Хто гэта ў прыгожай шапачцы? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хто гэта ў прыгожай шапачцы?
Хто гэта ў прыгожай шапачцы?
Жыў на свеце шапачных спраў майстар. Хто яго навучыў шыць прыгожыя шапачкі, мы не ведаем. Усім, хто прыходзіў да яго ў майстэрню, ён прапаноўваў цудоўныя шапачкі, якія вельмі ўпрыгожвалі іх галоўкі.      Аднойчы да шапачніка зайшоў адзін чалавек, але не за шапкай, а проста пераначаваць. Справа ў тым, што жыў майстар у вельмі незвычайным месцы, на схіле гары. Побач з яго хаткай праходзіла дарога, таму падарожнікі часта спыняліся ў яго на начлег. Разгаварыўся чалавек з гаспадаром і захапіўся яго талентам майстраваць прыгожыя галаўныя ўборы.
     – У вас вельмі добрая фантазія, – адзначыў падарожнік.
     – Гэта ўсё горы і небёсы мяне натхняюць, – усміхнуўся майстар. – Паглядзіце, якая за акном прыгажосць! Якое тут прыгожае неба, а сонечныя ўзыходы і заходы такія цудоўныя, што немагчыма адарваць вачэй!
     – А ведаеце, я б упрыгожыў вашымі шапачкамі галоўкі кветак у лесе ля падножжа гэтай гары. У летнюю спякоту яны былі б нават вельмі дарэчнымі, – сказаў падарожнік.
     – Тады я пайду з вамі і прапаную іх кветкам, – адказаў майстар.
     І хоць быў ён ужо зусім не малады, з дапамогай падарожніка ўсё ж такі дабраўся да таго самага лесу. А там столькі тоненькіх кветачак расце! Але ўсе яны аднолькавыя.
     – Вы хочаце насіць такія шапкі? – запытаўся майстар і паказаў кветкам свае яркія рознакаляровыя ўборы.
     – Так! – адказалі тонкія зялёныя парасткі-кветачкі.
     Адна за адной яны падыходзілі да майстра і выбіралі сабе прыгожыя шапачкі. І адбыўся цуд. Палянкі ў лесе, дзе жылі кветкі, сталі яркімі, стракатымі і вельмі вясёлымі! Усё гэта адбылося з-за такіх вось незвычайных вельмі прыгожых шапачак майстра.
     Залюбаваўся лес! Дрэвы глядзяць на кветкі, не надзівяцца.
     – Якая прыгажосць у нашым лесе стала, проста вачэй не адарваць! Вось бы ты і на грыбы такія шапачкі надзеў, – прапанавалі дрэвы майстру.
     – А дзе яны жывуць?
     – Ды вунь на той паляне і пад кусцікамі, – елкі паказалі ў бок бярозавага гаю.
     Майстру не прыйшлося доўга шукаць грыбы. Мухамор і Паганка першымі прыбеглі да яго.
     – Мы хочам атрымаць такія ж прыгожыя шапачкі, як у кветак! – усклікнулі яны.
     Мухамору, як спрытнейшаму, удалося ў першым выхапіць з рук майстра вялікі ярка-чырвоны капялюшык у белы гарошак.
     – А я таксама хачу такі ж прыгожы капялюшык! – расхвалявалася Паганка.
     – Але ў мяне больш няма такога, – вінавата адказаў майстар.
     – Ты павінен быў пакінуць для мяне самы лепшы капялюшык, бо я галоўная ў грыбным царстве лесу! – не супакойвалася Паганка.
     – Так, так! Думаю, вось гэтая шапачка вам спадабаецца, – зразумеў майстар і працягнуў ёй шыракаполы светлы капялюшык.
     Толькі потым майстар заўважыў у бярозавым гаі іншыя грыбы, якія сціпла стаялі ў баку і маўчалі.
     – Выбачайце, – сказаў ім шапачнік, – але ў мяне засталіся толькі цёмныя і зусім не яркія шапкі. Не ведаю, ці задаволяць яны вас?
     – Вядома, – адказалі грыбы, – мы будзем рады ўсяму, што вы, дарагі майстар, нам прапануеце.
     Падбярозавік, Баравік, Падасінавік, Сыраежка і Махавік з удзячнасцю надзелі на свае галоўкі капелюшы.
     
     З таго часу ўвесь лес змяніўся. Кветкі красуюцца ў яркіх рознакаляровых шапачках і цешаць усіх, хто адпачывае на лясных палянках.
     А грыбы, як жывуць яны ў сваім грыбным царстве?
     Хоць Паганка і Мухамор лічаць сябе галоўнымі і імкнуцца быць на вачах ва ўсіх, іх ніхто не любіць і нават не звяртае ўвагі на гэтых ганарлівых асоб. Чаму? Напэўна, таму што занадта шмат злосці ў іх. Яны ядавітыя. Затое ўсе паважаюць непрыкметных і сціплых Баравіка, Махавіка, Сыраежку, Падасінавіка і Падбярозавіка. Іх шануюць за светлы нораў і дабрыню.
     Сябры! Прыходзьце ў лес, і тады самі ўсё ўбачыце і зразумееце.
     
     Гэтая казка на рускай мове
2.06.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100