Як Музычны Праменьчык гасцяваў на Зямлі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як Музычны Праменьчык гасцяваў на Зямлі
Як Музычны Праменьчык гасцяваў на Зямлі
     
Дзе і калі нарадзіўся чароўны Музычны Праменьчык, невядома. Але, несумненна, што ён – дзіця Сусвету!      У далёкія-далёкія часы, пралятаючы міма планет нашай Сонечнай сістэмы, чароўны Праменьчык не мог не заўважыць неверагодна прыгожую планету, схаваную пад блакітнымі і малінавымі аблокамі. Яшчэ здалёк пачуўшы далікатны тоненькі галасок Музычнага Праменьчыка, Зямля не ўтрымалася, каб не запрасіць яго ў госці ў свае ў той час зусім немузычныя ўладанні.
     Вось так Музычны Праменьчык і апынуўся на нашай планеце. Ён прынёс шмат карысці зямным насельнікам, навучыўшы іх музыцы і спевам!
     Падляцеўшы да Зямлі, Музычны Праменьчык быў зачараваны яе хараством. Ён з асалодай удыхаў водары рознакаляровых лугоў і зялёных лясоў, пахі сініх мораў і акіянаў. Яму падабалася глядзець на зіхатлівыя ледзяныя шапкі горных вяршынь. Лётаючы над Зямлёй, Музычны Праменьчык з захапленнем разглядаў усё навокал і рассыпаў паўсюль свае чароўныя музычныя гукі. Цікаўны Праменьчык пракраўся нават у марскія глыбіні! Пралятаючы над акіянам, ён падарыў яго ласкавым і спакойным хвалям ціхі шэпт, а вялікім і грозным, штармавым – моцны і гучны шум і грукат.
     Гуляючы на вясёлых лясных палянках, Музычны Праменьчык раздаваў звонкія меладычныя галасы птушкам, у густых гушчарах і балотах навучыў гудзенню пчолак, чмялёў, жукоў і стракоз, кваканню жаб, а хуткім ручайкам падарыў вясёлае журчанне.
     Купаючыся ў пухнатых аблоках, Музычны Праменьчык пазнаёміўся з зямнымі вятрамі. Цёплыя летнія і халодныя зімовыя вятры былі рады пасябраваць з вясёлым Праменьчыкам, бо ён ведаў мноства музычных гукаў. Разам яны кружылі вакол Зямлі і гулялі ў даганялкі. Музычны Праменьчык спачатку саграваўся ад летняй спёкі, пралятаючы над тым паўшар'ем Зямлі, дзе ў гэты час было гарачае лета. Але потым ён замярзаў ад ледзяной сцюжы, якая астуджвала другое паўшар'е Зямлі. Апрача таго ад палюсоў Зямлі заўсёды веяла холадам, а ад экватара – спякотай.
     Лётаючы вакол Зямлі, Музычны Праменьчык весела свістаў: то далікатна і ласкава – ад цеплыні, то гучна і пранізліва – ад холаду. Халодныя і цёплыя вятры спачатку жартам пераймалі Музычнага Праменьчыка. Урэшце, ім так спадабалася такая гульня, што яны сталі свістаць гэтак жа, як Музычны Праменьчык.
     Развітаўшыся з вятрамі, Музычны Праменьчык паляцеў уніз да Зямлі, таму што там ён заўважыў змейку-раку. Спрытны Праменьчык на ўсёй скорасці нырнуў у ваду і паплыў разам з быстрымі рачнымі хвалямі.
     – Бр-р-р, плёск-плёск-плёск! – цешыўся Музычны Праменьчык.
     А рака ўсміхалася, гледзячы на выхадкі галасістага госця. Хвалі заіграліся з ім і тут жа перанялі ад яго ўменне гучна і звонка плёскацца.
     Цікаўны Праменьчык паляцеў яшчэ далей. Але, патрапіўшы ў гарачую пустыню, ён неяк адразу аслабеў. І гэта не дзіўна, бо ў пустыні занадта горача! І тады Музычны Праменьчык нырнуў у пясок і закапаўся ў ім.
     – Шр-шр-шр! – толькі і змог прамармытаць ён.
     – Шр-шр-шр! – падхапілі жоўтыя пясчынкі.
     З тых часоў яны так і не навучыліся іншым гукам.
     – Ох, як горача! Мне трэба астудзіцца, – вырашыў Музычны Праменьчык і паспяшаўся ў той бок Зямлі, над якім навіслі цёмна-сінія хмары.
     Там на небе сабралася шмат дажджавых хмар, але ніхто з іх не жадаў саступаць дарогу. Хмары сварліва бурчэлі і штурхалі адна адну. Раптам паміж імі ўтварыўся вельмі моцны электрычны разрад. І ў гэты момант Зямлю асвятліла найярчэйшая Маланка! Яна ўстала паміж хмарамі і імкнулася разагнаць іх!
     – У-ў-у! Бах!!! – незвычайна гучна раўнуў Музычны Праменьчык і прыціснуўся да Зямлі. А яна здрыганулася ад такога гучнага гуку!
     – Навошта ты ўсіх палохаеш такім громам? – прасвістаў цёплы вецер ля самага вуха Праменьчыка.
     – Дык я ж і сам спалохаўся, – прашаптаў Музычны Праменьчык.
     А Маланка ўжо запомніла гэты грозны гук, бо ён дапамог разагнаць сварлівыя хмары ў розныя бакі.
     Увесь мокры ад дажджу Музычны Праменьчык паляцеў далей ад гэтага непрыемнага месца...
     Больш яго ніхто не бачыў. Дзе Музычны Праменьчык цяпер? Невядома...
     А зямныя лясы, лугі, палі, горы, акіяны, моры, рэкі, вятры і пустыні дагэтуль памятаюць і паўтараюць УСЕ ГУКІ, якім навучыў іх чароўны Музычны Праменьчык.
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.03.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100