Яблынька - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Яблынька
Яблынька
Расла на двары ў дзеда маленькая Яблынька. Галінкі ў яе па вясне далікатнымі зялёнымі лісцікамі пакрываліся.      – Прыйдзе вясна. І аднойчы ты расцвіцеш, станеш сапраўднай прынцэсай у пышным белым уборы, – казаў дзед, ласкава пагладжваючы тонкі стволік Яблынькі.
     А Яблынька слухала яго і ў марах уяўляла сябе ў лёгкай вельмі прыгожай ажурнай сукеначцы. Кожны раз, прачнуўшыся ўвесну ад доўгага зімовага сну, яна чакала, што хтосьці падорыць ёй такі цудоўны ўбор.
     Але прыходзіла Вясна, а Яблынька толькі бачыла, як на яе галінках распускаюцца з покавак зялёныя лісточкі. Ніхто не дарыў ёй цудоўнай белай сукенкі. Дзед разумеў, што смуткуе яго Яблынька, і імкнуўся падбадзёрыць яе:
     – Не журыся, мая дарагая! Ужо хутка, на наступны год, ты надзенеш белую сукенку з духмяных кветак.
     Часам у двор да дзеда прыляталі з лесу птушачкі. То сінічка, то верабейка, то галка, то варона заглядвалі да яго ў госці. Любіў іх дзед. Звонкагалосую сінічку зваў свістухай за яе тоненькі галасок, шустрага вераб'я – гарэзай за вясёлы характар, чорнадзюбую галку – ваяром за строгі байцоўскі выгляд, шэрую варону – пані, за хітрасць і кемлівасць.
     Неяк пасля дажджу ў лужыне каля плота пачаў плёскацца хтосьці. Дзед падышоў бліжэй і ўбачыў, як маленькая жаўтагрудая птушачка, размахваючы доўгім тоненькім хвосцікам, чысціць у вадзе свае пярынкі.
     – Добры дзень, Пліска! Як жа ты любіш плёскацца ў вадзе! – сказаў ён птушачцы.
     А Пліска, памахаўшы сваім прыгожым хвосцікам, праспявала яму ў адказ:
     – Фі-ю, фі-ю, фі-ю! Прывітанне, дзед! Ах, і люблю я купацца, ах і люблю, асабліва ў цёплай дажджавой вадзіцы!
     Потым яна выпырхнула з лужыны і на галінку Яблынькі села.
     – Дзед! Якое ж прыгожае дрэўца ў цябе пад акном расце! – захапілася птушачка. – Прывітанне, мілая! – сказала яна Яблыньцы.
     – Прывітанне! – засаромелася тая.
     – Вось і пасябравалі, – усміхнуўся дзед.
     З таго дня Пліска кожны дзень прылятала да Яблынькі з лесу. І аднойчы сваю сяброўку, Пеначку-вяснічку, з сабой да дзеда ў двор прывяла.
     – А я спяваць умею хораша, вось так:
     – Фюіць, фюіць, фюіць, – пахвалілася новая госця сваім далікатным пералівістым галаском.
     А потым пырхнула і ўраз абляцела вакол Яблынькі.
     – Якая спрытная ты! – здзівіўся дзед, назіраючы за шэранькай птушачкай. – Малайчына! Так хутка ўзлятаеш, як ракета.
     – Фюіць, фюіць, фюіць, – падзякавала Пеначка дзядулю за пахвалу.
     А ўвосень пералётныя птушкі, Пеначка і Пліска, паляцелі зімаваць на поўдзень. Засталася Яблынька без сябровак. Прыціхла і не заўважыла, як заснула.
     Усю зіму спала яна і бачыла ў снах маленькіх вясёлых птушачак. Як яны прыбіраюць яе ў цудоўную белую сукеначку, як кажуць ёй ласкавыя словы.
     І вось надышла Вясна. У двары дзядулявай хаты пабеглі ручайкі. І потым на адталай ад снегу і лёду зямлі траўка зазелянела. Цёплы ветрык дакрануўся да галінак Яблынькі, імкнучыся абудзіць яе ад сну. Але Яблынька не прачнулася. Вось ужо сонейка гарачэй стала. І сінічка звонка спявае. І верабейка скача. І галка з варонай шукаюць на зямлі чарвячкоў.
     Але не прачынаецца Яблынька.
     Занепакоіўся дзед. Што здарылася з яго дарагім дрэўцам? Ці не захварэла яно? – Не разумее.
     Вось толькі дзяўчыне Вясне ўсё было ясна. Усё яна ведала пра Яблыньку. І тое, што сёлета зацвісці маладзіца павінна.
     – Пліска і Пеначка! Калі ласка, злятайце да дзеда і абудзіце Яблыньку! – папрасіла яна птушачак.
     А тыя, вярнуўшыся з выраю, зусім забыліся пра дрэўца. У іх цяпер сваіх клопатаў поўны рот. Толькі што нарадзіліся на белы свет птушаняты. Іх трэба гадаваць і карміць. Дазнаўшыся ад Вясны пра тое, што дрэўца ўсё яшчэ не прачнулася, птушачкі імгненна паляцелі з лесу да дзеда ў двор ратаваць сваю сяброўку.
     – Фюіць, фюіць, фюіць! – пералівалася Пеначка-вяснічка, пырхаючы вакол Яблынькі.
     – Фі-ю, фі-ю, фі-ю! Прачынайся соня, Вясна прыйшла! – свістала Пліска.
     – Ой, мае сяброўкі прыляцелі! – схамянулася Яблынька, пачуўшы іх звонкія галасы.
     Расплюшчыла вочкі, пацягнулася са сну і... расцвіла! Так, так! Вясна ўжо накідвала на яе далікатныя галінкі цудоўную ажурную сукеначку, вытканую з духмяных бела-ружовых кветак.
     – Якая чароўная прынцэса наша сяброўка, Яблынька! – захапляліся птушачкі.
     – Мая дарагая Яблынька! Я так рады, што ты, нарэшце, прачнулася! – цешыўся дзед.
     Ён запляскаў у далоні ад шчасця і заспяваў сваю любімую песеньку:
     – Мілая, мілая, мілая мая! Цудоўная прыгожая дарагая Яблынька!
     Засаромелася дрэўца ад такой любові! І дзед, і птушачкі, і сама Вясна радуюцца за яе, любуюцца яе прыгажосцю.
     – Дзякуй вам, мае дарагія, за вашу дабрыню! – прамовіла Яблынька. – Ведаю, што ўвосень я аддзячу вас і падару вам сакавітыя смачныя яблычкі.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
27.04.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100