Скураныя банцікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Скураныя банцікі
Скураныя банцікі
Калі на вуліцы пахаладала, мама сказала сваёй дачушцы:      – Хутка зіма, а ў цябе, Лізавета, няма цёплых боцікаў. Заўтра пасля садка зойдзем у краму і купім іх.
     Назаўтра мама з дачкой купілі самыя прыгожыя ў свеце чырвоненькія боцікі – мяккія, з маленькімі скуранымі банцікамі і вострымі носікамі. Усю зіму Лізачка прахадзіла ў сваёй абноўцы. Дзяўчынцы было цёпла і ўтульна. А боцікам вельмі падабалася, што іх усе любяць, даглядаюць – чысцяць ад бруду, праціраюць чыстай анучкай, змазваюць крэмам.
     Нарэшце, скончылася зіма, прыйшла вясна. Зусім пацяплела, і на вуліцы падсохла зямля. Мама пачала абуваць дачцы ў садок туфлікі, а боцікі схавала ў шафу.
     Левы Боцік не вельмі моцна засмуціўся ад такой змены падзей у яго жыцці, правы ж засмуткаваў у цемры без сонечнага святла. А калі мама адчыніла шафу, каб дастаць адтуль нейкія свае рэчы, правы Боцік узяў ды і выпаў адтуль. Затым ён паволі дабраўся да ўваходных дзвярэй. Яму гэта не цяжка было зрабіць, бо ён умеў хадзіць. Нецярплівы Боцік не змог утрымаць сваю цікаўнасць. Ён выслізнуў за дзверы Лізачкінай кватэры адразу ж, як толькі хтосьці іх адчыніў. Правы боцік вельмі жадаў паглядзець на тое, што робіцца ў двары!
     А там было лета! Вакол усё зазелянела: траўка, лісцікі на дрэвах і кусціках. Боцік убачыў яркія кветачкі ў садзе і радасна ўсміхнуўся.
     – І такую прыгажосць мне не хацелі паказваць! – абурыўся ён.
     Правы Боцік вырашыў адразу ж адправіцца ў вандраванне, каб абысці ўвесь свет! Ён выбег за вароты і, падскокваючы, пабег па дарозе. Такі цікаўны вандроўнік, ён не заўважыў, як апынуўся ў лесе. Вакол яго раслі высокія дрэвы, спявалі птушкі і цвыркалі конікі.
     – Я магу заблудзіцца ў такім дрымучым лесе! – спалохаўся Боцік і пабег па пратаптанай сцяжынцы, спадзяючыся, што па ёй ён куды-небудзь ды дабярэцца.
     Тое, што гэтая сцяжынка не простая, а самая што ні на ёсць чароўная, Боцік не ведаў. Ён не ведаў, што да яго па ёй прайшло ўжо шмат маленькіх ножак. І былі гэтыя ножкі ножкамі тых, пра каго калісьці забыліся. Так бывае, што ў нейкай шафе ляжаць і журацца непатрэбныя старыя цацкі, туфлікі, боцікі, тэпцікі, нават кніжкі.
     Неверагодна! Шмат з такіх закінутых і забытых дзецьмі і дарослымі рэчаў збягалі ад іх. Як па чарадзейству, яны траплялі на дзіўную сцяжынку ў лесе, якая прыводзіла іх не проста куды-небудзь, а да самай сапраўднай Феі дабра і спачування!
     Добрая Фея ніколі нікога не крыўдзіла. Усім лялькам, машынкам і іншым дзіцячым цацкам і рэчам яна знаходзіла новых гаспадароў, якім яны яшчэ былі патрэбныя. Фея адсылала старыя рэчы і цацкі дзеткам, у чыіх мам не было грошай купіць дарагія цацкі і рэчы. Але самым дзіўным было тое, што старыя цацкі карысталіся вялікім попытам у нябесных Анёлаў! Анёлы часта прыляталі за імі, і дзіцячыя цацкі з радасцю адпраўляліся на нябёсы.
     Аднак так атрымалася, што наш правы Боцік ніхто не забраў. Ды і Фея б не дазволіла гэта зрабіць. З аповеду Боціка яна даведалася, што яго ніхто не кідаў і не забываў. Проста настала лета, і Боцік часова, да зімы, паклалі ў шафу.
     – Вяртайся дахаты! – сказала праваму Боціку добрая Фея. – Падумай сам! Як засмуціцца Лізачка, калі ўвосень выявіць, што ты знік. Яна любіла цябе, і сама выбрала ў краме. Ды і леваму Боціку цяпер у шафе без цябе самотна. Вы ж пара!
     Дапытліваму Боціку нічога не заставалася, як вярнуцца дахаты і зноў непрыкметна прабрацца ў шафу. Там яго сустрэў занепакоены згубай сябра левы Боцік.
     А калі скончылася цёплае лета, і зноў надышлі халады, мама дастала з шафы чырвоненькія боцікі сваёй дачкі, працерла іх анучкай і сказала:
     – Глядзі, дачушка, твае зімовыя боцікі дачакаліся зімы. Яны такія цёплыя, што ты не замерзнеш у іх нават у вялікі мароз!
     
     Лізавета памацала левы, а затым правы Боцік сваімі пальчыкамі, пагладзіла маленькія скураныя банцікі і ўсміхнулася маме ў адказ.
     
     Гэтая казка на рускай мове
26.02.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100