Нецярплівае медзведзяня - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нецярплівае медзведзяня
Нецярплівае медзведзяня
У мамы, бурай мядзведзіцы, падрасталі дзеці: два цудоўныя медзведзяняты, Цішка і Непаседа. Мядзведзіца ўжо шмат чаму навучыла іх. Маляняты маглі лавіць у рацэ рыбу, збіраць ягады ў лесе. І, вядома ж, як усе няўрымслівыя дзеткі, яны часам залазілі на дрэвы.      – Дзеці! Не зваліцеся з дрэва! Акуратна злазьце ўніз, моцна трымаецеся кіпцікамі за ствол! – крычала мядзведзіца Цішку і Непаседу, калі заўважала, што яны залезлі на дрэва занадта высока.
     Пасля заваг мамы Цішка тут жа спаўзаў на зямлю, а Непаседа не спяшаўся яго даганяць. Такі непаслухмяны!
     Улетку ў лесе ўсё было цікава. Медзведзяняты маглі гадзінамі куляцца на мяккай траўцы, ганяцца за матылькамі і стракозамі, ласавацца саспелымі суніцамі і чарніцамі. Але самым смачным ім здаваўся мёд. Аднойчы медзведзяняты ўжо паспрабавалі яго. Гэта было мінулым летам, калі самі пчолы прынеслі маме мядзведзіцы для медзведзянят трохі мёду ў драўляным вядзерцы.
     – Мама! Папрасі ў пчолак мёду. Ён такі смачны! – неяк сказаў мядзведзіцы яе сынок Непаседа.
     – Яны яшчэ не назапасілі яго на зіму, – адказала мама. – Вось калі іх вулей будзе поўным, тады яны самі прынясуць яго для цябе і Цішкі.
     – А калі гэта адбудзецца?
     – Увосень.
     – Але я не змагу так доўга чакаць! – раскапрызіўся Непаседа. – Я хачу мёду цяпер!
     – Не, сыночак, цяпер нам яго не дадуць. Пачакай да восені, – сказала мядзведзіца.
     Цішка чуў усю гэтую гутарку, і яму зусім не хацелася адбіраць мёд у пчол. Яны ж такія добрыя і працавітыя! А Непаседа задумаў ліхую справу.
     На досвітку, калі мама з брацікам яшчэ спалі, ён непрыкметна ўцёк у лес да той хвоі, на якой пчолы змайстравалі вялікі вулей і збіралі ў яго мёд. "Я забяруся на дрэва і з'ем увесь мёд, раз яны такія прагныя і мне яго не даюць", – вырашыў малы. І ён палез на дрэва. Падабраўшыся да пчалінага вулея, Непаседа тут жа засунуў у яго сваю лапку і... зароў на ўвесь лес! А ўсё таму, што пчолы, убачыўшы касматага зладзюжку, абкружылі яго з усіх бакоў і пачалі джаліць.
     – Так табе і трэба! Навошта палез красці чужы мёд! – каркнула Варона. Яна сядзела на суседняй хвоі і ўсё бачыла.
     Непаседа ледзь не зляцеў з дрэва ад страху і незадаволены паплёўся дахаты. Яго мордачка распухла, часалася і балела. А носік стаў падобны на надзіманы шарык.
     –У-ў-у! – раўло медзведзяня.
     – Што здарылася? – спалохалася мама мядзведзіца, зірнуўшы на сваё неразумнае дзіця.
     – Ён хацеў выкрасці ў пчол мёд, – напаклёпнічала Варона.
     – Навошта ты гэта рабіў, малы? – спытала мама. – Я ж казала табе, патрывай да восені.
     – Я не ведаў, што пчолы моцна кусаюцца! – плакаў Непаседа.
     Пакусаны і няшчасны ён увесь тыдзень хадзіў, сумна гледзячы на ўсё сваімі круглымі вочкамі.
     – Не глядзі на мяне, як Сыч! – крыкнула Варона, сустрэўшы ў лесе сумнае медзведзяня. Яна зусім не шкадавала Непаседу і не прабачала яму дрэннага ўчынку.
     – Мама! А што такое Сыч? – спытаў малы, калі мама ласкава пагладзіла яго па галоўцы.
     – Сыч? Гэта маленькая Сава. Яна жыве на ўскрайку нашага лесу і не вельмі прыязная. Часцей за ўсё яна днём спіць, а ўначы – ловіць мышей.
     "Я не такі, як Сыч, – падумаў Непаседа. – Я прыязны і вясёлы. Вось пайду і папрашу прабачэння ў пчол".
     Назаўтра, не кажучы нікому ні слова, Непаседа адправіўся да старой хвоі, дзе жылі пчолы. Падышоўшы бліжэй, ён паглядзеў угару і крыкнуў:
     – Паважаныя пчолы! Калі ласка, даруйце мне за тое, што я хацеў адабраць у вас мёд. Я больш ніколі не буду так рабіць!
     Пчолы пачулі голас медзведзяняці і ўсе разам вылецелі з вулея, каб паглядзець на маленькага шкодніка. Але Непаседа так жаласна глядзеў на іх, што пчолы тут жа прабачылі яго і падарылі яму драўлянае вядзерца з мёдам.
     – Няхай сам ласуецца і сваіх родных частуе, – сказала самая галоўная пчала-матухна.
     – Шчыры дзякуй! – узрадаваўся Непаседа і пабег дахаты з вядзерцам мёда ў зубках.
     Дома ён частаваў салодкім ласункам маму і браціка, нават Вароне прапанаваў паспытаць кропельку. Але яна не захацела. Відаць не любіць салодкае.
     З тых часоў Непаседа ўжо ніколі не маркоціўся, ён глядзеў на ўсіх весела і прыязна і стараўся рабіць толькі добрыя справы.
     
     Гэтая казка на рускай мове
4.03.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100