Жэнькіна лета (аповед-казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Жэнькіна лета (аповед-казка)
Жэнькіна лета (аповед-казка)
Надышло лета. А з ім ва ўсе школы прыйшлі самыя доўгія летнія канікулы. Дзеці раз'ехаліся адпачываць – хто на дачу, хто ў аздараўленчы лагер, а Жэнька – да бабулі ў вёску. Ён ужо не першы год прыязджаў да яе на цэлае лета. У бабулі вельмі добра: шмат усякай смачніны ў гародзе і садзе, а за хатай – поле і лес.      Любіў хлопчык у лес хадзіць. Праўда, ён сыходзіў не вельмі далёка ад хаты, бо баяўся заблудзіцца. А там, дзе ён хадзіў, яму было ўсё знаёма – кожная сцяжынка і дрэўца. Але гэта можа і не так насамрэч. Да таго і мой аповед.
     Вось прыехаў Жэнька да бабулі. Тая ж вельмі радая сустрэчы з унукам. Піражкамі з капустай ды з тварагом яго частуе, усё выпытвае пра дом.
     Але тут, раптам, яе суседка прыбегла:
     – Уключай, – кажа, – радыё. Пра пенсію распавядаюць, павялічыць збіраюцца.
     Падбеглі бабулькі да радыё, што на сценцы ў пакоі вісела, ды так да яго вушамі і прыхінуліся, каб усё ўчуць да канца. Паглядзеў на іх Жэнька скоса і сам пра сябе падумаў: "Вось ужо старым рабіць няма чаго. Знайшлі што, радыё слухаць! Хто яго цяпер слухае ў стагоддзе інтэрнэту?"
     Дастаў хлопчык з рукзака свой плэер, надзеў навушнікі, уключыў запіс. Усміхнуўся ад задавальнення, бо запісы ў яго класныя, музыка што трэба, сучасная!
     Пайшоў Жэнька ў двор, а потым і далей па знаёмай сцежцы ў лес – прагуляцца. Ідзе, музыку слухае. Зайшоў углыб лесу і сеў на пянёк перадыхнуць. Глядзіць – наперадзе за кустамі бегае хтосьці. Выключыў ён плэер. Чуе галасы, але на людскія яны непадобныя. Падкраўся бліжэй. Глядзіць, а там зайцы скачуць па зямлі, вавёркі – па галінках, птушкі звіняць, трашчаць, ціўкаюць, крумкаюць. На хвоі рэпрадуктар вісіць, а з яго музыка разносіцца па лесе.
     – Цікава! – здзівіўся Жэнька. – Хто гэта звярам і птушкам такое задавальненне даставіў?
     Але тут музыка заціхла, і дыктар пачаў перадаваць навіны з вясковага жыцця. Звяркі тут жа разбегліся, нават не звярнуўшы ўвагі на Жэньку.
     Калі хлопчык вярнуўся ў вёску, бабуля ўжо палола штосьці ў агародзе. На яго пытанне пра радыё ў лесе, яна распавяла, што яго, гэтае радыё, там сусед, дзед Міхась, змайстраваў. Ён усё жыццё любіць ўсякія такія штучкі рабіць і людзей дзівіць. Вось і тады вырашыў у лесе падарунак звяркам зрабіць, каб не сумавалі.
     – А ты, бабуля, радыё часта слухаеш? – спытаў Жэнька.
     – Вядома! Ведаеш, унучак, я ўсё жыццё з ім раніцай устаю, а ўвечар кладуся. Ты не думай, што яно не цікавае. Вось толькі ўчора я слухала аповеды дзяцей, якія занялі першыя месцы на алімпіядах па фізіцы і матэматыцы. А суседская ўнучка Алёнка, ёй чатыры гадкі, кожны вечар перад сном слухае па радыё казку, і раніцай мне яе распавядае.
     Усё лета Жэнька адпачываў у бабулі на вёсцы. Ён хадзіў у лес, да сябра на другі канец вёскі, дапамагаў бабулі па гаспадарцы, чытаў кнігі. І вядома, не забываў паслухаць плэер і радыё.
     З навін і розных радыёперадач хлопчык даведаўся пра шмат цікаўнага і пазнавальнага і нават сяму-таму навучыўся. Напрыклад – як гатаваць пірог з яблыкамі. Ён спёк яго. Пірог атрымаўся зусім не горш за бабулінага.
     А ўвосень у школе Жэнька напісаў сачыненне пра тое, як правёў лета, за якое атрымаў найвышэйшую адзнаку – дзесяць.
     Мама сказала:
     – Мне спадабалася тваё сачыненне. Яно падобнае на казку. Можаш адаслаць яго на радыё. А раптам прачытаюць?
     Жэнька так і зрабіў. І аднойчы пачуў з радыёпрыёмніка, які стаяў на кухонным стале, такія словы:
     – Сёння, дзеці, мы прачытаем вам казку Яўгена Малышава пра тое, як у лес да звяроў і птушак завітала радыё.
     Хлопчык праслухаў сваю казку, трохі хвалюючыся, і падумаў: " Калі вырасту, вывучуся на журналіста і буду працаваць на нашым радыё, бо гэта так цікава!"
     
     Гэтая казка на рускай мове
25.03.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100