Таямніцы старога Кедра - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Таямніцы старога Кедра
Таямніцы старога Кедра
     
Усю зіму вялікі мурашнік хаваўся ад марозу пад тоўстым пластом снегу ў сібірскай тайзе. Усе мурашкі спалі, спаў і маленькі Муравік. Але вось прыйшла вясна, снег растаў, і мурашкі прачнуліся. Іх абудзілі яркія праменьчыкі сонечнага святла, яны свяцілі прама мурашкам у вочкі.      Цёплы вясновы Ветрык гучна і весела прасвістаў каля самага мурашніка:
     – Прачынайцеся, лясныя мурашкі! За справу прымайцеся. Прыйшла вясна!
     Прачнуліся мурашкі, пацягнуліся са сну, падняліся з ложачкаў, памылі тварыкі, агледзеліся і зразумелі, што за доўгую зіму ў іх назапасілася шмат спраў:
     – першая справа: трэба навесці парадак у мурашніку і заслаць ложачкі;
     – другая справа: нацягаць галінак і ўмацаваць усе сцены мурашніка;
     – трэцяя справа: здабыць ежу і ваду.
     Мурашкі паспяшаліся ўсё гэта рабіць, толькі маленькі Муравік не спяшаўся. Чаму ж? Няўжо заленаваўся? Ды не, ён не гультай. Проста вельмі дапытлівы. Не мог Муравік хатнія справы рабіць, пакуль не даведаецца пра адну важную таямніцу, якую яшчэ летась не здолеў разгадаць.
     Што ж гэта за таямніца, спытаеце вы? А вось якая.
     Маленькаму Муравіку вельмі хацелася зразумець, адкуль увосень у густым тайговым лесе на зямлю падаюць шышкі, з якіх потым высыпаюцца смачныя маленькія арэшкі.
     На досвітку пайшоў Муравік па лясной сцяжынцы разгадваць гэтую таямніцу. Падышоў да вялікага касматага Кедра і пытае ў яго:
     – Стары Кедр! Дапамажы, калі ласка, даведацца, адкуль на зямлю падаюць шышкі. Мне вельмі цікава!
     – Для таго, каб усё зразумець, табе трэба ўзлезці на мае самыя верхнія галінкі, – адказаў Кедр.
     – Як жа я гэта зраблю? – задумаўся Муравік. – Калі буду паўзці па тваім ствале, дык нават за цэлы дзень не дабяруся туды. Ты ж такі высокі, да самага неба! А мне ўжо праз гадзіну трэба бегчы дахаты, мурашніка, і дапамагаць маім братам мурашкам. Там за зіму назапасілася вельмі шмат спраў!
     – Тады папрасі Хрушча. Ён можа лётаць, як маленькі верталёт, і падніме цябе наверх.
     І тут Муравік убачыў, што на лісціку суніцы сядзіць вялікі чырвона-карычневы жук, важна пакручвае вусікамі і загадкава глядзіць на яго.
     – Гэты ты – Хрушч?
     – Так, гэта я.
     – Калі ласка, паднімі мяне ўгару, я хачу даведацца пра таямніцу гэтай старой шышкі, – Муравік паказаў на леташнюю шышку, якая ляжала на зямлі, растапырыўшы лускавінкі. Вядома, ніякіх арэшкаў усярэдзіне яе не было. Яны высыпаліся з шышкі яшчэ мінулай восенню, і былі падабраны тымі, хто любіць такі лясны ласунак.
     – Добра, – адказаў Хрушч. – Сядай да мяне на спінку. Я цябе падніму ўгару.
     – Калі Муравік усеўся на жука, Хрушч загудзеў, нібы верталёт. Гэта раскрыліся і забзыкалі яго крылцы. У той момант Хрушч і сапраўды стаў падобны на сапраўдны верталёт. За некалькі хвілін ён падняў Муравіка да неба і сеў на самую верхнюю галінку велізарнага Кедра.
     І тады стары Кедр спытаў у Муравіка:
     – Бачыш вось гэтыя маленькія зялёныя шышачкі на маіх галінках? Калі яны трохі падрастуць, то стануць сінімі, а яшчэ пазней – карычневымі. Вось тады ў іх і паспеюць арэшкі, якія вельмі любяць птушачкі, вавёрачкі і нават ты. Саспелыя шышкі адарвуцца ад маіх галінак і зваляцца на зямлю.
     – Значыць, гэта ты гадуеш смачныя арэшкі? – спытаў Муравік.
     – Вядома, а хто ж яшчэ? Яны – маё насенне. З такога арэшка праз шмат гадоў можа вырасці магутны тайговы кедр, падобны на мяне. Калі спусцішся на зямлю, паглядзі ўважліва вакол сябе. Магчыма, ты сустрэнеш там майго маленькага сыночка.
     – Добра! – адказаў Муравік. – Жучок, апусці мяне, калі ласка, на зямлю. Я ўжо разгадаў таямніцу кедравай шышкі.
     І вось калі Хрушч апусціў Муравіка на зямлю, той уважліва паглядзеў вакол сябе. Малы адразу заўважыў, што недалёка ад вялікага Кедра расце не адно, а адразу тры маленькія дрэўцы.
     – Гэта яго дзеці, – зразумеў Муравік. – І як гэта я іх раней не заўважаў?!
     – Муравік! Ці бачыш ты там маіх сыноў? – спытаў Кедр.
     – Так! Бачу. Яны яшчэ зусім маленькія.
     – Нічога, – адказаў стары. – Калі ім будзе столькі гадоў, колькі цяпер мне, яны дарастуць да самага неба.
     – Вось дык дзіва! – усклікнуў Муравік. – Значыць, табе ўжо шмат гадоў?
     – Вядома! – адказаў Кедр. – А колькі мне гадоў, я распавяду табе на наступны год, увесну.
     І Муравік, азадачаны новай таямніцай старога Кедра, пабег дахаты дапамагаць родным мурашкам. Наступнай вясной ён разгадае і гэтую таямніцу старога Кедра. А вы, дзеці, змаглі б яе разгадаць раней маленькага Муравіка?
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
2.02.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100