Нябесныя кветкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нябесныя  кветкі
Нябесныя кветкі
     
     РОЗНАКАЛЯРОВЫ ЛУЖОК
     Увесну, калі сонейка растопіць снег, у лесе распускаюцца лугавыя кветкі. Усе яны такія розныя і, вядома ж, вельмі прыгожыя! Кветкі глядзяць на цябе і ўсміхаюцца. І ты ўсміхніся ім у адказ!
     
Жылі-былі на бязмежным небе жоўценькае Сонейка і сіняя Аблачына. Цэлымі днямі яны лёталі па чыстым небе, але ніколі не сустракаліся. Таму што Сонейка для сваіх шпацыраў заўсёды выбірала самую высокую нябесную сцяжынку, а Аблачына – самую нізкую.      Неяк ранняй вясной паглядзела светлае Сонейка ўніз на Зямлю і падумала:
     – Мне не падабаецца, як яна выглядае. Занадта шмат на Зямлі чорнага невясёлага колеру. Будзе лепей, калі я падару ёй свае яркія праменьчыкі. Яны даляцяць да паверхні Зямлі і ператворацца ў ярка-жоўтыя кветкі.
     Прыляцелі на палянкі і лугі сонечныя праменьчыкі і ператварыліся ў жоўтыя дзьмухаўцы. Глядзяць дзьмухаўцы на Сонейка, усміхаюцца, песенькі спяваюць. А галоўкі ў іх аксаміцістыя, яркія, нібы маленькія сонейкі!
     Убачыла сіняя Аблачына жоўтыя дзьмухаўцы і падумала:
     – І я таксама магу паслаць на Зямлю свае вадзяныя кропелькі-пырскі. Яны даляцяць да палянак і лугоў і ператворацца ў ажурныя сінія кветачкі. Паляцелі кропелькі-пырскі з Аблачыны на Зямлю і рассыпаліся па палях і лугах сінімі ажурнымі кветачкамі, васількамі. Папрыгажэла Зямля!
     Паглядзела Сонейка, як Аблачына сяліла на Зямлі васількі, падляцела да яе, прывіталася:
     – Добры дзень, сіняя Аблачына! Якія прыгожыя ў цябе атрымаліся кветкі! Яны падобныя на сняжынкі, толькі сіняга колеру.
     – І твае жоўтыя дзьмухаўцы вельмі цудоўныя! – пахваліла Аблачына Сонейка.
     Пасля такога добрага знаёмства Сонейка з Аблачынай сталі сябрамі. Цяпер кожны дзень яны шпацыравалі па небе па адной і той жа сцяжынцы. І аднойчы вырашылі разам пасяліць на Зямлі новую кветку.
     – Я размалюю сярэдзінку кветкі ў жоўценькі колер, а ты пафарбуеш пялёсткі ў белы, – прапанавала Сонейка.
     – Але я ж сіняя, а не белая? – запярэчыла Аблачына.
     – Няпраўда, Аблачына! Ты стала белай, твае сінія кропелькі нагрэліся і ператварыліся ў белую пару! – распавяло Сонейка.
     І сапраўды. Побач з Сонейкам Аблачына разагрэлася і стала беленькай і пухнатай.
     Так на Зямлі з'явіліся новыя вельмі прыгожыя кветкі – белыя рамонкі. Разляцеліся яны па палях, па сенажацях, па лугах і пасябравалі з жоўценькімі дзьмухаўцамі і сінімі васількамі.
     Зараз кожны год увесну на Зямлі расцвітаюць яркія нябесныя кветкі: жоўценькия дзьмухаўцы, сінія васількі і белыя рамонкі. Яны глядзяць угару, шукаюць там Сонейка з Аблачынай і пасылаюць ім свае паветраныя пацалункі.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
16.12.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100