Бярозка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бярозка
Бярозка
Вёска, дзе жылі дзяўчынка Алёнка і хлопчык Васілёк, размясцілася на раўніне. Каля вёскі няма нічога асаблівага, толькі адны палі. Затое, калі перайсці праз поле, то патрапіш на пагорак у цудоўны бярозавы гай. Такіх прыгожых стройных белых бяроз не адшукаеш ва ўсёй акрузе!      Увосень дзеці збіраюць у бярэзніку падбярозавікі, нават баравікі часам трапляюць да іх у кошыкі. Васілёк летась цэлы звязак баравікоў насушыў. А Алёнка ўсяго толькі пяць штук адшукала. Што рабіць, няма ў яе такіх зоркіх вачэй, як у Васі. Затое спяваць яна ўмее лепш за ўсіх дзяўчынак. Ды і сама Алёнка прыгажуня, яе русая каса ўжо да пояса дастае.
     Цяпер зіма. Вёску замятае снегам. Амаль што кожны дзень трэба дарожкі ад ганка да брамкі расчышчаць. А за варотамі, на вуліцы, так і казаць няма чаго. Сцежку пратопчаш, а снег на яе зноў насыпле. Вось так і ходзяць дзеці ў школу ўсю зіму. А да школы ў вёсцы не некалькі крокаў, як у горадзе, а некалькі кіламетраў.
     – Алёнка! Пайшлі ў бярозавы гай на лыжах катацца! Нядзеля ўсё ж такі, і надвор'е добрае, мароз і сонца! – прапанаваў Васілёк, калі аднойчы зайшоў у госці да аднакласніцы.
     Надзеўшы лыжныя касцюмы і курткі, дзеці адправіліся на лыжны шпацыр. Ім пашанцавала. Да бярозак праз поле ўжо хтосьці праклаў лыжню. Сам жа гай стаіць на гары. Пракаціцца на лыжах з яе вельмі прыемна!
     Накатаўшыся і трохі прытаміўшыся, Алёнка забралася наверх, да бярозак, ды так і не стала зноў з'язджаць з гары ўніз. Агледзелася. Навокал такая прыгажосць! Белыя бярозы на бліскучым снезе стаяць, быццам снягуркі ў карагодзе. Гэтыя дрэвы заўсёды разам, побач, неразлучныя. "Цяпер ім нялёгка ў такія халады і мароз! – падумала дзяўчынка. – Сумна, бо ніводнай пеўчай птушкі не відаць, толькі завіруха вые ды снегам замятае".
     – Глядзі, Васілёк, якая маленькая Бярозка! Колькі ж ёй гадоў?
     – Я думаю, гадоў дзесяць.
     – Яна такая, як мы! Мы станем дарослымі, і яна вырасце, – усміхнулася Алёнка і пагладзіла тонкі гнуткі стволік дрэўцы.
     Дзеці паехалі дахаты адпачываць і адагравацца. А бярозы засталіся. Ім хавацца няма куды. Тут, на пагорку, іх хата, іх даўні прыстанак.
     – Замерзла? – гэта адна з самых старэйшых сясцёр, вялікая разгалістая бяроза, звярнулася да малой Бярозкі, да той, пра якую казала Алёнка. – Хавайся за маёй спіною! Завіруха снег прынясе, так ты атуліся ім, цяплей будзе. Снег пухнаты, як зімовае футра, ад марозу выратуе. Перазімуем як-небудзь...
     Усю зіму маленькая Бярозка спала і бачыла добрыя сны. Пра тое, як увесну прыляціць цёплы Ветрык, як аблашчыць ён яе галінкі, пацалуе далікатныя зялёныя лісточкі і распавядзе новую казку.
     Аднойчы ўсё, пра што марыла ў сваіх снах Бярозка, пачало спраўджвацца. Неяк адразу пасля халоднай зімы настала бурная вясна. Снег на пагорку хутка растаў і ператварыўся ў ручайкі адталай вады. Павылазілі з халоднай зямлі на цёплае сонячнае святло чарвячкі і жучкі, а потым і зялёная траўка прабілася. Бярозка прачнулася ад зімовага сну, расправіла свае тонкія галінкі, а на іх з'явіліся малюсенькія лісцікі – такія далікатныя празрыстыя і бліскучыя!
     "Мне б такі белы ствол, як у сястрыц, – пазайздросціла малая вялікім бярозам. – Ён у іх яркі, кара тоўстая, белая. І мне б такія завушніцы, як у іх!"
     – Сонейка! – паклікала Бярозка. Яна не пабаялася паглядзець на Сонца і задаць яму сваё пытанне, бо для малой гэта было так важна!
     – Што, Бярозка! – адгукнулася Сонца.
     – Скажы, калі ласка, калі на маіх галінках распусцяцца такія цудоўныя завушніцы, як у маіх сясцёр?
     – Чакай іх, мілая, ужо сёлета, – адказала Сонца і асвяціла праменьчыкамі далікатныя лісточкі маленькай Бярозкі.
     Неўзабаве прыляцеў вясновы Ветрык. Ён распавёў сястрыцам-бярозам, што заўтра з поўдня вернуцца гракі. Яны прынясуць сапраўднае вясновае цяпло.
     Так і здарылася. Назаўтра ў бярозавы гай вярнуліся з цёплых краёў даўнія сябры – гракі. Гэтыя моцныя чорныя птушкі тут жа прыняліся за работу. Хтосьці з іх ўмацоўваў і абнаўляў старыя гнёзды, а хтосьці віў новыя на верхавінах самых высокіх бяроз.
     А тым часам снег на полі ля бяроз паступова растаў, зямля счарнела і насычылася вільгаццю. Прыехалі трактары. Яны разаралі зямлю і засеялі яе насеннем. Цяпер гракі цэлымі днямі скакалі па разараным полі, вышукваючы на зямлі чарвякоў.
     Бярозка расла на ўзлессі бярозавага гаю. Яна глядзела на чорных птушак і думала: "Калі я стану вялікай, з такімі велізарнымі галінамі, як у маіх старэйшых сястрыц, тады і на маёй верхавіне гракі саўюць свае гнёзды і будуць гадаваць у іх птушанят".
     – Не журыся, малая, – шаптаў ёй на вушка цёплы Ветрык. – Ты цяпер такая прыгожая, юная! Навошта спяшацца і станавіцца старой!
     Але Бярозка не слухала Ветрык. Яна разглядала поле. А там ужо зазелянелі першыя ўсходы. І аднойчы, прачнуўшыся раніцай на пачатку лета, малая не пазнала сваё роднае поле. Яно было сінім-сінім, як неба!
     – Што гэта? – здзівілася Бярозка. – Я бачу сотні сініх вачэй! Яны глядзяць на мяне і ўсміхаюцца!
     – Гэта ня вочы, – растлумачыў Ветрык. – Проста лён расцвіў сінімі кветкамі.
     – Лён? Я ніколі не бачыла лён. Тут заўсёды сеялі пшаніцу!
     – А сёлета вяскоўцы вырашылі пасеяць лён.
     – Дзе ж тады пшаніца?
     – Яе пасеялі там, за гарой! – Ветрык паказаў на канец гаю. – Але ты, Бярозка, нічога не ўбачыш. Пшанічнае поле далёка адсюль. Яшчэ на другім баку твайго гаю людзі пасеялі грэчку. Цяпер яна таксама зацвітае вельмі прыгожымі белымі і ружовымі кветкамі.
     – Шкада, што я не ўбачу, як красуе грэчка, – засмуцілася маленькая Бярозка. Яна не ўмела лётаць так, як лётае Ветрык. Але ўсё тое, што малая бачыла перад сабой з вышыні пагорка, было выдатна!
     – Глядзі Ветрык! Буслы кружаць над вёскай! – казала Бярозка, паказваючы на птушак сваёй зялёнай галінкай, на якой ужо выраслі доўгія завушніцы.
     – Хутка будзе навальніца! – пужалася яна, разгледзеўшы за вёскай вялікую чорную хмару і яркую маланку.
     Але больш за ўсё на досвітку Бярозка любіла сустракаць Сонца. Яно ўсходзіла прама перад ёй, і кожны раз асвятляла яе лісцікі першымі прамянямі.
     – Табе пашанцавала, – жартавалі старэйшыя сёстры-бярозы. – Ты раней усіх вітаешся з Сонцам. І таму хутка расцеш.
     Сёстры мелі рацыю. Бярозка вельмі жадала хутчэй вырасці, так яно і атрымлівалася. Яна расла і расла ўгару!
     Прайшло некалькі гадоў, і Бярозку стала не пазнаць. Яна ператварылася ў чароўную дзяўчыну-Бярозку! Ды і дзеці ў вёсцы таксама падраслі. Цяпер там ужо няма дзяўчынкі Алёнкі і хлопчыка Васілька. За вёскай, у бярозавым гаі, гуляюць маладыя дзяўчына і юнак. Узяўшыся за рукі, яны з любоўю глядзяць адзін аднаму ў вочы і гавораць далікатныя словы пра каханне. Так, так! Цяпер яны – жаніх і нявеста!
     – Памятаеш, Васілёк, мы казалі пра Бярозку. Яна была малой. А цяпер паглядзі на яе! Як яна вырасла і расцвіла! – Алёна падвяла хлопца да прыгажуні маладой Бярозкі.
     А само дрэўца, не верачы словам маладых людзей, засаромелася, замахала лісцікамі. Маўляў, гэта не я, не я!
     – Як жа не! Яны пра цябе кажуць, Бярозка! Ты адна ў нас такая дзяўчына-прыгажуня! Постаць твая гнуткая, кара гладкая белая, ніводнай маршчынкі! А завушніцы – мяккія як шоўк, зялёная лістота – яркая бліскучая, пералівістая! Ты падобная на казачную прынцэсу! Мы ганарымся табою! – з захапленнем шапталі ёй старэйшыя сёстры. І яны мелі рацыю.
     – Прыгажуня! Яна прыгажуня! – паўтараў Ветрык, далікатна лашчачы зялёныя кучары дрэўца. – Я кахаю цябе, Бярозка! – ласкавы голас Ветрыка паляцеў па гаі.
     Але што гэта? Не, у голасе Ветрыка чутныя яшчэ іншыя словы:
     – Я кахаю цябе, Алёнка! Я кахаю цябе, Васілёк! Я кахаю цябе!!!
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.01.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100