Хатка для сініц - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хатка для сініц
Хатка для сініц
Ранняй вясной Ваня разам з татам змайстравалі новую хатку для шпакоў. Летась у іх двары гэтыя цямлівыя чорнакрылыя птушкі жылі ў старой шпакоўні. На досвітку шпак Паша, так яго назваў тата, любіў пасядзець пасярод двара на галінах высокага клёна. Ён то трашчаў як сарока, то свістаў як сініца, нават квакаў як жаба, ці крумкаў як варона. Вось якая гэтая птушка, умее пераймаць каму заўгодна!      Сёлета тата вырашыў, што трэба зрабіць новую шпакоўню, бо сценкі старой прагнілі, а дах працякае. А калі новая хатка была гатовая, тата залез на клён, зняў старую шпакоўню, а на яе месцы прывязаў да дрэва новую, вельмі добрую і прыгожую.
     – Хутка прыляцяць шпакі! Бачыш? Снег амаль растаў, і пацяплела, – тата паказаў на чорныя праталіны на зямлі.
     – А нашым шпакам спадабаецца новая хатка, яны паселяцца ў ёй? – спытаў Ваня.
     – Чаму не? Хто ж не захоча жыць у прыгожай і зручнай новай хаце! – усміхнуўся тата.
     Потым ён паглядзеў угару:
     – Такое блакітнае і яснае неба бывае толькі ўвесну! У гэты час пералётныя птушкі ляцяць дахаты, туды, дзе нарадзіліся і ўпершыню ўбачылі вясновую прыгажосць! – тата паказаў рукой на дрэвы і кусты ў двары.
     Так, ён меў рацыю. Вясна ўжо ўступіла ў свае правы. Неўзабаве на дрэвах у Ваніным двары набрыняюць покаўкі, з іх вызірнуць тоненькія лісточкі далікатнага зялёнага колеру. Яны нават будуць пахнуць, як кветкі!
     Хлопчык ведаў, што шпакі заўсёды ляцяць з Поўдня вялікімі чорнымі чародамі. Яны знаходзяць старыя месціны, разлятаюцца па дварах, парках і садах, імкнуцца да свайго леташняга жылля.
     Прайшло некалькі дзён. І аднойчы ў Ваніным двары з'явіўся шпак Паша разам з жонкай-шпачыхай. Хлопчык заўважыў птушак раней за тату. Шпакі сядзелі на галінцы клёна, побач з новай шпакоўняй і з цікавасцю паглядалі на яе. А потым шпак Паша падляцеў да шпакоўні і забраўся ўнутр.
     – Цві-цві-цві! – прасвістаў ён вясёлым галаском. – З наваселлем, дарагая жоначка! Сардэчна запрашаю ў выдатную новую хату! Добрыя людзі паклапаціліся пра нас. Падзякуем ім за гэта!
     І шпак з натхненнем прасвістаў гаспадарам двара песню падзякі.
     – Зараз нам трэба зрабіць у далёкім куце новай шпакоўні мяккае ўтульнае гняздзечка для будучых птушанят. Туды не дастане дзюба шкоднай вароны альбо лапа крыважэрнага ката, – вырашыў хітры шпак.
     На наступны дзень, трохі перадыхнуўшы з дарогі, шпакі ўзяліся за работу. Яны нацягалі пушынак, сухіх лісцікаў і пярынак, мяккага моху і травінак – увогуле ўсяго, што падыходзіла для стварэння цёплага птушынага гняздзечка.
     А Ваня з татам, назіраючы, з якой стараннасцю працуюць задаволеныя птушкі, зразумелі, што ім спадабалася новае жыллё, раз яны ўжо будуюць у ім гняздо для птушанят.
     Праз дзень, прагульваючыся па двару, хлопчык заўважыў дзвюх незнаёмых сініц. Яны сядзелі высока на галінках клёна і пра штосьці звонка перагаворваліся на сваёй птушынай мове. Хлопчыку было цяжка зразумець, што хвалюе сініц. Але ён заўважыў, як яны лёталі вакол новай шпакоўні і з цікавасцю разглядалі яе.
     "Ім таксама хочацца жыць у такой хатцы", – здагадаўся хлопчык і ўвечар, калі тата прыйшоў з працы, распавёў яму пра сініц.
     – Давай, мы і ім пабудуем шпакоўню, толькі з маленькай дзірачкай, бо сінічка менш за шпака. Тады іншыя птушкі, напрыклад, галкі, вароны ці шпакі не змогуць заняць гэтую хатку. Сінічкі ўбачаць на дрэве пустое жыллё і паселяцца ў ім, – прапанаваў тата.
     – Правільна! – узрадаваўся Ваня. – Тады ў нашым двары заўсёды будуць жыць сініцы!
     
     У выхадны дзень тата з сынам з самага ранку працавалі ў двары: выпілоўвалі з дошак сцены хаткі, потым зрабілі дах.
     А сініцы зноў прыляцелі ў іх двор. Яны заўважылі шпакоў і ўступілі з імі ў гутарку.
     – Прывітанне, шаноўныя шпакі! – прасвісталі сініцы. – Вам пашанцавала. Такую выдатную хатку змайстравалі для вас людзі! Нам бы гэткую! У нас няма добрага жылля. Мы начуем у суседнім двары пад дахам старога дома. Калі сырое надвор'е, там холадна, мокра, таму мы не хочым віць гняздо для птушанят у такім нязручным месцы.
     – Небаракі! – пашкадаваў іх шпак Паша. – Я нават не ведаю, як вам дапамагчы. Дрэнна, што людзі не робяць хатак для сініц.
     Толькі шпак Паша не разумеў самага галоўнага. Да вечара хатка для сініц была гатовая! Раніцай наступнага дня тата прывязаў яе на суседняй з клёнам ліпе, вышэй, каб туды было цяжка дабрацца гарэзе-кату.
     
     – Новая шпакоўня! Для каго яе змайстравалі? Трэба аб гэтым паведаміць нашым сябрам, шпакам, – цікаўны Паша тут жа агледзеў новую хатку з усіх бакоў. Але ўваходная адтуліна аказалася вельмі вузкая, таму шпак не змог патрапіць унутр хаткі.
     – Не, напэўна, гэтая хатка для маленькіх птушачак, – здагадаўся Паша. – Так, так! Гэта сінічнік! Сініцы менш за нас, шпакоў, па памеры і змогуць пралезці ў гэтую дзірачку!
     Прыязны шпак тут жа паляцеў у суседні двор шукаць пад дахам старога дома сініц.
     – Ляціце ў наш двор! Вам людзі таксама змайстравалі хатку! – узрадаваў ён птушак.
     Устрывожаныя такой прыемнай навіной, сініцы схамянуліся і панесліся ў Ванін двор, каб паглядзець на новае жыллё.
     – Якая выдатная хатка! Мне вельмі падабаецца! Няўжо яна дзеля нас? – радасна звінела Сінічка, будучая мама.
     – Для вас! Я ўпэўнены! – звонка ціўкаў Паша.
     Яму было прыемна, што ён першым паведаміў сініцам такую добрую навіну.
     – Так, так! Добр-р-р-а, што я ўспомніў! – затрашчаў шпак голасам сарокі. – Вы ж не забудзьцеся ўцяпліць дно і нават сценкі сваёй новай хаткі, бо вы ў ёй будзеце зімаваць. А яшчэ зляпіце ўнізе, у самым далёкім куце хаткі, гняздзечка для птушанят, як гэта зрабілі мы.
     Сінічкі хутка перанялі досвед шпакоў і неўзабаве нацягалі ў сінічнік пярынак, пушынак, сухіх травінак, лісцікаў і моху.
     – Цяпер мы будзем сябраваць сем'ямі, – вырашылі задаволеныя птушкі.
     
     А Ваня з татам усміхаліся, гледзячы на новых жыхароў, якія пасяліліся ў сінічніку.
     – Ура! Мы зрабілі хатку для сініц, – цешыўся хлопчык. – Яны будуць жыць у ёй круглы год! Сініцы ж не адлятаюць на Поўдзень? – спытаў ён у таты.
     – Затое ўзімку іх трэба будзе падкормліваць, – адказаў тата.
     – Тады мы зробім для іх кармушку! Я буду ў яе сыпаць семечкі, а побач прывяжу кавалачак сала, – пагадзіўся сын.
     Усё лета Ваня з татам назіралі за птушкамі. Шпакі і сініцы гадавалі птушанят. А калі надышла восень, шпакі пачалі рыхтавацца да адлёту ў паўднёвыя краіны. Зімаваць у халоднай шпакоўні гэтыя птушкі не могуць, ім неабходна шмат цяпла, каб выжыць. Шпак Паша ўжо падрыхтаваў сваю сям'ю да перелёту. Яго птушаняты падраслі і навучыліся нядрэнна лётаць. Нарэшце, пазбіраўшыся ў вялікія чароды, усе шпакі паляцелі ў Вырай, каб перажыць там халодную зіму.
     Сініцы ж у Ваніным двары засталіся. Скора прыйдзе зіма. Аднак сініцы не змерзнуць, таму што яшчэ лепш уцепляць сваю хатку. А людзі будуць клапаціцца аб іх для таго, каб маленькія птушачкі не памерлі ад голаду.
     
     Прыслухайся! Чуеш?
     – Дзінь-дзінь! Дзінь-дзінь! – разносяцца па двары галасы сініц.
     Так птушкі дзякуюць хлопчыку і яго тату за ўсё тое добрае, што яны зрабілі і працягваюць рабіць для сваіх сяброў – птушак.
     – Дзінь-дзінь! Вя-лі-кі дзя-куй! – спяваюць жоўтагрудыя сінічкі пад акенцам у добрых працавітых людзей.
     
     Гэтая казка на рускай мове
1.04.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100