Касмічны карабель тваёй мары - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Касмічны карабель тваёй мары
Касмічны карабель тваёй мары
У космасе ляталі асколкі метэарытаў. Маша бачыла іх з акна касмічнага карабля. Яна з мамай і татам ляцела з планеты Афрадыты, на якой нарадзілася, у госці да бабулі на планету Зямля. А бабуля ўжо чакала сваіх дарагіх гасцей. Круглы стол у садзе быў накрыты белым ільняным абрусам і абстаўлены рознымі прыгатаванымі ёю стравамі. Бацькі Машы, выйшлі з карабля і, расцалаваўшы бабулю, адразу ж уселіся за стол, а Маша пабегла ў сад.      Тут для яе было ўсё цікава! Гэтыя квітнеючыя пахкія яблыні, вішні, злівы, маленькія матылькі і стракозы, конікі, а галоўнае – птушкі! Нічога такога на яе планеце не было. Маша толькі другі раз у жыцці прыляцела на Зямлю, і ад радасці ў яе перахоплівала дыханне. Ёй хацелася бегаць і скакаць вакол гэтай прыгажосці!
     Суседскі хлопчык Янка, убачыўшы Машу, адразу ж падышоў да яе. Яны пазнаёміліся ў мінулы прыезд дзяўчынкі. Дзеці гутарылі без перапынку, распавядаючы адно аднаму навіны, якія адбыліся за гэты час на іх планетах. А потым Янка прызнаўся, што марыць калі-небудзь адкрыць новую планету і пасяліцца на ёй. Маша слухала і ў думках таксама марыла патрапіць на тую планету, дзе паселіцца яе сябар.
     Цэлы месяц дзяўчынка гасцявала ў бабулі і вельмі моцна пасябравала з Янкам. Ім было цікава і добра разам. Яны вырашылі, што калі вырастуць, абавязкова пажэняцца, а зараз будуць звязвацца па тэлефоне.
     І вось надышоў дзень Машынага адлёту. Янка праводзіў сваю сяброўку і доўга глядзеў, як касмічны карабель імчыць Машу і яе бацькоў у той бок, дзе за некалькі тысяч светлавых гадоў ад Зямлі размясцілася іх планета Афрадыта.
     Хлопчык ведаў, што Машына планета – гэта белы пухнаты шарык. На яе паверхні няма нічога, акрамя густой заслоны, падобнай на смугу. Як гэта ні дзіўна, але ўсё жыццё на Афрадыце хаваецца ўсярэдзіне планеты. Там знаходзяцца вуліцы, дамы, машыны, людзі, жывёлы і яшчэ шмат чаго іншага, неабходнага для жыцця. Галоўная ж добрая якасць Машынай планеты заключаецца ў тым, што на ёй ніхто ніколі не ваяваў, не сварыўся і не меў шкодных звычак. Усе жыхары Афрадыты ставяцца адно да аднаго з вялікай павагай і разуменнем. Гарады і жыллё планеты блішчаць чысцінёй. Усё было б выдатна, але чыстага неба над галавой, аблокаў і птушак, такіх як на Зямлі, у Афрадыты на жаль няма. Вось таму Машу і цягнула на Зямлю да бабулі, да яе сябра Янкі і, вядома ж, да блакітнага неба і птушак.
     Але потым здарылася так, што мама Машы захварэла, і дзяўчынцы некалькі гадоў запар прыйшлося ва ўсім ёй дапамагаць. Таму Машанька не змагла больш наведваць сваю бабулю і сябра. Яна толькі тэлефанавала да іх, а яны да яе.
     Так прайшло некалькі гадоў. Машына бабуля састарэла і памерла, а дзяўчынка з хлопчыкам выраслі. Аднак Янка ўсё гэтак жа, як у дзяцінстве, марыў аб уласным караблі, на якім змог бы паляцець да далёкіх невядомых планет. На зямным шары, хоць ён быў блакітны і прыгожы, людзі часта ваявалі, разбуралі і псавалі прыродную прыгажосць, забівалі адно аднаго. Гэта вельмі не падабалася юнаку. Ён марыў адшукаць у Сусвеце такую планету, дзе б панавалі мір і згода паміж ўсімі жыхарамі, як на Афрадыце, вось толькі было б цёпла, прыгожа і сонечна, як на Зямлі.
     З цягам часу хлопец стаў дарослым чалавекам, але ж выканаць запаветную мару ўсяго свайго жыцця ніколі не позна. Янка шмат працаваў і, урэшце, змог пабудаваць касмічны карабель сваёй мары. Вырашыўшы забраць з сабой Машу, хлопец адправіўся ў вандраванне па Сусвеце. Ім пашанцавала. Янка з Машай адшукалі дзіўную планету. На ёй былі выдатныя расліны, па светлым небе ляталі пухнатыя аблокі, якраз як на Зямлі, а жыхары аказаліся добрапрыстойнымі і разумнымі. Янка з Машай былі вельмі рады, што ім пашчасціла знайсці такую выдатную планету, і без роздумаў засталіся на ёй жыць. А неўзабаве ў іх нарадзіліся дзеці – добрыя і вельмі цямлівыя.
     Непрыкметна прабег час. Вось і дзеці Янкі з Машай выраслі. І дзецям, як некалі іх бацькам, захацелася куды-небудзь злятаць. Тым больш, што яны ўжо сканструявалі для гэтага такі высакахуткасны карабель, пра які іх бацькі ў свой час маглі толькі марыць.
     Аднаго цудоўнага дня дзеці Машы і Янкі паляцелі працягваць справу сваіх бацькоў – асвойваць абшары Сусвету – на сваім суперхуткасным касмічным караблі. А іх бацькам толькі і засталося што чакаць ад іх вестак.
     Праз некаторы час ад дзяцей прыйшло паведамленне, што Зямля, радзіма Янкі, расквітнела, на ёй спыніліся ўсе войны. А белая заслона над Машынай планетай рассеялася, і над ёй утварылася чыстае неба. Але дзецям Янкі і Машы здавалася, што для шчасця гэтага недастаткова. Яны шукалі для сябе такую планету, на якой была б поўная гармонія прыгажосці, шчасця і кахання.
     І што ж? Дзеці, урэшце, знайшлі тое, што шукалі, такую суперфантастычную планету, і пасяліліся на ёй. А іх бацькі, Маша з Янкам, даведаўшыся пра гэта, не хавалі радасці за сваіх дзяцей.
     – Няхай іх жыццё будзе шчаслівейшым і больш гарманічным, чым наша! – казалі яны знаёмым і сябрам. Самі ж бацькі так і засталіся жыць на калісьці адкрытай імі планеце, якая стала для іх роднай.
     Кожны вечар Маша з Іванам выходзяць са свого дома, каб паглядзець у неба, убачыць знаёмыя планеты і ўлавіць спецыяльным прыборам чыстыя і звонкія, быццам галасы птушак, гукавыя сігналы, якія далятаюць да іх з усіх бакоў Сусвету. Старыя ведаюць, што гэта іх дзеці і сябры пасылаюць ім "чароўныя музычныя прывітанні" са сваіх далёкіх планет.
     
      Гэтая казка на рускай мове
14.01.15
Каталог TUT.BY Rambler's Top100