Робат Яша - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Робат  Яша
Робат Яша
Сёлета прагрэсіўныя вучоныя Зямлі вырашылі прадэманстраваць усім людзям сваю найноўшую вынаходку – андроіда Яшу. Яны разаслалі яго па вядучых выставах планеты. Наведвальнікі выстаў з цікавасцю назіралі за паводзінамі робата і задавалі яму банальныя пытанні.      – Як цябе завуць?
     – А ты добры?
     Робат зараз жа даваў суразмоўцу вычарпальны адказ:
     – Мяне завуць Яша. Я добры, вясёлы і разумны, проста выдатны!
     Пры гэтым робат калыхаўся, жэстыкуляваў і нават смяяўся.
     Пяцікласнік Мацвей даведаўся пра выставу ад школьных сяброў. Яму вельмі захацелася паглядзець на робата. Ён выпрасіў у таты грошы на квіток і адправіўся ў выставачны павільён. Убачыўшы андроіда, хлопчык цэлую гадзіну прастаяў каля яго, спрабуючы разгадаць, як жа ён змайстраваны. Мацвей нават запісаў на смартфон выказванні робата.
     "Вось дык дзіва! – дзівіўся хлопчык, гледзячы ў вочы робату. – Яны ў яго ўсё бачаць і запамінаюць. Нездарма робат пасля таго, як я ў яго спытаў, колькі яму гадоў і хто яго стварыў, адказаў, што ён мяне запомніў!"
     Але дома прыемныя ўспаміны пра робата ў Мацвея змяніліся на хатнія клопаты. Яго мама сур'ёзна хварэла, і аб ёй камусьці трэба было клапаціцца. Лекары не змаглі вылечыць матулю, і ніякія лекі ёй не дапамагалі. Што рабіць, як дапамагчы роднаму чалавеку вылечыцца? Аб гэтым дзень і ноч думілі сын з бацькам...
     Тым часам пра зямны андроід даведаліся прадстаўнікі пазаземнай цывілізацыі. Так, Так! Іншапланецяне існуюць, у гэтым можна не сумнявацца. Вось толькі не ўсе зямляне вераць у гэта. А прадстаўнікі пазаземнай цывілізацыі даўно патаемна назіралі за ўсім тым, што адбывалася на Зямлі, але паведамляць людзям пра сябе не спяшаліся.
     Таго разу іншапланецяне прасачылі за рэжымам працы выставы, той, што была арганізавана ў горадзе, дзе жыў Мацвей. І яны вырашылі падмяніць робат зямлян на свой, больш дасканалы, але з выгляду такі ж самы, як зямны. Іншапланецянам захацелася даведацца, да чаго ўжо дадумаліся зямляне, і наколькі іх робат Яша дасканалы. Што ён умее, і якая яго канструкцыя.
     Падмяніўшы на некаторы час зямны робат на свой, яшчэ больш дасканалы, прадстаўнікі пазаземнай цывілізацыі былі ўпэўнены ў тым, што зямляне нічога не западозраць, бо іншапланетны робат яны пераналадзілі на зямныя каманды. Нават зямныя мовы іх робат добра разумеў, адказваючы на пытанні таксама, як гэта рабіў робат Яша.
     Аднак іншаземныя навукоўцы не ўлічылі аднаго – іх робат значна разумнейшы за саміх зямлян, бо нават іх, вельмі разумных іншапланецян, ён можа абхітрыць. Гэта супер-робат! А наколькі развіты яго электронны мозг, ужо цяжка зразумець, таму што гэты мозг увесь час удасканальваецца, нават без удзелу вучоных. Ён разумее і бачыць усё, што робіцца побач з ім і на адлегласці!
     Некалькі дзён іншапланетны робат спраўна выконваў сваю зямную місію, але яго электронны мозг увесь час паўтараў: "Мне сумна адказваць на простыя пытанні, я здольны на штосьці большае!" Хоць, блок памяці, які адказвае за сціпласць, казаў яму: "Патрывай, ты хутка зноў адправішся ў космас да сваіх!"
     Але нуда, урэшце, адолела робата-іншапланецяніна. І аднойчы ён ледзь не сарваўся і не ўцёк з выставачнага павільёна сярод белага дня. Спыніў яго аўтамат-блакіроўшчык неразумных дзеянняў, які быў зашыты ў вобласць яго памяці на выпадак аварыйных сітуацый. У гэты момант на выставачнай пляцоўцы адбылося вось што.
     – Прабачыце мяне, я павінен зараз пакінуць вас! – раптам рашуча сказаў робат, пазіраючы на гледачоў, якія абступілі яго з усіх бакоў.
     Вядома, ніхто нічога не зразумеў, бо пасля гэтага, "падстаўны" робат весела памахаў усім сваёй жалезнай рукой і абвясціў, што гэта ўсяго толькі жарт…
     А зараз перанясёмся ў хату да Мацвея. Некалькі дзён, якія іншапланетны робат ужо правёў у выставачным павільёне, засталіся для хлопчыка незаўважанымі. Ён працягваў таксама, як і раней, хадзіць у школу і даглядаць хворую маму. Па вечарах, зрабіўшы ўрокі, Мацвей шукаў у інтэрнэце інфармацыю, якая змагла б дапамагчы яго матулі вылечыцца. І здарыўся цуд! У нейкі момант яго смартфон выпадковым чынам звязаўся з памяццю пазаземнага робата з выставачнай пляцоўкі! Аказваецца, у памяць гэтага занадта разумнага робата была закладзена інфармацыя пра выратаванне зямной цывілізацыі і асобных яе грамадзян! Такім чынам хлопчык нечакана для сябе патрапіў на цікавыя і зусім незвычайныя звесткі і рэкамендацыі па лячэнні хваробы мамы.
     У гэты момант адбылася яшчэ адна неверагодная для нас, зямлян, падзея. Уся справа ў тым, што аддзел электроннага мозга робата-іншапланецяніна, адказны за суперажыванне, тут жа ўключыў каманду: "Неабходна аказаць дапамогу хворай жанчыне. Зрабіць гэта трэба ў вольны ад асноўнай працы час". Наколькі ж прадумана ўсё тое, што кімсьці калісьці было закладзена ў электронны мозг іншапланетнага робата!
     
     Позна ўвечары без ніякай дапамогі робат-іншапланецянін дабіраўся да кватэры Мацвея. Гэта яшчэ адзін цуд! Як жа ён даведаўся пра адрас? Але гэта, аказваецца, не так складана было зрабіць. Падключыўшыся да смартфона Мацвея, электронная памяць робата тут жа вылічыла адрас месцазнаходжання хлопчыка па касмічнай навігацыі сваёй электроннай сістэмы.
     – Тата! Гэта пэўна да мяне! – крыкнуў хлопчык, пачуўшы званок у дзверы. Адчыніўшы яе, Мацвей быў не на жарт здзіўлены, бо перад ім стаяў робат Яша з выставы!
     – Твая мама хворая? – спытаў робат.
     – Так, ужо даўно... – разгублена прамармытаў хлопчык.
     А робат, не чакаючы запрашэння, ужо пакрочыў углыб кватэры.
     – Не палохайцеся! – робат ветліва звярнуўся да хворай, якая ляжала ў ложку. – Я зараз абследую вас.
     Іншаземны робат штосьці вымяраў і вылічаў з дапамогай сваіх жалезных рук, водзячы па паветры над галавой мамы Мацвея. Затым у яго блакітных электронных вачах, наведзеных на хворую, зайгралі вясёлыя рознакаляровыя агеньчыкі:
     – Усё зразумела! Вы будзеце здаровыя праз пару хвілін!
     Праменьчык святла, зыходзячы з пальцаў робата, асвятліў цела мамы, палётаў па ім некалькі імгненняў. І ўсё!
     – Я вылечыў вашу маму! – абвясціў робат і тут жа сышоў, пакінуўшы ў поўным здзіўленні хлопчыка і яго маці.
     – Мама! Табе стала лягчэй? – спытаў сын.
     А тая ўжо паднялася з ложка са словамі:
     – Здаецца, я здаровая, сынок. У мяне нічога не баліць! – жанчына ўсміхнулася сваім родным – мужу і сыну.
     
     А як жа павёў сябе іншапланетны робат? Ён вярнуўся на выставу? Не! Іншапланецяне да гэтага часу ўжо паставілі на ранейшае месца зямнога робата, цалкам вывучыўшы яго работу. Яны шукалі свой, іншапланетны робат, бо яго не аказалася на пляцоўцы. Тут жа пачаліся яго спешныя пошукі!
     Але іх робат сам хутка знайшоўся, улавіўшы пазыўныя сігналы пазаземнай радыёстанцыі.
     – Я тут, выконваю сваю місію дапамогі хворым людзям, – адказаў ён. – Хутка буду ў прызначаным месцы.
     Вядома ж, пазаземны робат зразумеў, што ўжо праз некалькі хвілін адправіцца ў космас і ўжо не хутка сустрэнецца з разумным хлопчыкам гэтай прыгожай планеты.
     І зноў адбыўся цуд! У электронным мозгу робата нешта "ёкнула" па-нашаму, а па-сапраўднаму, проста спрацавалі ячэйкі памяці, якія адказваюць за прыхільнасць і сяброўства.
     "Я хачу развітацца з ім. Хлопчык мне спадабаўся, таму што ён клапоціцца пра сваю маму", – “зразумеў” робат-іншапланецянін і паслаў Мацвею электроннае паведамленне на яго смартфон: «Мацвей! Я адлятаю ў космас да свёй планеты, бо я не зямны робат Яша, а іншапланетны. Але я вярнуся праз нейкі час і звяжуся з табой. Твае каардынаты захоўваюцца ў маёй памяці, я запомніў тваё аблічча і голас. Да спаткання!»
     
     Гэтая казка на рускай мове
24.04.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100