Зіма-вартаўніца - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зіма-вартаўніца
Зіма-вартаўніца
Аднойчы на Зямлі затрымалася чараўніца Восень. Яна ўсё яшчэ ліла свае халодныя дажджы ды плакалася Зямлі, што не любяць дзеці яе такую дажджлівую.      – Так ты не лі дажджы, пацеш дзетак сонечнымі дзянькамі і падары ім букеты з прыгожай рознакаляровай лістоты, – параіла ёй Зямля.
     – Дык я ўжо дарыла ім такія букеты. Яны палюбаваліся на іх і выкінулі ў смеццевае вядро.
     – Вось як? – здзівілася Зямля. – Але не ўсе ж дзеці такія. Я ведаю дзяцей, якія любяць шпацыраваць у парку, цешацца тваёй жоўтай, памяранцавай, залацістай прыгажосцю і не выкідваюць букеты з лістоты, а ўпрыгожваюць імі свае хаты.
     – Дзе ж я зараз знайду тую прыгажосць? Дрэвы даўно голыя стаяць, уся лістота апала, змакрэла і ператварылася ў бруднае смецце, – нахмурылася Восень.
     Па ўсяму было відаць, што стамілася чараўніца. Яркая сукенка Восені абнасілася і пацямнела ад халодных дажджоў і вятроў.
     – Калі так, тады ідзі, мілая, адпачні да наступнага твайго сезона, – пашкадавала Зямля Восень і адпусціла яе ў працяглы адпачынак.
     “Трэба тэрмінова клікаць чараўніцу Зіму, – вырашыла Зямля. – Яна ўжо адпачыла на славу, няхай зараз папрацуе ды дзеткам да зімовых канікулаў зробіць снег замест дажджу. Ведаю, малышы любяць з ледзяных горак на санках катацца. А яшчэ ім вельмі падабаецца ляпіць крэпасці са снегу”.
     І Зямля грукнула ў нябесныя званы.
     – Бом, бом, бом, – панёсся па небе настойлівы кліч у той бок, дзе жыла чараўніца Зіма.
     “Гэта Зямля мяне кліча!” – зразумела Зіма.
     Накінуўшы бліскучае перламутравае футра, Зіма паспяшалася ў валадарствы Зямлі.
     – Як ты, прыгажуня, адпачыла? – запыталася Зямля.
     – Дзякуй, не скарджуся! – усміхнулася чараўніца, і яе блакітныя вочы асвяціў ледзяны, але не злы, а добры бляск.
     – Дзеткам бы снегу да канікулаў у паркі падкінуць. Яны любяць яго, заўсёды з нецярпеннем чакаюць, – прапанавала Зямля.
     – Будзе зроблена! – пажартавала Зіма і ўзялася за работу.
     “Ах, гэтая плакса, што нарабіла!” – папракнула яна Восень за брудныя лужыны ў дварах і на бульварах гарадоў і мястэчак.
     – Бацечка Мароз! – паклікала Зіма. – Дзе ты? Калі ласка, замарозь лужыны і ператвары кроплі дажджу ў сняжынкі! За пару тыдняў управішся? – запыталася Зіма ў свайго памочніка, сівавалосага барадатага чараўніка.
     – Як скажаш, Зіміца! – адказаў Мароз. Ён гэтак жа, як і Зіма, знудзіўся па працы і з задавальненнем узяўся за работу.
     Праз два тыдні лужыны і бруд у парках і скверах зніклі, і ўсё апранулася ў светлы святочны ўбор. Гэта быў снег! Ён ужо афарбаваў зямлю ў чысты белы колер, але ўсё яшчэ ішоў, паўкрываючы тоўстым пухнатым дываном гарады і мястэчкі.
     – Ура! – крычалі дзеткі. – Як добра! Снег выпаў!
     
     Маленькі Андрэйка, убачыўшы ў акне, як падаюць белыя сняжынкі, тут жа стаў угаворваць тату пайсці з ім пагуляць у парк, каб зляпіць снегавіка.
     – Злепім і снегавіка, і яшчэ што-небудзь, – паабяцаў тата. Такі вясёлы занятак яму падабаўся гэтак жа, як і яго маленькаму сыну.
     У парку пазбіраліся дзеці з бацькамі. Хтосьці ляпіў снежную бабу, хтосьці – снежную крэпасць. Андрэйка з татам зляпілі самага вялікага снегавіка, ды яшчэ і снежнае крэсла побач з ім паставілі.
     – А хто ў ім будзе сядзець? – спытаў сын.
     – Вядома, чараўнік! – пажартаваў тата.
     – Ён будзе ахоўваць нашага снегавіка! – здагадаўся хлопчык.
     – Магчыма, – пагадзіўся тата.
     Палюбаваўшыся на сваю работу, хлопчык з бацькам пайшлі дахаты.
     Неўзабаве сцямнела, і парк апусцеў. Дзядуля Мароз, непрыкметна хадзіў па алеях начнога парку, разгледзеў вельмі вялікага снегавіка і распавёў пра яго Зіме.
     А назаўтра снегавіка не стала. Калі чараўніца Зіма прыйшла ў парк, яна знайшла на тым месцы толькі вялікую кучу снегу. Што ж адбылося?
     Справа ў тым, што на свеце жывуць не толькі добрыя дзеці. Ёсць і такія, якім вельмі не падабаецца тое, што іншыя ўмеюць рабіць лепш за іх. Вось такім і аказаўся трэцякласнік Дзімка. Раніцай, выгульваючы сабаку ў парку, ён не ўтрымаўся, каб не разбурыць самы прыгожы і самы вялікі снегавік. Хлапчук са стараннасцю развярнуў нагамі ва ўсе бакі той самы снегавік, які ўчора зляпілі Андэйка з татам.
     “Хто ж разбурыў снегавіка? – расхвалявалася Зіма.– Толькі злы і нядобры чалавек мог гэта зрабіць!”
     Увечары ізноў пайшоў снег. Дзеці прыбеглі ў парк, каб зляпіць снежную крэпасць. А потым тата з Андрэйкам прыйшлі.
     – Хтосьці разбурыў наш снегавік! – засмуціўся хлопчык.
     – Нічога страшнага, сын, – супакоіў яго тата. – Мы яшчэ такога ж злепім.
     Праз некаторы час на месцы старога снегавіка ўжо стаяў новы, нават лепшы!
     – Тата! Гэты камень вельмі падобны на белага Вожыка! – усміхнуўся хлопчык, паказваючы на камень, пакрыты снегам.
     Сапраўды, вялікі камень, які ляжаў непадалёку ад новага снегавіка, зверху атуліў калючы снег. З-пад снегу выглядвала толькі цёмная і вострая, падобная на вожыкавую мыска. Атрымаўся сапраўдны казачны беласнежны Вожык!
     Да позняга вечара парк ізноў апусцеў. А чараўніца Зіма знаходзілася там, бо яна вырашыла прасачыць, што будзе далей. Ці не прыйдзе той, хто разбурыў снегавік?
     “Гэты камень і сапраўды падобны на белага Вожыка, – зразумела Зіма і вырашыла ўпрыгожыць вожыкавую мыску маленькім ледзяным носікам і ледзянымі вочкамі. – Вось цяпер гэта сапраўдны снежны Вожык!” – усміхнулася чараўніца.
     Усю ноч Зіма не пакідала парк, а пад раніцу заснула ў снежным крэсле, якое зрабіў тата Андрэйкі. Вядома ж, чараўніца была нябачная для людзей. І таму, калі Дзімка прыйшоў раніцай у парк выгульваць сабаку, ён не заўважыў яе.
     – Які прыгожы снежны Вожык! Я яго зараз разбуру! – крыкнуў шкодны хлапчук і падбег да накрытага снегам каменя. – А-а-а! – закрычаў Дзімка ад невыноснага болю.
     Вядома, грукнуўшы нагой аб камень, ды яшчэ так моцна, кожны адчуў бы боль.
     “Што за дурны хлапчук! – падумала Зіма. – Можа, зараз ён не будзе рабіць шкодныя справы”.
     
     Зіма і Мароз часта прыходзілі ў парк. Яны бераглі снегавікоў, пакрывалі лёдам, каб ніхто не змог разбурыць іх раней тэрміну, бо зімовы час яшчэ не скончыўся. Няхай жа ў час снежнай Зімы снегавікі, снежныя горкі і снежныя крэпасці дастаўляюць дзецям радасць і задавальненне!
     
     Гэтая казка на рускай мове
7.06.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100