лётаць, я сама пакажу вам увесь белы свет, – сказала Сава. Яна вінаваціла і сябе за тое, што праспала і не пачула, як савяняты выскачылі з дупла.
     Пасля гэтага Дуб апусціў сваю ніжнюю галінку, каб савяняты змаглі ўзлесці ў дупло.
     Хоць ім вельмі хацелася зноў павандраваць, аднак цяпер малышы цярпліва чакалі, калі вырастуць іх крылцы. Прайшло зусім крыху часу, і аднойчы мама Сава сказала:
     – А зараз, мае дарагія дзеці, вы ўжо можаце адпраўляцца ў вандраванне!
     Нарэшце, здейснілася мара маленькіх "вушацікаў". Яны, падраслі і падужэлі, каб зараз разам з матуляй паляцець у свой першы вялікі палёт – адкрываць цуды неабсяжнага і вельмі цікавага белага свету!
     
     p.s. Вушатая сава - птушка 2015 года ў Беларусі.
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.06.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100