Стары Млын і яго сябры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары Млын і яго сябры
     
Стаяў на рацэ вадзяны Млын, але быў ён занадта стары. Ніхто не прыходзіў да яго ў госці, каб збожжа ў муку змалоць. Нудзіўся без працы Млын, бо малоць збожжа заўсёды было яго галоўным прызначэннем. А цяпер што яму такому старому рабіць? На раку глядзець ды песні птушачак слухаць? Так, так! Відаць больш нічога не застаецца. Ды каму ён такі замшэлы патрэбны? Цяпер збожжа на сучасных добрых новых млынах мелюць.      – У-хк, У-хк, У-хк! – сумна паскрыпваў сваім колам Млын. – Мне б знайсці добрага гаспадара, млынара. Калі б ён змазаў маё кола, я б яшчэ змог круціць яго і малоць збожжа.
     Аднойчы Млыну пашанцавала. Ішлі неяк міма яго бабулька Курыца і дзядок Певень. Такія ж, як і Млын, нікому не патрэбныя і ўсімі пазабытыя. Злая гаспадыня іх, старых, прагнала з двара. Жыць Курыцы і Пеўню стала недзе. Вось і пайшлі яны блукаць па белым свеце, спадзяючыся адшукаць для сябе добрага гаспадара. "Хоць мы і старыя, але прыносіць камусьці карысць яшчэ змаглі бы", – разважалі Певень з Курыцай.
     – Пажывіце ў мяне, – прапанаваў ім Млын. – Я такі ж стары, як і вы. А разам нам будзе весялей.
     – Я гатовы ў цябе, Млын, пажыць, – адказаў яму Певень. – І яшчэ змагу стаць тваім млынаром. А мая Курыца зярняткі па абочынах палявых дарог зможа збіраць. Вунь іх колькі вецер разносіць па зямлі! Змелем зярняткі ў муку, з мукі пшанічныя бліны спячом. Я даўно такіх не спрабаваў.
     Так і засталіся Певень з Курыцай у Млына жыць. Пачалі яны працаваць. Курыца зярняткі збірае, Певень іх у муку на Млыне меле. І вось ужо цэлая горка мукі ў гумне сабралася. Спяклі Певень з Курыцай з мукі бліны мяккія духмяныя. Пах ад бліноў па ўсёй акрузе ідзе!
     Пачуў смачны пах лясны Кот, што жыў у дупле старога дуба на ўскрайку лесу. Пабег ён у той бок, адкуль дзьмуў вецер, і дабраўся да ракі. Глядзіць, а там вадзяны Млын на рацэ стаіць. Кола яго ў вадзе круціцца, весела паскрыпвае. За сталом Курыца з Пеўнем сядзяць і смачныя пшанічныя блінцы ўплятаюць.
     Як жа захацелася Кату пахкага блінца паспрабаваць! Слінкі ў яго так і пабеглі! Падкраўся Кот да Курыцы з Пеўнем ззаду і сцягнуў цішком з талеркі адзін румяны блін. Але не змог Кот уцячы незаўважаным.
     – Ах ты, зладзюжка! – абурыўся Певень, ухапіўшы за хвост хітрага Ката. – І не сорамна табе чужое красці?
     – Няпраўда, не чужое, – мяўкнуў пакрыўджаны Кот. – У лесе ўсё агульнае: і ягады, і грыбы, а рыба ў рацэ нічыя.
     – Аднак гэтыя бліны мы самі спяклі. Курыца сабрала па абочынах дарог зярняткі пшаніцы, якія рассыпаліся па ветры. А я на Млыне іх у муку змалоў. І толькі потым мы з мукі блінцы спяклі. Ты ж нічога не рабіў і крадзеш у нас тое, што зрабілі мы!
     – А што мне рабіць? Я не ўмею збіраць зярняткі, не ўмею іх малоць у муку, не ўмею пячы бліны! – пажаліўся Кот.
     – Што ж ты, лясны Кот, умееш?
     – Лазіць па дрэвах.
     – Ну, тады распавядзі ўсім птушкам лесу пра нас. Яны, вядома ж, захочуць пачаставаць птушанят такімі духмянымі блінцамі і прыляцяць да нас у госці. Мы будзем вельмі рады ім! А яшчэ ты зможаш ахоўваць гумно з мукой ад начных нашэсцяў ненаедных палявых мышэй, – прапанаваў Певень.
     – Гэта я змагу! – узрадаваўся Кот.
     Ён таксама, як і Певень, як і Курыца, як і Млын, знудзіўся па сапраўднай працы і з задавальненнем пачаў дапамагаць сваім новым сябрам.
     Неўзабаве, да вадзянога Млына з усіх бакоў лесу сталі прылятаць птушкі. Яны неслі ў сваіх дзюбах пшанічныя, аўсяныя, грэчкавыя зярняткі. А наўзамен атрымлівалі ад Курыцы і Пеўня па кавалачку смачнай аладкі і пажаданні добрага здароўя маленькім птушанятам.
     – Які выдатны ласунак для нашых дзетак! – дзякавалі птушкі новым сябрам, адлятаючы назад у лес.
     А тым часам пухнаты зялёнавокі Кот, ні ад каго не ўтойваючыся, сядзеў за сталом каля Млына і з задавальненнем уплятаў свежанькі пшанічны блінец, бо ён не выкраў яго, а зарабіў!
     
     Агучванне казкі – аўтарскае і Лікі Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
26.05.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100